Менеджэр Для міжабласнога “прарыву”

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Аддзел культуры Бялыніцкага райвыканкама па выніках мінулага года заняў на Магілёўшчыне трэцяе месца. З леташнім планам па аказанні платных паслуг клубныя і бібліятэчныя ўстановы справіліся. Досыць выніковымі выглядаюць захады па этнаадраджэнні: школа рамёстваў запатрабаваная сярод дзятвы, а мясцовы арганізацыйна-метадычны цэнтр рэканструяваў дзявочы строй, характэрны для Бялыніцкага раёна, сабраў унікальную калекцыю з сотні мясцовых традыцыйных ручнікоў, навукова абгрунтаваўшы мастацкія ўласцівасці кожнага з іх. Выканана і заданне па росце сярэднямесячнага заробку работнікаў культуры… Але ўсё вышэйзгаданае ніяк не азначае, што аддзел культуры Бялыніцкага райвыканкама працуе ў “беспраблемным” фармаце. Аднак сутнасць тых праблем, па маім перакананні, не столькі вынікае з прафесійных пралікаў мясцовых работнікаў, колькі палягае ў прасторы, непасрэдна звязанай з перспектыўным развіццём галіны. Адзін толькі прыклад: аж у 153 населеных пунктах раёна няма стацыянарных устаноў культуры. Ды гэта не віна аддзела, а дэмаграфічная бяда рэгіёна: у асобных з аддаленых паселішчаў пражывае па 2-3 чалавекі! Іх абслугоўваюць, натуральна, аўтаклуб і аўтабібліятэка. Ява сённяшняга дня — узбуйненне (чытай: аптымізацыя) астатніх устаноў культуры. А вось іх планавае фінансаванне пад рэалізацыю канкрэтных творчых праектаў — пакуль што не больш чым мара.

 

/i/content/pi/cult/257/3852/10-1.jpgПраблемы "беспраблемнага" раёна "К" абмеркавала з удзелам намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Надзеі СЕРЫКАВАЙ, начальніка аддзела культуры Святланы ПАТАПЧЫК і дырэктара раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Тамары ПАДЫМАКА.

Яўген РАГІН: - Даведаўся, што на апошнім пасяджэнні райвыканкама вельмі грунтоўна аналізавалася работа мясцовых устаноў культуры, гаворка тады ішла пра...

Надзея СЕРЫКАВА: - ...Самаакупнасць нашай культурнай сферы. План па аказанні платных паслуг сёлета неабходна выканаць у супастаўных цэнах на 119 працэнтаў. Матэрыяльная база для гэтага, я думаю, створана неблагая. Таму і задача перад намі стаіць канкрэтная: максімальна гэтую базу выкарыстаць.

 Святлана ПАТАПЧЫК: - Летась у супастаўных цэнах план выканалі амаль на 120 працэнтаў. Так што пакрысе развіваем пазабюджэтную дзейнасць.

Яўген РАГІН: - Але самаакупнасць установы культуры, тым больш сельскай, як падаецца, - ледзь не фантастыка на сёння. Нядаўна ў Ашмянскім раёне мне распавялі пра СДК з 50-працэнтнай самаакупнасцю. А прычыны такога "завоблачнага" паказчыка досыць банальнымі аказаліся. Маладых людзей не надта задавальняе матэрыяльная база навакольных сельскіх клубаў, таму і збіраюцца ўсе на дыскатэку ў тым СДК, дзе і апаратура - новая, і кадры - ініцыятыўныя, і выгоды не на вуліцы...

Надзея СЕРЫКАВА: - Ад ініцыятывы сапраўды шмат што залежыць. У нас, да прыкладу, існуе больш за 50 відаў платных паслуг. Лічу, што малавата іх... Але тут вось які нюанс. Народ прызвычаіўся, што аддзел культуры стварае свята, і свята гэтае - бясплатнае. Ад дадзенага стэрэатыпу, натуральна, трэба пазбаўляцца, але рабіць гэта варта, як падаецца, вельмі далікатна...

