“Прадаць” натхненне з гарантаваным прыбыткам

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Хіт-парад платных паслуг: "рэцэпты" з Дуброўна Райвыканкамаўская “лятучка” з “К” Самадастатковасць аддзела культуры: эканамічны вектар развіцця Будынак колішняга бернардзінскага кляштара знаходзіцца на балансе Дубровенскага аддзела культуры.

/i/content/pi/cult/269/4172/10-1.jpgЗ гэтым помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя звязана дзіўная гісторыя. Мясцовы князь Любамірскі меў дачку-прыгажуню Клеменціну. Ды здарылася так, што ўпотай ад бацькі павянчалася яна з панам Кроерам. Паспрыялі таму манахі з кляштара. Раззлаваўся Любамірскі: неўзабаве храм быў спалены, а манахаў тых знайшлі ў Дняпры. На падмурку спаленага драўлянага будынка праз гады ўзнік кляштар цагляны... Пагадзіцеся, сюжэт і героі даволі пазнавальныя. Менавіта яны ляглі ў аснову аднаго з эпізодаў рамана Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Натуральна, такая гістарычна-літаратурная цікавостка не можа не легчы ў аснову экспазіцыі будучага краязнаўчага музея, які дубровенскія ўлады мяркуюць размясціць у бернардзінскім кляштары. Такі маркетынгавы ход, на думку начальніка мясцовага аддзела культуры Кацярыны Лабука, не можа не прынесці ў перспектыве пазабюджэтных дывідэндаў.

І я цудоўна разумею культработнікаў Дубровеншчыны: павелічэнне тэмпаў аказання платных паслуг - задача для іх найпершая, бо сёлетні план для ўстаноў культуры раёна перавышае 200 мільёнаў рублёў. Справа ў тым, што некалькі гадоў запар аддзел культуры Дубровенскага райвыканкама быў у ліку лепшых на Віцебшчыне менавіта па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці, а заданні, як вядома, складаюцца ад дасягнутага, таму леташні план застаўся нявыкананы. Так што сёлета становішча выпраўляецца ў аўральным рэжыме паўсюднага мазгавога штурму. Мо якраз з гэтай прычыны я ўбачыў шмат цікавага: на першым паверсе райвыканкама асобная зала адведзена пад платную галерэю твораў мясцовых народных майстроў; на самаакупнасць імкнецца выйсці студыя дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Дубровенскай ДШМ; не без поспеху дзейнічае сувенірная крама раённага Дома рамёстваў; сёлета стане платным шэраг мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне", што пройдзе напрыканцы чэрвеня.

Народ пытаецца і прапануе

"Ідэі трэба творча развіваць"

На некалькі летніх дзён колькасць жыхароў Дуброўна прырастае штогод, як мінімум, на 600 чалавек: "Дняпроўскія галасы..." збіраюць творцаў з Украіны, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Славакіі... Госці выступаюць на канцэртных пляцоўках усяго раёна, з цікавасцю знаёмяцца з гісторыяй, прыродай і культурай ледзь не кожнага мясцовага паселішча і гатовы, натуральна, плаціць за гэта грошы. Менавіта пра дадзены істотны рэзерв нарошчвання пазабюджэтнай актыўнасці я і гутарыў з жыхарамі Дубровеншчыны.

 Ганна Іванаўна, пенсіянерка з Дуброўна:

- На мой погляд, вельмі не хапае райцэнтру краязнаўчага музея. Ведаю, што збіраюцца яго размясціць у будынку кляштара. Задума - цудоўная, але на рэалізацыю яе, відаць, грошай пакуль не хапае... Хоць і няма яшчэ музея, але ўжо цяпер хачу прапанаваць, каб абавязкова ўключылі ў ягоную структуру краму па продажы сувеніраў: турыстаў у нас заўжды шмат, попыт на такі тавар - вялізны, але адзіная маленькая крамка пры Доме рамёстваў задаволіць яго не можа...

Тамара Пекава, загадчык фельчарска-акушэрскага пункта з аграгарадка "Баброва":

- У нас вельмі цікавая ўстанова культуры: бібліятэка-музей ільну. Ідэя - выдатная, бо ў раёне спакон веку льнаводствам займаюцца, але ідэі трэба творча развіваць. Вось што маю на ўвазе: экспанаты ў музеі - незвычайныя, бібліятэка кніг па льнаводстве - адметная, наведвальнікаў з райцэнтра заўжды шмат. Але гэтага, падаецца, замала. Не пашкодзіла б займець тут мультымедыйную апаратуру: каб музей "ажыў", каб можна было пачуць і ўбачыць у запісе тых вяскоўцаў, што лёнам усё жыццё займаліся... Тады і плату за наведванне такой экспазіцыі павялічылі б...

