Міжнацыянальны давер, гарантаваны Асноўным Законам

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Беларусь — наш родны дом. Тут спакон веку годна сябе пачуваюць прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей. І гэтае права гарантавана Асноўным Законам Рэспублікі Беларусь — Канстытуцыяй. Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, што праходзіць у Гродне, сёлета яшчэ раз сцвердзіць еднасць народаў і культур, якія жывуць у адной супольнасці і годна прымнажаюць духоўны і культурны скарб Беларусі. Напярэдадні Дня Канстытуцыі пра дзяржаўную нацыянальную палітыку краіны, пра адметнасць суквецця культур пад эгідай Рэспубліканскага фестывалю ў Гродне распавядае Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід ГУЛЯКА.

 

З артыкула 14 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. - Як вы дэталізуеце паняцці, наўпрост звязаныя з дзяржаўнай палітыкай міжнацыянальнай стабільнасці, як "міжнацыянальны давер", "цывілізаваная форма дыялога" і "камфортны сацыяльна-псіхалагічны клімат для прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей"?

- Сваім пытаннем вы якраз і агучылі асноўныя складнікі "формулы" дзяржаўнай палітыкі, вынікам якой з'яўляецца феномен міжнацыянальнай стабільнасці ў нашым грамадстве, чым на сёння далёка не ўсе дзяржавы - нават еўрапейскія - могуць пахваліцца. З чаго складаецца "міжнацыянальны давер"? Пэўна, з таго, што кожная асоба ў нашай краіне з'яўляецца, па-першае, раўнапраўным грамадзянінам рэспублікі са сваімі правамі і абавязкамі, незалежна ад нацыянальнасці; па-другое, - кожны мае роўнае права на сваё нацыянальнае, канфесіянальнае вызначэнне і рэалізацыю духоўных і нацыянальна-культурных патрэб. А паколькі ўсе роўныя перад Канстытуцыяй і не аспрэчваюць гэтага, дык адсюль і давер да дзяржавы і адно да аднаго.

Добразычлівасць, талерантнасць і цярпімасць гістарычна закладзены ў беларускім народзе, які здавён прывык ацэньваць чалавека па справах, а не па нацыянальнай прыналежнасці. Спрыяе гэтаму і месцазнаходжанне Беларусі - цэнтр Еўропы, скрыжаванне культурных і гандлёвых шляхоў. Мінулыя войны наклалі адбітак: нельга жыць не сябруючы. Калі паміж людзьмі розных нацыянальнасцей ёсць давер, дык складваюцца і добрыя адносіны. Павінны быць цывілізаваныя формы дыялога. Як прыклад - дзейнасць грамадскіх Кансультатыўных міжэтнічнага і міжканфесіянальнага саветаў пры Упаўнаважаным. Яны складаюцца з прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, але ахвотна праводзяць сумесныя пасяджэнні, разам вырашаюць праблемныя пытанні, плануюць і ладзяць мерапрыемствы, супрацоўнічаюць з дзяржавай у рэалізацыі сацыяльна-значных праектаў. Словы кожны член савета павінен пацвярджаць справай. На пасяджэннях міжэтнічнага савета адбываецца размеркаванне фінансавай падтрымкі Упаўнаважанага на рэалізацыю праектаў грамадскіх аб'яднанняў, і, што цікава, размеркаванне гэтых сродкаў, па прапанове Упаўнаважанага, ажыццяўляецца самімі членамі савета.

