Справа ў тым, што праўнучка Хруцкага Ядвіга Мацееўская (таксама мастачка), жывучы ў Кіеве, неаднойчы наведвала Полацк, цікавілася лёсам і творчасцю прадзеда, які жыў і тварыў у маёнтку Захарнічы (Полацкі раён). А
пасля смерці завяшчала свае работы перадаць Полацкаму музею-запаведніку. У 1998 годзе 720 палотнаў Ядвігі Мацееўскай былі перададзены з Украіны на Беларусь...
Рыхтуючыся да персанальнай выстаўкі праўнучкі мастака, адбіраючы шэраг палотнаў для Нацыянальнага мастацкага музея, каб прадставіць іх пад час святкавання 200-годдзя Івана Хруцкага побач з работамі славутага продка Мацееўскай, Ларыса Лысенка натрапіла на партрэт Адама Міцкевіча. Па манеры пісьма, стылі і настроі праца істотна адрознівалася ад твораў Мацееўскай. Далей - болей. У кнізе пра Хруцкага Ларыса Лысенка ўбачыла варыянтны партрэт Міцкевіча (пэндзля Хруцкага), які захоўваецца ў Пецярбургу - у Музеі рускай літаратуры. Камп'ютэрнае накладанне пацвердзіла ідэнтычнасць памераў абедзвюх выяў.
У сярэдзіне красавіка Нацыянальная акадэмія навук Беларусі правяла лазерную матэрыялазнаўчую экспертызу полацкай загадкі. Вынік наступны: дата стварэння партрэта - 1850-я гады. Напісаць партрэт Адама Міцкевіча Ядвіга Мацееўская не магла, бо нарадзілася ў 1916-м. Палатно належыць пэндзлю Івана Хруцкага? Мастакі, як вядома, рабілі паўторы сваіх карцін... Ларыса Лысенка не спяшаецца з высновамі, але вельмі спадзяецца на пацвярджэнне сваёй версіі, бо карцін Хруцкага ў фондах мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка пакуль няма.
Неўзабаве чакаецца шэраг дадатковых экспертыз полацкай загадкі, што правядуць спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Менавіта яны пацвердзяць або абвергнуць здагадку.
І яшчэ адна цікавостка: па словах Ларысы Лысенка, на зваротным баку партрэта Міцкевіча знаходзіцца... нацюрморт. Абодва адлюстраванні - недапрацаваныя, незавершаныя. Карацей, палатно літаральна з усіх бакоў - спрэс загадкавае. Якімі будуць адгадкі?
На здымках: дзве работы, знойдзеныя ў сховішчах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музеязапаведніка.