Са старшынёй Рагачоўскага райвыканкама Віктарам БАНЧУКОМ наша газета плённа кантактуе не першы год. І гэтым разам Віктар Леанідавіч знайшоў у шчыльным графіку работы час, каб сустрэцца і абмеркаваць з "К" надзённыя праблемы мясцовай культуры і выявіць уласнае бачанне на яе перспектыўнае развіццё. Апрача кіраўніка раёна ў райвыканкамаўскай "лятучцы", зініцыяванай рэдакцыяй нашай газеты, браў удзел начальнік аддзела культура Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл ЗАЙЦАЎ.
Яўген РАГІН: - Два гады таму мы пісалі пра ваш аграгарадок "Ціхінічы", пра дзейнасць мясцовага шыкоўнага Цэнтра культуры і адпачынку ды пра перспектыву далейшага развіцця вёскі: узвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплекса. "Ціхінічы" эвалюцыянуюць пад патранатам Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. А ці стане ўстанова культуры аднайменнага аграгарадка мадэльным узорам для ўсяго раёна?
Віктар БАНЧУК: - Імкнёмся, прынамсі, каб усё так і было, каб "Ціхінічы" сталі для работнікаў культуры Рагачоўшчыны творчай лабараторыяй. Перакананы: і кадры там павінны быць мясцовыя, не з горада, бо пры такой базе не наскокамі варта працаваць, а мэтанакіравана, удумліва, адчуваючы велічыню ўскладзенай адказнасці... Уявіце: у вытворчую і сацыяльна-культурную сферу гэтага аграгарадка ўкладзена на сёння больш за 200 мільярдаў рублёў! Пагадзіцеся, такая сума абавязвае працаваць з адпаведнай аддачай.
Яўген РАГІН: - Днямі ў Гомелі прайшоў другі адборачны этап Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю". Паказальна, што ў конкурсны фінал трапіла студыя эстраднага танца з Рагачоўскай ДШМ. Ведаю, што ў вас вялікія задумкі на планавае развіццё харэаграфіі і ў райцэнтры, і ў тых жа самых Ціхінічах.
Віктар БАНЧУК: - А мы такі зыход справы з конкурсным фіналам проста "запланавалі"...
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Студыяй гэтай кіруе Юрый Шаўцоў.
Віктар БАНЧУК: - Даўно яго заўважылі, бо прафесіянал сапраўдны.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Заўважылі, жыллём забяспечылі, такім чынам, у райцэнтры "замацавалі".
Яўген РАГІН: - І з'явілася канкрэтная перспектыва харэаграфічнага развіцця?
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - У Гомелі збіраюцца стварыць харэаграфічны ліцэй. А мы, у сваю чаргу, плануем пераўтварыць харэаграфічнае аддзяленне Ціхініцкай ДШМ у сельскую харэаграфічную школу, цесна звязаўшы на метадалагічнай аснове дзейнасць дзвюх гэтых устаноў - абласной і вясковай...
Віктар БАНЧУК: - Аналагаў у рэспубліцы пакуль няма. Таму ініцыятыву начальніка аддзела культуры падтрымаў, як кажуць, з ходу. Харэографаў у раёне хранічна не стае. А тут з'явілася рэальная магчымасць рыхтаваць спецыялістаў з мясцовай дзятвы па схеме "Ціхінічы - Гомель - Рагачоўскі раён". І гэта, пагадзіцеся, абсалютна новы падыход да вырашэння кадравага пытання. Абнаўленне "крыві" - умова ў любой справе абавязковая. У творчай - тым больш. Словам, рашэнне прынята на райвыканкамаўскім узроўні.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Тут улічыць трэба: калі сёлета школа гэтая ў Ціхінічах будзе адкрыта, дык пад абласное фінансаванне яна, натуральна, не падпадзе.
Віктар БАНЧУК: - Таму і даў каманду аддзелу: тэрмінова падлічыце, колькі вам грошай на рэалізацыю праекта спатрэбіцца. Сродкі на гэты год возьмем з раённага бюджэту, як бы цяжка ні было.
Яўген РАГІН: - Віктар Леанідавіч, цікава, якую тактыку выкарыстоўваеце пры ўзаемадзеянні з начальнікам аддзела культуры?
Віктар БАНЧУК: - Імкнуся не перашкаджаць спецыялістам, калі адчуваю, што ёсць у іх жаданне самарэалізацыі, ёсць ініцыятыва і цвёрдае веданне таго, якімі шляхамі варта ажыццяўляць запланаванае... Думаю, самая плённая тактыка.
