Грашовая планка ў цэнтры бізнес-плана

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Чым жыве сённяшняя сельская бібліятэка? Якім бачыцца яе заўтрашні дзень? Адказы на гэтыя больш чым злабадзённыя пытанні “К” імкнецца даваць на сваіх старонках рэгулярна. Такая ўвага да развіцця бібліятэчнай справы мае, безумоўна, канкрэтнае тлумачэнне: бібліятэкары валодаюць інфармацыяй, а гэта выводзіць на шэраг функцый у жыцці грамадства, якія, акрамя непасрэдна кнігавыдачы, яны выконваюць ва ўмовах рэгіёна. Гаворка тут не толькі пра пашырэнне сферы духоўнага ўплыву на чытача, але — аб сістэмнай дзейнасці ў новых эканамічных умовах. 18 чэрвеня мы чарговы раз паспрабавалі прааналізаваць стан бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва. Зрабілі гэта ў традыцыйным фармаце рэдакцыйнага “круглага стала”. Удзел у абмеркаванні бралі намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір ШЫШКІН, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман МАТУЛЬСКІ, дырэктар Светлагорскай ЦБС Людміла ДАДАЛКА, загадчык аддзела маркетынгу Бярозаўскай ЦБС Ала ДРАГАН, загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка “Лань” Нясвіжскага раёна Алена ТАРАСЕВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура” Яўген РАГІН і яе спецыяльны карэспандэнт Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ.

Яўген РАГІН:

- Першае пытанне хачу задаць Алене Тарасевіч, якая на вёсцы - галоўная кніжніца. Ці ўсе ведаюць у зоне вашага абслугоўвання, Алена Мікалаеўна, што ў аграгарадку "Лань" ёсць бібліятэка?

Алена ТАРАСЕВІЧ:

- Канешне. Жыхароў у нас 1200, а чытачоў, калі ўлічваць дзяцей з летніка,- 800. Дарэчы, ёсць чытач, якому 92 гады... Пазнаёмілася з кожным вяскоўцам за 12 гадоў працы, і пешшу вёскі абышла, і на бібліобусе аб'ездзіла. У выніку маю вялізны летапісна-краязнаўчы альбом.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На якія ўзростава-сацыяльныя групы падзялілі б сваіх чытачоў?

Алена ТАРАСЕВІЧ:

- У асноўным, гэта школьнікі і людзі, што працуюць у мясцовай сельскай гаспадарцы... Трэцяя катэгорыя - пенсіянеры, і толькі потым, на жаль, - моладзь, што з'язджае вучыцца ў горад і бярэ ў нас толькі тую літаратуру, якую не знаходзіць у сваіх навучальных установах... Словам, асноўная чытацкая катэгорыя - працаздольныя вяскоўцы, пароўну мужчын і жанчын, бо імкнуся захоўваць гэтую прапорцыю.

Яўген РАГІН:

- Наколькі чытач уплывае на бібліятэчны працэс? Ці вы пастаянна дыктуеце яму сваю тактыку?

Алена ТАРАСЕВІЧ:

- Сядзець склаўшы рукі і чакаць прапаноў збоку не выпадае. Паколькі вельмі люблю краязнаўства, дык і ўсю кніжную справу імкнуся ладзіць у гэтым рэчышчы.

/i/content/pi/cult/273/4252/20-1.jpgУладзімір ШЫШКІН:

- А што замінае працаваць?

Алена ТАРАСЕВІЧ:

- Не задавальняе нізкая хуткасць Інтэрнета, бо шукаю, напрыклад, для студэнта-завочніка літаратуру ў Сеціве і часу губляю процьму.

Ала ДРАГАН:

- А хуткасны Інтэрнет каштуе немалых грошай...

Алена ТАРАСЕВІЧ:

 - Натуральна, падключэнне да яго трэба адпрацоўваць.

Раман МАТУЛЬСКІ:

- Бібліятэку нельга разглядаць як камерцыйнае інтэрнет-кафэ. Для гэтага ёсць іншыя ўстановы.