Яўген РАГІН: - І зноў не магу не згадаць красамоўны прыклад з уласнай журналісцкай практыкі. На Рагачоўшчыне, скажам, гэты стэрэатып у свой час ламаўся вельмі проста. Да начальніка аддзела культуры прыходзіў, скажам, кіраўнік адной з гаспадарчых структур: "Трэба прафесійнае свята зладзіць". Той у адказ: "Каштаваць гэта будзе столькі і столькі". Заказчык не пагаджаецца: "Дорага! Да старшыні райвыканкама скардзіцца пайду". У начальніка аддзела - контраргумент: "Ідзі, але калі вернешся "з такам", плаціць будзеш удвая больш". Так усё і адбывалася ў выніку, бо ў старшыні райвыканкама пазіцыя адназначная: "За хлеб у краме кожны плаціць, а чым "культурны прадукт" горшы?"

Надзея СЕРЫКАВА: - І мы такі ж прынцып імкнёмся браць на ўзбраенне. І кіраўнікі нашых прадпрыемстваў з разуменнем да сітуацыі ставяцца.

Яўген РАГІН: - І ўсё ж якія канкрэтныя рашэнні прыняты наконт самаакупнасці на выканкаме? За кошт чаго гэтую "планку" збіраецеся браць у перспектыве?

 Надзея СЕРЫКАВА: - За кошт новых відаў платных паслуг, за кошт выканання сацыяльна-значных заказаў нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і гарпасялковых арганізацый. Актывізаваць трэба і гуртковую дзейнасць у клубных установах.

Святлана ПАТАПЧЫК: - Канешне, народ наш здавён прызвычаіўся да бясплатнага культурнага абслугоўвання... Праблема, безумоўна, існуе, але імкнёмся яе паступова вырашаць, у першую чаргу - за кошт якасці мерапрыемстваў, за кошт уласнай прафесійнасці. А "каманда" ў нас, як вы пераканаліся, - прафесійная.

Яўген РАГІН: - Пераканаўся. І ініцыятывы не бракуе... Тут іншае крыху трывожыць. Ужо шэсць гадоў Бялынічы маюць чатырохпавярховы раённы Цэнтр культуры, які за гэты час не страціў сваю шыкоўнасць. Але ледзь не 80 працэнтаў пазабюджэтных грошай дае раёну менавіта ён, а сельскія ўстановы, атрымліваецца, у "ценю" застаюцца. Узяць хаця б Вялікую Машчаніцу або Заполле: жаданне зарабіць - ёсць, але матэрыяльная база замінае.

Тамара ПАДЫМАКА: - Пакупніцкая здольнасць у сельскага насельніцтва яшчэ невысокая...

/i/content/pi/cult/257/3852/11-1.jpgНадзея СЕРЫКАВА: - Сапраўды, ёсць у сельскіх работнікаў культуры жаданне павялічыць, так бы мовіць, пазабюджэтны ўплыў. Была нядаўна ў аддаленай бібліятэцы вёскі Навасёлкі. Там і ідэалагічнай работай як мае быць займаюцца, і выхаваннем чытацкім, і аказаннем платных паслуг... Урэшце, ад гэтай актыўнасці ў пэўнай ступені залежыць і велічыня бібліятэкарскага заробку...

Святлана ПАТАПЧЫК: - Заданне ўпраўлення культуры па зарплаце культработнікаў мы перавыканалі...

Яўген РАГІН: - Давайце ўсё ж вернемся да Вялікай Машчаніцы і Заполля. Ну элементарна холадна ў тамтэйшых сельскіх клубах! Схіляю галаву перад мясцовымі дзяўчатамі: яны і ў неспрыяльных умовах планы значна перавыконваюць, маюць салідную колькасць вядомых у раёне клубных фарміраванняў і ў адзін голас кажуць: маўляў, была б лепшая база - і вынікі значна павялічыліся б... А Вялікая Машчаніца, між тым, - аграгарадок, і неяк не "да твару" яму такі лядашчы клуб мець.

Надзея СЕРЫКАВА: - Тамтэйшая гаспадарка ААТ "Новая Друць" знаходзіцца пад патранатам Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, які, да прыкладу, фінансаваў там рэканструкцыю школы, а ў суседняй вёсцы Цехцін збіраўся ўзводзіць культурна-спартыўны комплекс. Работы крызіс прыпыніў. Але спадзеваў на лепшую перспектыву не губляем. Кіраўнік "Новай Друці" Уладзімір Канавалаў трымае сітуацыю ў Вялікай Машчаніцы пад кантролем і падтрымлівае нас у любых пачынаннях. Дык мо і здзейсніцца неўзабаве мара загадчыка - займець новы клуб?