Мікалай Сухавараў, вядучы дыскатэкі з СДК аграгарадка "Ерамееўшчына":

- Хачу падзякаваць кіраўніцтву раёна за тое, што набыло яно ў свой час спартыўныя трэнажоры, якія па чарзе перавозяцца з адной установы культуры ў іншую і даюць ад карыстання стабільны грашовы даход. "Мабільнасць" паслугі прыносіць карысць не толькі нашым дамам культуры, але і вясковым аматарам спорту. Вопыт, думаецца, варты пер/i/content/pi/cult/269/4172/11-1.jpgаймання ў рэспубліканскіх маштабах.

 У "лятучцы" з "К" прынялі ўдзел старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль ЛУКАШОЎ, начальнік аддзела культуры Кацярына ЛАБУКА і галоўны спецыяліст аддзела культуры Людміла ДУДАРАВА.

Яўген РАГІН:

 - Анатоль Іванавіч, цікавіць найперш вось што: у раёне і дваццаці тысяч насельніцтва не набярэцца, большая палова з іх - гарадскія жыхары, між тым, аж чатырнаццаць аграгарадкоў на сяле, і яшчэ тры запланавана здаць сёлета... З чым звязана менавіта такая "расстаноўка сіл"?

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Наш раён - сельскагаспадарчы. Льняное поле - самае вялікае ў рэспубліцы, а льнозавод - буйны і перспектыўны... Мы не ўзбуйнялі гаспадаркі, бо гэта, па маім цвёрдым перакананні, руйнуе сельскую традыцыйную культуру. Няма ў вёсцы вытворчасці, закрылі краму і клуб - такое паселішча, як правіла, знікае з раённай карты, бо людзі раз'язджаюцца... Мы, канешне, гэтым шляхам не пайшлі. І нашы аграгарадкі, вобразна кажучы, цэментуюць увесь раённы сацкультбыт, гарантуюць перспектыву вясковага развіцця.

Кацярына ЛАБУКА:

- Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла стала ў свой час для нашых устаноў культуры сапраўдным выратаваннем. Шчыра скажу, былі яны ў матэрыяльным плане не ў вельмі добрым стане. На выпраўленне сітуацыі пайшло больш за два мільярды рублёў.

 Анатоль ЛУКАШОЎ:

- І сёлета мільярд выкарыстаем. Самы праблемны пасёлак - Асінторф: тысяча жыхароў, а клуб - у прыстасаваным памяшканні. Мяркуем рэканструяваць будынак былой сталоўкі.

Яўген РАГІН:

- Да вашага гонару, Анатоль Іванавіч, культработнікі раёна сцвярджаюць, што вы гэтую сферу ўвагай не абдзяляеце і грошай не шкадуеце. І сапраўды, у клубных установах - суперсучасная музычная апаратура, і кадры на вышыні...

 Людміла ДУДАРАВА: - Сорак "практыкаў" сталі завочнікамі.

Анатоль ЛУКАШОЎ: - А мы гэтак жа і да развіцця аховы здароўя, адукацыі імкнёмся ставіцца... Безумоўна, і праблем хапае.

Яўген РАГІН: - Наконт праблем... На леташні планавы паказчык па аказанні платных паслуг аддзел культуры выйсці не здолеў. Між тым, за пазабюджэтнай дзейнасцю кожнага з раёнаў Віцебшчыны работнікі культуры іншых абласцей сочаць з прафесійнай цікавасцю, бо сёлетнія планы павялічыліся ўдвая.

 Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Цалкам падтрымліваю ў гэтым плане пазіцыю старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца: мы не павінны "праядаць" дзяржаўныя грошы, жыць на бюджэце. Таму і скіроўваю аддзел культуры на канкрэтную, мэтанакіраваную і выніковую працу. Вялікі план прымусіў думаць творча і крэатыўна. Клубных і бібліятэчных гурткоў павінна быць больш, якасных канцэртаў, акцый, арыгінальных тэатралізаваных дзей - таксама.

 Кацярына ЛАБУКА:

 - Натуральна, сёлетні план па аказанні культурных паслуг насельніцтву імкнёмся выканаць. Для кожнай установы культуры раёна загадзя быў распрацаваны бізнесплан...

 Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Асноўная нагрузка лягла, безумоўна, на гарадскіх работнікаў культуры. Калі браць, да прыкладу, РДК, дык тут і творча-тэхнічныя магчымасці большыя, і плацежаздольнасць насельніцтва райцэнтра...

Людміла ДУДАРАВА:

 - Раённаму Дому культуры зарабіць трэба сёлета аж сто мільёнаў пазабюджэтных рублёў.

Анатоль ЛУКАШОЎ:

- Ну дык і зарабляе! Конкурсы "Ану, хлопцы!", "Ану, дзяўчаты!", "Ану, бабуля!" праходзяць з аншлагам, хоць каштуе білет і не танна.

 Кацярына ЛАБУКА:

 - Эканоміка стымулюе творчасць, творчасць уплывае на эканоміку. Але грошы - не самамэта, а красамоўны паказчык якасці нашай працы. Дарэчы, мясцовыя шоу-праграмы карыстаюцца ў райцэнтраўскага гледача большым попытам, чым канцэрты эстрадных зорак.

 Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Словам, "выпрабаванні" сёлетнія для нашых культасветнікаў - досыць сур'ёзныя, але начальнік аддзела культуры, я цвёрда перакананы, - на сваім месцы, у шапку не спіць, а вынік ад крэатыўных "мазгавых штурмаў" - відавочны.

 Кацярына ЛАБУКА:

- Спрабуем цяпер ладзіць начныя дыскатэкі для маладых людзей, якім больш за 18 гадоў. Яны даюць даход у два разы большы, чым звычайныя танцавальныя вечары. Натуральна, дыскатэкі - эксклюзіўныя па сваіх сцэнарыях і конкурсных складніках.

Людміла ДУДАРАВА:

 - Білет каштуе шэсць тысяч. А актыўны ўдзел у такіх начных мерапрыемствах пастаянна бярэ народная студыя эстраднай песні "Ліра", што працуе пры РДК.

 Яўген РАГІН:

 - Мне сёння расказвалі ў час паездкі па раёне пра "мабільныя" спартыўныя трэнажоры, што пераязджаюць з клуба ў клуб і таксама даюць магчымасць крыху падзарабіць. Падаецца, пра гэты ваш крэатыў ва ўсіх абласцях прачытаюць з цікавасцю.

Кацярына ЛАБУКА:

- Сапраўды, сістэма вельмі зручная. Скажам, пакарысталіся більярдам або настольным тэнісам у СДК аграгарадка "Расасна" - неўзабаве крыху надакучыў гэты від паслуг, дык перавозім інвентар, да прыкладу, у аграгарадок "Якубава". Паслуга і там на пэўны час становіцца "хітом".

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Тэнісныя сталы аддзел культуры набыў за ўласны пазабюджэт, а спартыўныя трэнажоры і більярд дапамог прыдбаць раённы спартыўны камітэт. І такое ўзаемадзеянне мясцовых ведамстваў мне падаецца вельмі арганічным: спорт і культура - неад'емныя складнікі дзяржаўнай палітыкі развіцця духоўнасці і здароўя нашай нацыі... У аграгарадку "Ерамееўшчына" вы, напэўна, бачылі не толькі дыхтоўны СДК, але і вельмі запатрабаваны Дом спорту.

 Кацярына ЛАБУКА:

 - Усё большую папулярнасць набываюць у жыхароў раёна так званыя флэш-віншаванні. Каштуе такая, прыблізна 15-хвілінная па працягласці, паслуга 15 тысяч рублёў. Сутнасць яе ў наступным: мы выязджаем з віншаваннямі па канкрэтных адрасах і ўшаноўваем па замове людзей самых розных узростаў і з самых розных нагод. І тут кожны сцэнарый, безумоўна, - эксклюзіўны. Напэўна, шчырасць і арыгінальнасць дзей і вабіць гараджан ды вяскоўцаў. Тая сітуацыя, калі натхненне якраз "прадаецца" з карысцю для абодвух бакоў.