Яўген РАГІН:

 - І зноў - бы пра зачараванае кола: на хуткасны Інтэрнет, без якога не выпадае казаць пра якасць паслуг, патрэбны грошы, іх неабходна зарабіць... Хочаш-не хочаш, гаворка - пра камерцыялізацыю бібліятэчных структур. Іншая справа- пошук "залатой сярэдзіны", дзе спалучалася б духоўнае і матэрыяльнае.

Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Давайце ўявім бібліятэку як бізнесструктуру: ёсць ідэя, бібліятэкар для яе рэалізацыі бярэ ў банку крэдыт, ажыццяўляе задуму, атрымлівае прыбытак, вяртае банкаўскі працэнт... Хіба мы працуем па гэтай схеме?

Ала ДРАГАН:

 - Але план па аказанні платных паслуг трэба выконваць...

/i/content/pi/cult/273/4252/20-2.jpgЛюдміла ДАДАЛКА:

- Больш за тое: ставіцца задача перавесці нашы ўстановы на самаакупнасць.

Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Самаакупнасць - гэта рынак. А бібліятэка абавязана рушыць наперад праз ідэю асветы, рабіць чалавека лепшым, узвышаць яго патрэбы, а не задавальняць іх.

Яўген РАГІН:

 - Я цалкам згодны, што сённяшнія камерцыйныя фонды бібліятэк якраз патрэбы і задавальняюць, і патрэбы гэтыя - далёкія ад высокадухоўных... Але, да прыкладу, не ўсе спецыялісты сферы трымаюцца думкі, каб дзеці плацілі за бібліятэчныя паслугі. Дарослыя - калі ласка, а юны чытач - субстанцыя тонкая, да рынкавых адносін ніяк не прыстасаваная. Дбаць тут, маўляў, варта пра іншае: каб дзеці нашы канчаткова на кнігу не забыліся.

Людміла ДАДАЛКА:

- Калі бібліятэка імкнецца зарабіць для сваіх мэт грошы, дык гэта абсалютна не першачарговая задача. Хоць даўно ўжо пачалі імкнуцца "навязаць" таму ж завочніку максімум платных паслуг, бо план абавязвае інфармацыю прадаваць... Дарэчы, і камерцыйны кніжны фонд павінен быць, бо ў яго заўжды будзе свой сталы чытач. Але першарадныя нашы аб'екты - не грошы, а кніга і чалавек, што мае ў ёй штодзённую патрэбу.

Яўген РАГІН:

- Між тым, Светлагорская ЦБС пры наяўнасці 40 тысяч чытачоў зарабляе ў год па 50 мільёнаў рублёў...

Людміла ДАДАЛКА:

 - І я лічу, што гэтая грашовая планка - даволі крытычная: вышэй, на мой погляд, скочыць нельга, бо сапраўды ператворымся ў бяздумную камерцыйную структуру.

/i/content/pi/cult/273/4252/20-3.jpgРаман МАТУЛЬСКІ:

- Я ніякім чынам не супраць разумнай колькасці відаў бібліятэчных платных паслуг. Але яны іншым разам наўпрост шкодзяць нашай непасрэднай справе... Асноўная паслуга - ксеракс на самаабслугоўванні, але гэта смерць для кнігі, якая не разлічана на грубае выламванне пры капіраванні. Пара такіх "паслуг" - і кніга зламана. І тут патрэбны капіталаўкладанні. У Германіі, да прыкладу, спецыяльная бібліятэчная служба з такой нагоды займаецца перадбібліятэчнай падрыхтоўкай кніг для публічнага карыстання: прашываюць, ламініруюць, пераплятаюць выданні, і толькі пасля гэтага яны трапляюць у фонды.

Ала ДРАГАН:

- Зарабляем не толькі з дапамогай кніг, але і за кошт масавых мерапрыемстваў. Працуюць у нас Тэатр Слова і літаратурна-паэтычная група, ёсць гульнёвыя праграмы для дзяцей. Не сакрэт, што іншым разам ахвяруем якасцю сапраўды бібліятэчных форм работы, бо гонімся за забаўляльным "экшнам".