Яўген РАГІН: - Ад спраў перспектыўных давайце вернемся да праблем сённяшніх. Два гады таму пісаў пра даўгабуд новай ДШМ, што ўзведзена ўжо ля гарадской бібліятэкі. Засталіся тут, наколькі ведаю, унутраныя работы. Аб'ект будзеце здаваць сёлета?
Віктар БАНЧУК: - Быў у нас намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама па будаўніцтве Уладзімір Надтачаеў, запэўніў, што паўтара мільярда рублёў пад завяршэнне работ на школе мастацтваў ужо выдаткавана нам на першае паўгоддзе. Неабходна гэтыя сродкі асвойваць і сёлета аб'ект здаваць... Уладзімір Рыгоравіч заўсёды дбаў і дбае пра наш раён, таму і запрасілі яго балаціравацца дэпутатам абласнога Савета менавіта ў нас...
Яўген РАГІН: - Вельмі непрэзентабельны выгляд у бібліятэкі, што суседнічае з новай ДШМ. Будынак - адмысловы па архітэктуры, і тут спрадвек на ўсіх паверхах менавіта бібліятэка знаходзілася. Ці нельга цягам часу вярнуць статускво, каб будынак не аддзелу адукацыі, а аддзелу культуры прыналежаў? Шмат сёння чуў ад рагачоўцаў прапаноў аб уладкаванні на дадатковых плошчах і Музея кнігі, і карціннай галерэі, і адмысловых кніжных выставак...
Віктар БАНЧУК: - Цудоўна ведаю аб праблеме. Але вырашаць яе, перакананы, трэба не сёння. Прычына - тая ж: недахоп сродкаў. Згодны, тут неабходны комплексны падыход, але з рэальным вызначэннем прыярытэтаў.
Яўген РАГІН: - Адзін з такіх "іміджавых" прыярытэтаў, на мой погляд, - Замкавая гара... Размаўляў з дырэктарам Рагачоўскага будаўнічага каледжа Сцяпанам Рыжэўскім. Ён са сваім унікальным рамонтна-будаўнічым участкам, што дзейнічае пры каледжы, не толькі на ўзвядзенні аграгарадкоў раёна працуе, але і гатовы аддзел культуры падтрымаць ва ўсіх пачынаннях па ўтварэнні замкавых "інтэр'ераў" на Замкавай гары. Дык мо сапраўды час спонсараў для гэтага шукаць?
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Што мы і робім цяпер актыўна. У самы бліжэйшы час прапаную нашы праекты бізнесменам, што збяруцца на інвестыцыйны форум у Гомелі.
Віктар БАНЧУК: - Задумак тут сапраўды шмат. Выключна перспектыўны аб'ект. Нашу Замкавую гару на турыстычным маршруце ніяк не абмінеш... Так, шукаем спонсараў, каб "насыціць" аб'ект належнай інфраструктурай, самымі разнастайнымі магчымасцямі для аказання цікавых, крэатыўных і, натуральна, платных паслуг.
Яўген РАГІН: - Калі мы ўжо гэтую тэму закранулі, дык не магу не згадаць праблему, як падаецца, рэспубліканскага маштабу, агучаную ўжо многімі аддзеламі культуры: вялікія сёлета планы платных паслуг па клубных установах... І ў вас з гэтым жа сутыкаюся: план для сельскага клуба - 8 - 10 мільёнаў рублёў. Як, на ваш погляд, той план цяпер складаць?
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Нам даводзяць сацыяльны стандарт па сферы культуры. Чаму б не выпрацаваць гэткі ж стандарт па рацыянальным аказанні платных паслуг? Я проста перакананы, што план павінен залежаць ад канкрэтнай колькасці рэальных спажыўцоў культуры.
Віктар БАНЧУК: - Безумоўна, згодны. Мы не можам не ўлічваць тут дэмаграфічную сітуацыю ў кожнай канкрэтнай мясцовасці. Трэба неадкладна шукаць рацыянальныя эканамічныя падыходы да развіцця нашых аддзелаў культуры.
Яўген РАГІН: - У раёне шмат цікавых напрацовак па аказанні платных паслуг, дзе і духоўны, выхаваўчы пачатак ярка акрэслены, і камерцыйны складнік - досыць выразны і гнуткі... Думаю, у іншых рэгіёнах з цікавасцю пра гэта прачытаюць.