Тамара ПАДЫМАКА: - Безумоўна, дзяўчат падтрымаць трэба. Святлана Буймістрава "грыміць" на ўвесь раён з дыскаклубам "Юла" і жаночым фарміраваннем "Журавінка". А ў Галіны Ігнатовіч маладзёжны клуб "Ева" ўдзельнічае ў самых прэстыжных мерапрыемствах РЦК.

 Яўген РАГІН: - У Заполлі, заўважыў, сельскагаспадарчая вытворчасць не такая выніковая, як у Вялікай Машчаніцы. Так што мары пра паравое ацяпленне так і застаюцца марамі... А вось у Вішове СВК "Калгас "Радзіма", дзе кіруе Аляксандр Лапацентаў, проста "курыруе" ўсе гаспадарчыя справы мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу: суперсучасную музычную апаратуру набыў, сцэнічныя касцюмы. Такі кантакт "вытворчасці" з "творчасцю" ўспрымаю як справу належную. Гаворка - пра іншае: як Цэнтр культуры ў Вішове развівацца плануе? Больш чым пяцімільённы леташні пазабюджэтны "заробак" для такой буйной і па штаце, і па тэхнічным забеспячэнні ўстановы - сума, на мой погляд, не больш чым стартавая.

 Надзея СЕРЫКАВА: - Я спачатку - пра Заполле. Гаспадарка тут сапраўды не вельмі заможная. Але крызіс, урэшце, не вечны. Будзем выпраўляць сітуацыю. Дарэчы, тут не пашкодзіла б і падтрымка нашага Міністэрства культуры.

Тамара ПАДЫМАКА: - У перспектыве асабіста я бачу нашы ўстановы культуры (у тым ліку і Цэнтр культуры і вольнага часу ў Вішове) не толькі ўзбуйненымі і "мабільнымі" ў абслугоўванні аддаленых зон, але і забяспечанымі канкрэтным і гарантаваным фінансаваннем пад рэалізацыю буйнамаштабных творчых праектаў.

 Надзея СЕРЫКАВА: - У бачанні нашай заўтрашняй культуры не можам не адштурхнуцца ад сённяшніх праблем, звязаных наўпрост са станам матэрыяльнай базы...

Яўген РАГІН: - Я ў ваш кінатэатр учора вечарам так і не трапіў, касірка патлумачыла: на рамонце ён...

Надзея СЕРЫКАВА: - У 2008 годзе аблвыканкам вырашыў выдаткаваць на гэта 100 мільёнаў. Эканамічны стан перашкодзіў узяцца за справу ўшчыльную. І нейкія канкрэтныя тэрміны "ажыўлення" сітуацыі пазначыць сёння, як вы разумееце, проста немагчыма. Прыкладна тое ж магу сказаць і наконт пашырэння плошчаў раённага мастацкага музея імя Бялыніцкага-Бірулі...

Яўген РАГІН: - Ці не стане кадравае пытанне перашкодай для паступовай "арыентацыі" вашых устаноў на самаакупнасць?

Святлана ПАТАПЧЫК: - 95 працэнтаў нашых работнікаў маюць сёлета сярэднюю і вышэйшую спецыяльную адукацыю. Летась у раён прыйшло 16 маладых спецыялістаў. Натуральна, застануцца не ўсе. І справа тут, я пераканана, не ў невялікіх заробках...

Надзея СЕРЫКАВА: - ...І не ў дэфіцыце жылля. Летась, да прыкладу, жыллёвая плошча раёна павялічылася на 10 тысяч квадратных метраў. Сёлетні прырост удвая большы чакаецца...

Святлана ПАТАПЧЫК: - Банальна, але работнікам культуры трэба нарадзіцца.

Надзея СЕРЫКАВА: - Гэта, канешне, так. Ды наш пралік у тым, што мы не паказваем моладзі, у якіх умовах сёння можна працаваць у аграгарадках раёна. Час ужо студэнцкія экскурсіі па нашых сельскіх маршрутах наладзіць.