Яўген РАГІН:

 - Не ахвяруйце. Што замінае сумяшчаць?

Ала ДРАГАН:

- Сумяшчаем: у якасці сцэнарыстаў, чытальнікаў не абмінаем клубную сцэну, у аграгарадках дэманструем краязнаўчыя мультымедыйныя прадукты.

Яўген РАГІН:

 - Я заўжды імкнуўся вось што давесці: бібліятэкар, калі ён на сваім месцы, павінен быць творцам. І справа тут у тым, каб дыктаваць чытачу сваю палітыку, яркую па форме і змесце, якая прывабіць да кніжных паліц яшчэ большую колькасць людзей...

Ала ДРАГАН:

- Такіх творчых акцый па "выхадзе ў людзі" ў нас заўжды шмат, пра кожную імкнуся пісаць у "Культуры". У папярэднім нумары змешчана мая нататка пра выезд бібліобуса ў аддаленыя вёскі. Баялася, што на нашы мерапрыемствы адзінкі прыйдуць, але ледзь не ўсе жыхары сабраліся! Выезды, асноўны глядач якіх - пенсіянер, былі, безумоўна, бясплатнымі, аднак мы зрабілі цудоўную рэкламу бібліятэцы.

Яўген РАГІН:

 - Ці задаволены вы станам сённяшняй рэгіянальнай бібліятэчнай установы?

/i/content/pi/cult/273/4252/21-1.jpgАлена ТАРАСЕВІЧ:

- Камплектаванне ў нас - цудоўнае: пры норме 230 - 250 кніг у год на сельскую бібліятэку я менш за 400 выданняў не атрымліваю. Хоць і невялічкая ў мяне ўстанова, аднак агульны фонд - 12 тысяч. Ёсць кнігі коштам 100 тысяч рублёў.

Яўген РАГІН:

 - А нараканні ад чытачоў ёсць? Маўляў, той або іншай патрэбнай кнігі ў фондзе няма...

Ала ДРАГАН:

- З дапамогай міжбібліятэчнага абанемента любое выданне дастаўляецца цягам тыдня...

Людміла ДАДАЛКА:

- Я- таксама пра фонды, але ў іншым ракурсе. Яны ў сельскіх бібліятэках у большасці сваёй састарэлі, бо фарміраваліся ў другой палове мінулага стагоддзя. Грошай тады хапала, і закуплялася па сотні экземпляраў аднаго наймення. Што з імі цяпер рабіць? Бяда, па-мойму, любой сельскай бібліятэкі.

Яўген РАГІН: - Там-сям у ЦБС узнікаюць ідэі стварэння букіністычных структур...

Уладзімір ШЫШКІН:

- Ідэя, безумоўна, - цудоўная, але заканадаўча пакуль не прапрацаваная. Больш рэальнае, як падаецца, - ажыццяўленне ЦБС абмену дублетнымі экземплярамі. Пераразмеркаванне літаратуры ў межах раёнаў - з'ява нармальная...

Ала ДРАГАН:

- Мы, напрыклад, пазітарны фонд ствараем на базе адной з сельскіх бібліятэк, дзе плошча дазваляе ўтрымліваць гэтыя кнігі (у тым ліку і выданні, што засталіся пасля скасавання некалькіх бібліятэчных устаноў). Натуральна, нагрузка на аддзел камплектавання і апрацоўкі вельмі вялікая, бо кожны экземпляр на ўлік трэба паставіць...

Уладзімір ШЫШКІН:

- Рэй у нашай справе заўжды будзе весці асоба.

Ала ДРАГАН:

- А я хачу ўзняць праблему сучаснай маладой сям'і, якая не чытае, дзе бацькам - па 30 - 40 гадоў. Вось дзеткі і не любяць кнігу ў такіх сем'ях.

/i/content/pi/cult/273/4252/21-2.jpgЯўген РАГІН:

 - Што рабіць у гэтым выпадку?

