Дзеянне гэтай лірычнай меладрамы адбываецца ў нашы дні, у беларускай вёсцы, куды пасля заканчэння гандлёвага каледжа прыязджае па размеркаванні гарадская прыгажуня. Спачатку дзяўчына сумуе па вялікім горадзе і яго забавах, а потым усё больш уцягваецца ў нетаропкі, але такі прыцягальны рытм вясковага жыцця. Карціна задумана ў простай, рэалістычнай манеры, якой і адрозніваецца рэжысёрскі стыль Віталя Дудзіна. “Фільм можа быць цікавым для маладой аўдыторыі і без выкарыстання дарагіх спецэфектаў, — мяркуе пастаноўшчык. — Галоўнае — тая шчырасць, з якой падыходзяць да сваёй працы яго аўтары, прынамсі, акцёры. Заўважце: галоўныя ролі ў карціне выконваюць маладыя людзі, што самі не так даўно скончылі навучальныя ўстановы, але ўжо зрабілі першыя крокі на экране”.
Як плануецца, здымачны перыяд "Дотыку" прадоўжыцца да восені. А прэм'ера стужкі адбудзецца ў першай палове наступнага года.