 Тамара ПАДЫМАКА: - Тут і навучальныя ўстановы павінны ініцыятыву праяўляць. Чаму б навучэнцам або студэнтам адукацыйных устаноў сістэмы Міністэрства культуры літаральна з першага курса не пачынаць прадметнае знаёмства з беларускім сялом: менавіта ў вясковым асяродку рыхтаваць курсавыя, дыпломныя праекты, займацца не "папяровай" тэорыяй, а канкрэтнай творчай практыкай?..

Надзея СЕРЫКАВА: - А хто з сённяшніх студэнтаў ведае, да прыкладу, што ў Вішове кіраўнік СВК "Калгас "Радзіма" даплачвае людзям за ўдзел у мастацкай самадзейнасці 10 працэнтаў ад заробку?!

Яўген РАГІН: - Рух наперад немагчымы без метадалагічнага "падсілкавання". Зноў звяртаюся да ўласнай журналісцкай практыкі: часцяком у адной вобласці не ведаюць, што робіцца ў другой. Менавіта зыходзячы з гэтага начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец стаў колісь ініцыятарам міжабласных творчых стасункаў: работнікі культуры Гродзеншчыны наведвалі вашу вобласць, пераймалі досвед Магілёўшчыны, дзяліліся сваім. Потым гэткія ж кантакты ладзіліся на гродзенскай зямлі...

 Тамара ПАДЫМАКА: - Пераацаніць карысць ад такіх стасункаў проста немагчыма. Але ў маштабе рэспублікі такога, планавага і сістэматычнага, "узаемадзеяння" не стае хранічна. Безумоўна, не пашкодзіла б і стварэнне пэўнай рэспубліканскай структуры па каардынацыі нашых творчых высілкаў, па іх метадычнай падтрымцы. Працаваў жа калісьці Рэспубліканскі арганізацыйна-метадычны цэнтр...

Яўген РАГІН: - Няма сумневу, кожнаму з вас цікава было б адсачыць сістэму культурных варункаў у Расіі, Украіне, у далёкім замежжы...

Тамара ПАДЫМАКА: - Калі мы на самаакупнасць збіраемся выходзіць, дык досвед для гэтага па ўсім свеце збіраць варта... А чаму б не ладзіць не толькі міжраённыя абменныя канцэрты (ад іх прыбытак, як вядома, вельмі неблагі), але і міжабласныя? Не выключаю магчымасці рэальнага экспарту нашай амаль "прафесійнай" самадзейнай мастацкай культуры і за мяжу Беларусі. Як падаецца, толькі тады можна казаць пра нейкую самаакупнасць рэгіянальных клубных устаноў. Але для гэтага патрэбны менеджэр, прадзюсер. А на ўзроўні раёнаў штатны расклад устаноў галіны Міністэрства культуры не змяняла аж з 1996 года. Няма там пакуль згадкі ні пра менеджэра, ні пра святлаці гукатэхніка, без якіх сёння любы СДК не зможа зладзіць годных спектакля ці канцэрта. А такіх спецыялістаў нідзе пакуль для клубнай работы не рыхтуюць. Між тым, людзі пагодзяцца плаціць толькі за высокую якасць нашых мерапрыемстваў. І не ўлічваць гэта нельга.

 Надзея СЕРЫКАВА: - Мы заўжды гатовы да творчага эксперыменту і маем даўнія напрацоўкі па міжабласным супрацоўніцтве. Маю на ўвазе міжрэгіянальны фестываль песні "Залатая мелодыя".

Святлана ПАТАПЧЫК: - Сёлета гэта будзе ўжо чацвёрты форум, у якім бяруць удзел творчыя калектывы Міншчыны, Віцебшчыны і Магілёўскай вобласці. Не толькі спяваем разам, але і "абкатваем" тэхналогіі міжабласных творчых "прарываў".

Надзея СЕРЫКАВА: - Гэта яшчэ і цудоўныя падставы для творчага піару нашых раённых магчымасцей на ўзроўні міжабласнога культурнага супрацоўніцтва. Рынкавы падыход да развіцця культуры, яе далейшая камерцыялізацыя проста немагчымыя без належнай рэкламы. Таму вялікі спадзеў ускладаем і на наш райвыканкамаўскі сайт, і на газету "Культура".

Мінск - Бялыніцкі раён - Мінск

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"