Ала ДРАГАН:

 - У іншых краінах ствараюць мадэльныя профільныя ўстановы: скажам, бібліятэкі сямейнага чытання, краязнаўчыя, экалагічныя... Мы таксама да гэтага падступаемся. Да прыкладу, Спораўская бібліятэка мае экалагічны кірунак. А ў Вайцяшыні пры бібліятэчнай установе дзейнічае этнаграфічны музей. Звыш за 700 экспанатаў сабрала сама бібліятэкарка.

Уладзімір ШЫШКІН:

- Пэўныя бібліятэкі замежжа даўно сталі сацыяльна-выхаваўчымі цэнтрамі на сяле.

Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Бібліятэчная цэнтралізацыя пачыналася ў 1970-х гадах і менавіта ў Беларусі. У выніку знівеліраваліся нашы ўстановы, сталі падобнымі па тыпавых штатах, фондах і структурах. Мы - палоннікі таго яшчэ "тыпавога" стаўлення, прычосвання пад адзін грабянец. А кожная вёска сваю адметнасць мае, што не можа не ўплываць і на бібліятэчную справу... Еўрапейскія сельскія бібліятэкі цалкам залежаць ад мясцовых органаў улады, і грамада сама вырашае, якая ёй патрэбна бібліятэка...

Яўген РАГІН:

 - Ды нашы бібліятэкары самі, без прымусу, выйшлі на ўзровень творчай самастойнасці. Не ўсе, натуральна, а тыя, хто лічыць сябе прафесіяналам.

Ала ДРАГАН:

- Дык вось, пра заўтрашні дзень профільнай бібліятэкі. У нашай сістэме - 42 установы. Я для сябе падзяліла іх на тры ўмоўныя катэгорыі: 15 перспектыўных бібліятэк, поліфункцыянальных, што знаходзяцца ў аграгарадках раёна (праўда, з 15 гэтых устаноў толькі 6 аўтаматызаваныя, а Інтэрнет ёсць у пяці); ёсць 9 бібліятэк неблагіх, якія знаходзяцца ў большменш буйных вёсках з базавымі і нават сярэднімі школамі, але тут няма аўтаматызацыі; трэцяя катэгорыя - дробныя бібліятэчкі, што абслугоўваюць насельніцтва 24 вёсак, і матэрыяльная база гэтых устаноў апошнім часам не паляпшалася... Але я вельмі люблю гэтыя бібліятэчкі, бо яны засталіся цэнтрамі міласэрнасці, хоць з часам іх заменіць бібліобус.

Яўген РАГІН:

 - Шмат у якіх раёнах пачынаюць дзейнічаць бібліятэчныя мультымедыйныя цэнтры... Кніга электронная і кніга папяровая - вы бачыце істотную розніцу?

Ала ДРАГАН:

- Мне асабіста больш даспадобы, калі дзіця гартае папяровыя, а не электронныя старонкі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Хіба ж час можна спыніць? Галоўнае - каб чыталі, і няма тут, на мой погляд, істотнай розніцы- электронны носьбіт або папяровы.

Уладзімір ШЫШКІН:

- Цалкам згодны.

/i/content/pi/cult/273/4252/21-3.jpgАла ДРАГАН:

 - А я сумняваюся, што ў нас ёсць сёння магчымасць па стварэнні такіх мультымедыйных чытальных залаў.

Яўген РАГІН:

- Як тады змагацца за маленькага чытача?

Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Патрэбны сур'ёзныя капіталаўкладанні, патрэбны ўласныя грошы.

Яўген РАГІН:

- Мо цэнтралізацыя вашай сістэмы і патрэбна для таго, каб пазабюджэтныя сродкі "атрымлівала" менавіта ЦБС?

Ала ДРАГАН:

 - А раней так і было: грошы канцэнтраваліся на спецрахунку ЦБС. Цяпер ён агульны для аддзела культуры, і мы час ад часу просім сродкі: на рэкламу, на ўзнагароды для лепшых чытачоў... Кожныя два гады складаем мэтавыя бібліятэчныя праграмы, але фінансаванне іх пакідае жадаць лепшага. А вось на набыццё апаратуры патрэбу ў грошах і ўвогуле немаведама якім спосабам трэба даводзіць.