Віктар БАНЧУК: - Самым перспектыўным праектам лічу стварэнне Музея беларускай лялькі пры Цэнтры рамёстваў у вёсцы Стрэнькі.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Пры ААН дзейнічае Еўрапейская камісія, што фінансава падтрымлівае цікавыя этнічныя, фальклорныя праекты. Дык вось, камісія шукала такія праекты па ўсёй Беларусі, выбар спыніла на нашых Стрэньках, дзе збіраецца унікальная калекцыя нацыянальных славянскіх лялек, у тым ліку беларускіх абрадавых. Члены камісіі былі проста зачараваны.
Яўген РАГІН: - А раён займеў урэшце патэнцыйных спонсараў?
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Вельмі на гэта спадзяёмся, бо нашы прапановы цяпер разглядаюцца з вялікай цікавасцю.
Яўген РАГІН: - Я гутарыў з галоўным спецыялістам аддзела культуры Нінай Харонжай, дырэктарам метадцэнтра Ірынай Седлер пра перспектывы камерцыялізацыі сферы. Шмат цікавага распавялі яны. Пра тое, да прыкладу, што з 372 мільёнаў пазабюджэтных рублёў, заробленых установамі культуры летась, прыкладна траціна сумы прыпадае на рэалізацыю сацыяльна-творчых заказаў. І маюцца на ўвазе не толькі мерапрыемствы, зладжаныя па прапанове арганізацый і прадпрыемстваў...
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Так. У раёне - 67 аматарскіх аб'яднанняў, члены кожнага з іх на аддзелаўскіх ПАЗіку, "газелі" планава выязджаюць у Гомель, Жлобін, Магілёў, Мінск, каб наведаць тэатр, цырк, парк, музей. Такія культурныя вандроўкі практыкуем трэці год. Пад кожную паездку складаем калькуляцыю, любая такая экскурсія прыносіць на рахунак прыкладна мільён рублёў... Знайшлі, падаецца, тую "залатую сярэдзіну" пазабюджэтнай дзейнасці, калі камерцыйная разваротлівасць дапамагае: да прыкладу, летась за грошы, заробленыя ў выніку аказання насельніцтву платных паслуг, мы набылі для сельскіх устаноў культуры чатыры камп'ютэры. .
Віктар БАНЧУК: - Пагадзіцеся, вельмі важна не выходзіць сёння па-за межы гэтай "залатой сярэдзіны". Урэшце, стасункі з фінансістамі, з падатковай інспекцыяй усталёўваюцца на грунце закону вельмі проста.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Ніякіх "механічных рухаў" па "здабычы" грошай кіраўніцтва райвыканкама нам не дазволіць.
Яўген РАГІН: - Музея ў Стрэньках пакуль няма, у Цэнтры рамёстваў ёсць толькі экспазіцыя лялек. Але грошы вы там, наколькі ведаю, ужо зарабляеце...
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - У свой час паспрабавалі звязацца з турфірмай, каб вазіць да мясцовых рамеснікаў гасцей, у тым ліку і тых, хто адпачывае ў нашым санаторыі "Прыдняпроўскі". Але кантакт "не завязаўся": каму выгадна мець пасрэднікаў, губляючы пры гэтым даходы? Хоць, зрэшты, прасілі з турфірмы няшмат - 200 - 300 тысяч за паслугу: знаёмства з творчым жыццём Цэнтра рамёстваў, дэманстрацыя нацыянальнага абраду на падворку, прапанова беларускіх страў... Словам, не пайшла справа. Пачалі працаваць без пасрэднікаў. Атрымалі для нашага музейнага работніка ліцэнзію на экскурсійнае абслугоўванне. Узялі і ліцэнзію на аўтаперавозку людзей. На маршруце "Санаторый - Стрэнькі" ў нас працуе цяпер 8 - 9 самадзейных мастацкіх калектываў. І сувеніры свае (тыя ж абрадавыя лялькі) рэалізоўваем не без поспеху: скажам, кожная лялька каштуе ад двух тысяч рублёў...
Віктар БАНЧУК: - Схема, як сведчыць практыка, сапраўды працуе. А ў перспектыве ў маршрут будзе ўключана і наша Замкавая гара - адзін з пунктаў колішняга шляху "з варагаў у грэкі".
Яўген РАГІН: - "К" пісала ўжо, што ў вёсцы Кісцяні дырэктар СДК стала гаспадыняй аграсядзібы... Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Гэта яшчэ адзін пункт турмашруту.