Людміла ДУДАРАВА:

- Яшчэ раз падкрэслю выключна важную для нас думку: імкнёмся як мага арганічней сумяшчаць і эканамічныя, і творчыя захады. Да прыкладу, пры раённым метадычным цэнтры дзейнічае народны фальклорны калектыў "Кудзеліца", што не без поспеху адраджае святочныя абрады каляндарнага цыкла, уласцівага Дубровеншчыне. Ды не проста адраджае, але і выкарыстоўвае іх з карысцю для ўсіх... Мо памятаеце: калісьці вясельны картэж у вёсках спынялі суседзі, перагароджвалі для гэтага вуліцу і ад душы віншавалі маладых? Дык вось, "Кудзеліца" адрадзіла гэтую традыцыю, якая ў нас называецца "драць зайца". Як і ў старадаўнасці, паслуга - платная.

Яўген РАГІН:

 - Мне сёння шмат распавядалі аб кляштары, аб музейных перспектывах гэтага унікальнага будынка, пра які Уладзімір Караткевіч згадваў у "Каласах пад сярпом тваім". Калі распачнеце рэканструкцыю будынка?

Анатоль ЛУКАШОЎ:

- Сорамна, канешне, але музея ў райцэнтры пакуль няма. Між тым, зямля наша мае больш чым слаўную гісторыю. Па Дняпры праходзіў шлях "з варагаў у грэкі". Пад час Вялікай Айчыннай вайны тут дзевяць месяцаў стаяў фронт. Менавіта адсюль брала пачатак знакамітая аперацыя "Багратыён", ледзь не сорак тысяч воінаўвызваліцеляў засталіся навечна ў брацкіх магілах, у тым ліку пяць тысяч дубровенцаў... Словам, нам ёсць што паказаць і пра што расказаць.

Яўген РАГІН:

- Зямля ваша насамрэч унікальная. "К" пісала некалькі гадоў таму пра арыгінальную інавацыю загадчыка дзіцячай бібліятэкі Валянціны Усцінавай - арганізацыю турмаршруту па "Сямі цудах Дубровеншчыны". Сярод іх - праваслаўная царква ў райцэнтры, Мемарыяльны комплекс "Рыленкі", Днепр, гарадзішча ля вёскі Вежкі, гаючая крыніца ў Кіраёўскім гаі, волат-дуб у Быстрыёўцы і сам кляштар...

Людміла ДУДАРАВА:

 - Дарэчы, маршрут гэты дзейнічае і па сёння. Натуральна, ён платны.

Кацярына ЛАБУКА:

- А што да музея, дык вельмі хочам, каб мара хутчэй увасобілася ў жыццё. У нас ужо сабрана 12 тысяч унікальных экспанатаў, сем гадоў як сфарміравана рабочая група па стварэнні музея...

Анатоль ЛУКАШОЎ:

- У свой час накрылі будынак кляштара дахам, каб не разбураўся. Сёлета мяркуем зрабіць праект ацяплення, возьмемся за рамонт... Праўда, пакуль, недастаткова фінансавых сродкаў.

Кацярына ЛАБУКА:

 - Ледзь не два мільярды будзе каштаваць рэканструкцыя плюс распрацоўка экспазіцыі.

 Яўген РАГІН:

- Сродкі, канешне, немалыя. Але без укладання грошай пра пазабюджэтнае развіццё і думаць не выпадае. Музей, калі ён сапраўды будзе цікавы, жывы, інтэрактыўны, прывабіць не адну сотню наведвальнікаў. Тым больш, што з зайздроснай рэгулярнасцю раён наведвае процьма гасцей: штогод праз яго ладзіцца Еўрапейскі велапрабег "Парыж - Масква", кожны год у вас праходзіць Міжнародны фестываль песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне".

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Я вельмі спадзяюся, што наш музей атрымаецца жывым і прывабным для наведвальнікаў.

Кацярына ЛАБУКА:

- Усіх сакрэтаў не раскрываю, але будзе ў нашым музеі і "капітул" - канферэнц-зала, - і вялікая сувенірная крама (той, што пры Доме рамёстваў працуе, нам сапраўды відавочна не дастаткова). Ну, і, канешне ж, у гістарычнай частцы экспазіцыі будзе абавязкова "лунаць" неўтаймоўны рамантызм Уладзіміра Караткевіча...

Яўген РАГІН:

- Анатоль Іванавіч, з пункта гледжання кіраўніка раёна разглядаеце "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" як штогадовы арганізатарскі галаўны боль або штосьці іншае?