Раман МАТУЛЬСКІ:

- Вось мы і прыйшлі да высновы, што бібліятэка, хоць і ўстанова духоўнай сферы, але аб'ект самы што ні ёсць матэрыяльны, і без грошай тут анічога не зробіш... Калісьці стварэнне магнацкіх бібліятэк было барацьбой за сферы ўплыву... Калі грамадства хоча фарміраваць сваю сістэму каштоўнасцей, лепшага інстытута, чым бібліятэка,- няма. Гэта - ідэалогія. Бібліятэка - вельмі часта адзіны сацыяльны інстытут, што існуе ў вёсцы.

Яўген РАГІН:

 - Пра гэта і гаворка. Аказанне платных паслуг не павінна, у той жа час, замінаць стварэнню сацыяльна-значных каштоўнасцей.__

Людміла ДАДАЛКА:

 - Тая самая крытычная планка, пра якую я казала.

 Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Вясковая бібліятэка - элемент сацыяльнага стандарту. Дзяржаўная мэта - захаваць вёску. Але любая яе ўстанова мусіць быць не горшай, а, пажадана, лепшай за гарадскую. Моладзь павінна атрымаць увесь набор сацыяльных стандартаў. Патрэбна інфраструктура, сучасныя камунікацыі для якасных бібліятэчных паслуг, якасныя дарогі для мабільных бібліятэк.

/i/content/pi/cult/273/4252/21-4.jpgЮрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Натуральна, функцыянаванне ўстаноў культуры - пытанне, так бы мовіць, міжгаліновае, агульнае...

Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Але мы павінны зыходзіць з рэальных магчымасцей.

Яўген РАГІН:

 - У тым ліку і з кадравых.

Раман МАТУЛЬСКІ:

- Безумоўна. У чалавека ёсць матывацыя - ён будзе займацца бібліятэчнай справай. І я ў першую чаргу - пра маладыя бібліятэчныя кадры. Сітуацыя не надта радасная: кожны шосты сельскі бібліятэкар не мае сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Уладзімір ШЫШКІН:

- Сярод іх, безумоўна, ёсць неблагія практыкі з вялікім досведам. Але мы сёння кажам пра заўтрашні дзень сельскай бібліятэкі. А яго немагчыма ўявіць без інавацый, крэатыўнага ўспрыняцця сучаснасці.

Раман МАТУЛЬСКІ:

 - Ёсць праявы, урэшце, прафесійнай інертнасці: людзі чакаюць, калі ім прапануюць гатовыя "рэцэпты" крэатыўнай дзейнасці.

Ала ДРАГАН:

- Гэтыя рэцэпты нашы метадысты даюць.

Раман МАТУЛЬСКІ:

- І пра метадыстаў скажу. Не хачу пакрыўдзіць усіх, але мы ладзім пэўныя замеры прафесійных ведаў, уменняў, навыкаў... У розных рэгіёнах, у розных бібліятэках яны - розныя. Адзін толькі прыклад: Віцебшчына сёлета набыла 0,1 працэнта навукова-метадычных выданняў. Сярод іх - нарматыўна-прававое забеспячэнне дзейнасці бібліятэк, метадычныя рэкамендацыі па аказанні платных паслуг, зборнік электронных матэрыялаў да Дня Перамогі... Як працуюць у сельскіх бібліятэках тыя метадысты, што не набылі прафесійнай літаратуры, не выпісалі прафесійнага часопіса, газеты? У выніку пэўны сельскі бібліятэкар не здольны ўспрыняць прафесійны тэкст, не можа працаваць з камп'ютэрнымі базамі, Інтэрнетам, не ўяўляе, што такое бібліятэчная інавацыя...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пад час нашых камандзіровак нярэдка даводзіцца чуць ад бібліятэкараў: пішыце пра нас часцей, не ведаем збольшага, чым калегі з іншых абласцей жывуць, што новага прыдумалі. Так што і пэўная інфармацыйная ізаляцыя прысутнічае.