Віктар БАНЧУК: - У нас і ў Стрэньках аграсядзіба адкрылася. Трэба, каб за гэтае лета аддзел культуры дакладна прапрацаваў і "пракатаў" схему ўзаемадзеяння з прыватнікамі... Тут у нас таксама шмат перспектыўных задумак, але, каб справу не сурочыць, казаць пра гэта пакуль не буду.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Яшчэ раз падкрэсліваю: мы не гонімся за колькасцю відаў паслуг. Не сакрэт, што там-сям заяўляюць па паўсотні такіх відаў, а працуе з іх рэальна - паўдзесятка. У нас 33 паслугі, працуюць - усе. Наша задача - іх паглыбляць і ўдасканальваць. Прыцягваць, скажам, больш маштабна гандаль. З вясны распачынаем працу з дзецьмі ў нашым кафэ, ладзім у кантакце з гандлёвымі работнікамі тэатралізаваныя святы марожанага, печыва...
Віктар БАНЧУК: - Пад гэта і рэстаран, які збольшага пустуе, трэба выкарыстоўваць. Карысць і гандлю, і культуры...
Яўген РАГІН: - Што, на ваш погляд, павінна ў першую чаргу ўтрымліваць Дзяржпраграма "Культура Рэспублікі Беларусь", якая пачне дзейнічаць з наступнага года?
Віктар БАНЧУК: - Лічу, што яна павінна гарантаваць канкрэтнае фінансаванне культурнай сферы.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - І матэрыяльную базу трэба няспынна ўдасканальваць, не адстаючы ад прагрэсу.
Віктар БАНЧУК: - Без дзяржаўнай падтрымкі мы хутка без музычных інструментаў застанемся. Якая без гэтага будучыня ў нашых маладых творцаў?
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Прапісаць варта і магчымасць гнуткага штатнага раскладу: два клубнікі не могуць у поўнай меры наладзіць гуртковую дзейнасць з прыцягненнем рознаўзроставых груп. Не ў колькасці гурткоў справа, а ў якасці іх работы. І змен тут у нас - аніякіх, аж з савецкіх часін. Школьны гурток, скажам, па кветкаводстве, аплачваецца настаўніку. А на аналагічны клубны гурток без аплаты клубніку і без ягонага належнага кантролю за наведваннем ніхто, натуральна, не пойдзе. Значыць, сістэматызаваць трэба дзейнасць сферы культуры і сістэмы адукацыі, узаемаўвязаць яе для агульнай карысці. Гэтае "галіновае" ўзаемадзеянне і варта было б прапісаць у праграме.
Віктар БАНЧУК: - Шкада, але мы не дайшлі пакуль да таго, каб "сабраць мазгі", сесці за стол і штабам узаемаўзгадніцца ў агульных дзеяннях. А патрэба наспела ўжо.
Яўген РАГІН: - У аддзеле культуры мне распавялі, што пастаянныя анкетаванні ладзяцца не толькі сярод спажыўцоў культуры, але і сярод штатных работнікаў клубаў і бібліятэк. Вынікі, як падаецца, вельмі паказальныя...
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Маеце на ўвазе тое, што ледзь не палова культработнікаў прызналася ў анкетах, што для працы ў новых, "крызісна-эканамічных", умовах не хапае не столькі ведаў, колькі ўпэўненасці ў сабе?
Яўген РАГІН: - Так. Вельмі шчырае прызнанне. І вельмі, як падаецца, паказальнае для калектыву, у якім практычна няма цякучкі кадраў.
Міхаіл ЗАЙЦАЎ: - Не баяцца пра гэта казаць - значыць, ёсць крытычная самаацэнка, не знікла жаданне творчай самарэалізацыі, прага не адставаць ад калег... Зразумела, няпроста цяпер кожнаму: і тварыць трэба, і зарабляць. Натуральна, падвоеная нагрузка ўскладаецца сёння і на Метадычны цэнтр, які павінен дбаць не толькі пра сцэнарыі, але і пра новыя формы кадравага навучання, сапраўды цікавага, нязмушанага і карыснага...
Віктар БАНЧУК: - За справу павінны адказваць прафесіяналы, якія выкарыстоўваюць любую магчымасць для самаўдасканалення. І тут у мяне ёсць вялікі папрок да начальніка аддзела культуры: перадавы вопыт у сферы развіцця культуры - і рэгіянальнай, і гарадской - збіраць трэба літаральна па крупінках і ў рэспубліцы, і за яе межамі.
Мінск - Рагачоўскі раён - Мінск