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Як выключна прэстыжную для раёна акцыю. Калі мае калегі з іншых раёнаў Беларусі і бліжняга замежжа тэлефануюць і цікавяцца, што новенькага будзе на сёлетнім фестывалі, я яшчэ раз пераконваюся: "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" працуюць не толькі на культурны, але і на палітычны імідж нашага раёна... Словам, колішняя арыгінальная ідэя начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага знайшла ў нас выключна яркае ўвасабленне. І мы гэтым вельмі ганарымся. Фестываль - яшчэ і цудоўная творчая школа. У 2002 годзе ў раёне было толькі два народныя калектывы, а цяпер іх - трынаццаць. Пагадзіцеся, гэта - паказчык. Наш народны ансамбль народнай песні і музыкі "Крыніцы" пастаянна гастралюе па замежжы: не толькі наша традыцыйнае мастацтва прапагандуе, але і зарабляе на гэтым няблага.

Кацярына ЛАБУКА:

 - Фестываль няўхільна робіць з нас прафесіяналаў. Літаральна ў кожнага культасветніка раёна - свае фестывальныя арганізацыйна-творчыя абавязкі. І калі, да прыкладу, газета "Культура" вырашыць правесці нейкую акцыю, мы раім звяртацца да нас: дапаможам зрабіць усё хутка і цікава.

Яўген РАГІН:

 - Мы сёння наведалі бібліятэку-музей аграгарадка "Баброва". Не бачыў ніколі такой установы: пануе ў ёй лён. І ў музеі, і на кніжных паліцах, і ў творах членаў літаратурна-краязнаўчага клуба галоўным героем з'яўляецца гэтая знакавая для Беларусі і вашага раёна расліна. Адна бяда: па словах загадчыка ўстановы Аксаны Хмялёвай, няма ў Музея льна лагічнага развіцця без мультымедыйнай апаратуры, якая напоўніла б экспазіцыю жыццём, агучыла б расповедам тых, хто займаўся і займаецца льнаводствам...

 Анатоль ЛУКАШОЎ:

- Я перакананы: праблем тут не будзе аніякіх. Маю на ўвазе не толькі спонсарскую падтрымку, але і раённы бюджэт... Я - абедзвюма рукамі за тое, каб нашы сельскія ўстановы культуры развіваліся цікава і не фармальна.

 Яўген РАГІН:

- Дарэчы, Аксана Хмялёва - адна з сарака завочніц, што атрымлівае спецыяльную вышэйшую адукацыю...

Людміла ДУДАРАВА:

 - Такую ўмову перад нашымі "практыкамі" паставілі ў свой час: нам патрэбны прафесіяналы высокага кшталту.

Кацярына ЛАБУКА:

 - За сем апошніх гадоў кадравую праблему збольшага вырашылі.

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Цалкам падтрымліваю такое стаўленне да кадраў. Памылкі непрафесіяналаў у культуры занадта дорага каштуюць.

 Яўген РАГІН:

- Тым не менш, Анатоль Іванавіч, якія асноўныя прэтэнзіі маеце да сваіх работнікаў культуры?

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Павінна быць больш арыгінальных мерапрыемстваў. Калі селянін, што дзень хлеб вырошчвае, пачувае сябе абдзеленым у культурных паслугах, дык дараваць гэтага нельга. Асабіста кантралюю не толькі чысціню тэрыторый, прылеглых да клубаў і бібліятэк, але і якасць мерапрыемстваў, тых жа дыскатэк...

Яўген РАГІН:

- Я гутарыў з моладдзю аграгарадка "Ерамееўшчына", з мастацкім кіраўніком тамтэйшага СДК Вольгай Сухаваравай. Цікавая сітуацыя высветлілася: вельмі добрая там дыскатэчная зала, адпаведная і апаратура, відэадыскатэкі з выкарыстаннем мультымедыйнай тэхнікі - справа для гэтай вёскі ўжо будзёная. Як, дарэчы, і тое, што моладзь з навакольных вёсак грэбуе сваімі клубамі і на танцавальныя вечары рушыць штотыднёва менавіта ў Ерамееўшчыну. Як, Анатоль Іванавіч, ацэньваеце крэатыўнасць культработнікаў з гэтых навакольных вёсак?

 Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Вельмі адмоўна! Значыць, не вытрымліваюць канкурэнцыі, значыць, нічога цікавага прапанаваць не могуць!

 Кацярына ЛАБУКА:

- Зрабілі ўсё для таго, каб мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя выдаткавала для маладога спецыяліста Вольгі Сухаваравай службовае жыллё...

Анатоль ЛУКАШОЎ:

- Менавіта такія ініцыятыўныя і па-добраму амбіцыйныя і прыносяць максімальны плён - і духоўны, і эканамічны.