Раман МАТУЛЬСКІ:

- Пра бачанне нейкіх перспектыў тут, безумоўна, цяжка казаць...

Яўген РАГІН:

- Але ў той жа Віцебскай вобласці бібліятэкарам даплачваюць за спецыяльную адукацыю.

Раман МАТУЛЬСКІ:

- На жаль, не заўжды гэтыя грошы гарантуюць вынік.

Ала ДРАГАН:

- А я не згодная. Нашы метадысты абагульняюць вопыт, рэкламай займаюцца, ладзяць праверкі ў вясковых установах, сістэматычна вучаць кадры, а заробкі атрымліваюць зусім невысокія.

Яўген РАГІН:

- Проста прафесіяналізм, на жаль, пакуль грашыма не вызначаецца.

Алена ТАРАСЕВІЧ:

 - Як сельская жыхарка зазначу, што адсутнасць адукацыі ў бібліятэкара - не кляймо. А вось да кепскага чалавека людзі не пойдуць.

Яўген РАГІН:

 - Усё гэта так. Але гаворка - пра большае: пра стратэгічнае бачанне заўтрашняга дня ўласнай установы. Для таго, каб здзівіць патэнцыйнага чытача, уцягнуць яго ў вір цікавых кніжных спраў, аднаго толькі стажу цяпер мала.

Алена ТАРАСЕВІЧ:

- З гэтай нагоды хацелася б большых кантактаў з калегамі на абласным узроўні. А ў раёне мы часта збіраемся, заўжды заходзім да метадыстаў.

Ала ДРАГАН:

- На Брэстчыне няблага, як мне падаецца, наладжана сістэма павышэння прафесійнай кваліфікацыі - абласныя курсы. Наш раён штогод скіроўвае туды двух-трох сельскіх бібліятэкараў.

Яўген РАГІН:

- Але факт застаецца фактам: людзі развучваюцца чытаць, і вы, думаецца, не можаце не адчуваць з-за гэтага ўласнай прафесійнай віны.

Людміла ДАДАЛКА:

- Так, у чытальных залах людзі сталі сядзець менш. Відаць, тэмп жыцця іншы: чытач зайшоў у Інтэрнет, раздрукаваў тэкст - і ўсё.

Яўген РАГІН:

 - Цікава, як сельскі бібліятэкар павінен будаваць шараговы працоўны дзень?

Ала ДРАГАН:

- Павінен абслужыць пэўную колькасць чытачоў, камусьці кніжку дахаты аднесці. Запрашае школьны клас на нейкае мерапрыемства, загадзя падрыхтаванае. Дзве гадзіны ідзе на самаадукацыю. Заўжды паўтараю бібліятэкарам: самі чытайце! Бо "галоўны герой" любога нашага мерапрыемства - кніга... Да ўсяго, рэгулярна мусіць змяняцца кніжная экспазіцыя, павінен прадумвацца макет выстаўкі. Пэўны час, скажам, ідзе на падрыхтоўку да раённага семінара з мультымедыйнай прэзентацыяй уласнай установы. Метадысты ў гэтым дапамагаюць... Вечарам - дыскатэка ў клубе... Бібліятэкар - я падлічыла - уключаны на сваім узроўні ў рэалізацыю дзевяці дзяржаўных праграм! Адна з іх, да прыкладу, звязана з барацьбой з наркаманіяй і абаротам наркатычных сродкаў. Дык вось, бібліятэкар пад час дыскатэкі кантактуе з моладдзю... Словам, клопату хапае.

Яўген РАГІН:

 - А як часта правяраецца дзейнасць сельскіх бібліятэк?

Ала ДРАГАН:

- На чэрвень запланавала сабе каля 15 выездаў, бо цяпер у нас праходзіць конкурс аматарскіх аб'яднанняў "Бібліятэка - тэрыторыя захаплення".