 Яўген РАГІН:

- Пабывалі мы сёння і ў Раённым доме рамёстваў: патрэбна яму новае памяшканне... Наколькі гэта рэальна?

Анатоль ЛУКАШОЎ:

 - Мы аддалі пад новы РДР будынак колішняй пазаведамаснай аховы, бо адраджэнне мясцовых рамёстваў - задача першарадная: калісьці ганчары нашы славіліся па ўсёй Беларусі. Дарэчы, а вы райвыканкамаўскую мастацкую галерэю бычылі?

Яўген РАГІН:

- Так, і быў вельмі ёю ўражаны. Уваход - чатырыста рублёў, і ёсць за што і большыя грошы браць: работы, прэзентаваныя Дзіцячай школай мастацтваў, раённым Домам рамёстваў і раённым метадычным цэнтрам, - цікавыя.

Кацярына ЛАБУКА:

- Сувеніры для сёлетніх "Дняпроўскіх галасоў у Дуброўне" вырабляем цяпер выключна ўласнымі сіламі. Да слова, пры ДШМ пачала дзейнічаць студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: пакуль займаюцца тут саломкапляценнем, а ў перспектыве будуць авалодваць і ганчарствам.

 Яўген РАГІН:

 - Кацярына Пятроўна, бібліятэкары Віцебшчыны па рашэнні губернатара маюць стотысячную грашовую надбаўку за спецыяльную вышэйшую адукацыю. Дык вось, калі б была на тое ваша воля, якой катэгорыі культработнікаў вы б таксама павысілі заробак?

Кацярына ЛАБУКА:

 - Работнікам метадычнай службы: працы ў іх выключна шмат, і ад яе якасці залежыць канчатковы вынік работы ўсяго аддзела культуры. А сёння тут максімальны заробак - пад 400 тысяч рублёў.

Анатоль ЛУКАШОЎ:

- Гэта ж азы: добраму спецыялісту трэба добра плаціць. І выйсце тут пакуль адзінае: развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ў сферы культуры.

Кацярына ЛАБУКА:

 - І, паверце, мы гэта цудоўна разумеем. Эканамічная самадастатковасць аддзела культуры, аўтарытэт і дабрабыт нашых работнікаў, папулярнасць і знакавасць кожнага з мерапрыемстваў - рэчы ўзаемазвязаныя і непадзельныя.

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск- Дубровенскі раён - Мінск

Фота аўтара

Дэталь да агульнай карціны

 Прысмакі кніжнага фуршэта

Дубровенская дзіцячая бібліятэка зарабіла летась два мільёны пазабюджэтных рублёў. Сёлетні план па аказанні платных паслуг павялічыўся, натуральна, удвая.

Пытанне "Як заданне выконваць збіраецеся?" загадчыка ўстановы Валянціну Усцінаву не надта палохае, бо лічыцца яна адной з вядучых крэатыўшчыц дубровенскай культуры.

 За аўтарскі праект Валянціны Усцінавай "Сем цудаў Дубровеншчыны" мясцовая дзіцячая бібліятэка ў свой час была адзначана на Віцебшчыне як лепшая інавацыйная ўстанова культуры. Узнагародай стаў камп'ютэр. Па словах Валянціны Віктараўны, хранічна не хапае да яго прынтэра і сканера. Таму рыхтуецца чарговы аўтарскі праект. Які - Усцінава ўпарта не прызнаецца, але на перамогу разлічвае цвёрда. Пагаджаюся: тайна творчасці - справа святая.

Таму я зараз - пра "шараговыя" бібліятэчныя мерапрыемствы, зыніцыяваныя загадчыкам. Адно з іх... - кніжны фуршэт для маленькіх чытачоў. Уявіце чытальную залу: на сталах - талеркі, на іх - стосы новай літаратуры, размеркаванай па жанрах, найменне кожнага пазначана на імправізаваных кардонных фужэрах. Вакол талерак збіраецца "галодная" дзятва, і бібліятэкары распачынаюць "банкет" з дакладным "піарам" літаратурных выданняў. Кожны з чытачоў выбірае "прысмакі" па душы, пасля вясёлага і цікавага фуршэта, абраныя "разнасолы" запісваюцца ў персанальнае "меню" - чытацкі фармуляр. На такія платныя фуршэты чытачы-"гурманы" ў чэргі выстройваюцца. Крэатыў? Самы ён! 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"