Алена ТАРАСЕВІЧ:

- У мяне - адно дзіцячае аб'яднанне, адно дарослае: адраджаем мясцовыя творчыя традыцыі, у тым ліку кулінарныя рэцэпты. Хутка кніжку можна будзе выдаваць.

 Яўген РАГІН:

- А як стымулюецца творчы пошук?

Людміла ДАДАЛКА:

 - Два сельскія бібліятэкары атрымліваюць у раёне персанальную надбаўку па працоўных выніках мінулага года. У адной установе створаны музей "Дзедава хата" (тут шлюбы рэгіструюцца), другая выйграла конкурс на званне лепшай бібліятэкі. Гэтыя надбаўкі выплачваюцца цягам года, а ёсць і штомесячныя даплаты па выніках укладу ў агульную справу.

Ала ДРАГАН:

- Наколькі гэта натуральна: ладзіць у бібліятэчным музеі шлюбны абрад? Я лічу, што ў аснове любога нашага мерапрыемства кніга павінна быць.

Уладзімір ШЫШКІН:

- Чаму? Мы ж кажам пра тое, што сельская бібліятэка - сацыяльны цэнтр сельскага жыцця. Калі гэты абрад адроджаны бібліятэчнымі краязнаўцамі, калі занатаваны і стаў набыткам мясцовага летапісу, дык ён досыць арганічна выглядае ў кантэксце духоўных сацыяльна-значных спраў.

Людміла ДАДАЛКА:

- Сёлета мы абвясцілі па ЦБС два конкурсы: на лепшы летапіс сяла і на лепшы запіс мясцовых абрадаў і святаў для стварэння электроннай базы даных. Хто ж апрача бібліятэкараў будзе гэтым сістэмна і грунтоўна займацца?

Уладзімір ШЫШКІН:

 - Менавіта так... Якія дэмаграфічныя змены ні адбываліся б, сельскія бібліятэкі, неаспрэчна, застануцца. Іх у нас- 83 працэнты ад агульнай лічбы публічных бібліятэк. Так, іх колькасць скарачаецца. Адна бібліятэка абслугоўвае ў сярэднім 5- 6 населеных пунктаў, бібліобусы сталі звыклай справай. У сельскіх бібліятэках з'явілася камп'ютэрная тэхніка. Кожная пятая ўстанова мае выхад у Інтэрнет. У выніку рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла на Беларусі з'явілася больш за 930 аграгарадкоў з пэўнай інфраструктурай і прыстойным бібліятэчным тэхзабеспячэннем... Мы шмат сёння казалі аб сённяшнім дні сельскай бібліятэчнай установы, аб праблемах, што замінаюць развіццю бібліятэчнай справы. Так, пэўныя ўстановы пакуль не маюць тэлефоннай сувязі, задавальняюцца пячным ацяпленнем, хапае праблем з кадравым забеспячэннем... Што да перспектыў, дык сельская бібліятэка, на мой погляд, не павінна страціць сваю народнасць, адухоўленасць, дбайную прафесійнасць... Натуральна, мы хацелі б, каб нашы сельскія бібліятэкі мелі ўзорную матэрыяльную базу, унікальныя аўдыёі відэафонды, увесь набор сучаснай бібліятэчнай атрыбутыкі...

Ала ДРАГАН:

- Магчыма, перспектыва нашага далейшага развіцця будзе звязана са станаўленнем сельскага агратурызму...

Уладзімір ШЫШКІН:

- Цяпер распрацоўваецца чарговая Дзяржпраграма развіцця сельскіх тэрыторый. Праз нейкі час, я ўпэўнены, мы перастанем зайздросціць заходнім бібліятэкарам, якія сумяшчаюць бібліятэчную справу з аказаннем комплексу сацыяльных паслуг у шчыльным кантакце з мясцовымі ўладамі. Менавіта ў выніковасці гэтых стасункаў - творчыя і матэрыяльныя перспектывы далейшага развіцця сельскай бібліятэкі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"