Кожны, хто хоча атрымаць пэўную падтрымку свайго праекта, павінен абараніць яго перад сваімі калегамі, і ўсе разам вырашаюць, каму гэтыя сродкі найбольш патрэбны. Падобныя і іншыя пытанні вырашаюць супольна за адным сталом яўрэі і палесцінцы, армяне і туркі, немцы і цыганы, літоўцы і рускія, грузіны, украінцы, чувашы, карэйцы, казахі, іншыя, - вось гэта, на мой погляд, цывілізаваны дыялог. У нашай краіне прыняты Закон "Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь", распрацаваны і рэалізуюцца рэспубліканская і рэгіянальныя праграмы развіцця канфесіянальнай галіны, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2006 - 2010 гады. Дзяржава прадастаўляе роўныя магчымасці і падтрымку рэалізацыі нацыянальных культурных праектаў кожнай нацыянальнай супольнасці, але не дыктуе і не навязвае свае погляды. Галоўнае патрабаванне: дзейнічаць згодна з заканадаўствам і з павагай да іншых, астатняе- справа актыўнасці і працаздольнасці саміх грамадскіх арганізацый. Вось тут можна казаць і пра сапраўдны камфортны сацыяльнапсіхалагічны клімат для прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей: усе шляхі адкрыты, калі маеш жаданне стваральна працаваць. Нацыянальныя аб'яднанні карыстаюцца метадычнай, фінансавай, арганізацыйнай падтрымкай мясцовых органаў дзяржаўнай улады. Украінцы, палякі, яўрэі, літоўцы, грэкі, армяне выдаюць газеты, часопісы, бюлетэні. Працуюць інтэрнет-сайты, праводзяцца народныя святы, Дні нацыянальных культур, іншыя мерапрыемствы. Зыходзячы з патрэб і магчымасцей суполак працуюць гурткі, нядзельныя і нават агульныя школы і дзіцячыя садкі з нацыянальным кампанентам (напрыклад, польскія, літоўскія, яўрэйскія).

 Творчыя самадзейныя калектывы этнакультурных грамадскіх аб'яднанняў атрымліваюць падтрымку ў набыцці нацыянальных касцюмаў, запрашаюцца да ўдзелу ў мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных святах і мерапрыемствах. Яшчэ адна цікавая акалічнасць наконт "жыццёвага клімату" ў Беларусі: мы - адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе колькасць прыезджых на пастаяннае месца жыхарства перавышае ў некалькі разоў выезд ахвотных жыць за мяжой. А ці ехалі б сюды людзі, у іншым выпадку? Вось і адказ на ваша пытанне.

 Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.

 З артыкула 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 - На Беларусі ў згодзе і міры жывуць прадстаўнікі больш чым 140 нацыянальнасцей. Наша рэспубліка заўжды паспяхова вырашае пытанні захавання правоў нацыянальных меншасцей, развіцця культурнай самабытнасці. У сувязі з вышэйзгаданым як вам бачыцца "канфлікт", звязаны з Саюзам палякаў на Беларусі і Польскім домам у Івянцы?

 - Амаль усе нацыянальна-культурныя аб'яднанні і іх аргструктуры маюць значны вопыт грамадскай дзейнасці і напрацоўкі, якія падкрэсліваюць і папулярызуюць багацце культурнай спадчыны іх народа на Беларусі. Вядома, лепшым месцам, каб падзяліцца і пахваліцца гэтым багаццем, з'яўляецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Дзяржава ў свой час пайшла насустрач прапановам стварэння такога агульнага фестывалю і ўсклала на сябе цяжар арганізацыйных і фінансавых выдаткаў на яго правядзенне. Гэта было пажаданнем нацыянальных супольнасцей: яднацца і працаваць дзеля добрых спраў. Што да майго бачання тэмы згаданага "канфлікту", дык гэта банальная, непрыхаваная правакацыя невялікай групкі "актывістаў", якія, прыкрываючыся нацыянальнымі матывамі, спрабуюць зрабіць сабе імя на гэтым. Звярніце ўвагу: усё, што датычыцца спадарыні Борыс і яе паплечнікаў, звязана з нейкімі палітычнымі і грамадскімі скандаламі. Няма ніводнай згадкі пра праведзеныя ёю прыстойныя мерапрыемствы на карысць большасці жыхароў Івянца. Я ўпэўнены: людзі самі ўсё бачаць і разумеюць, а час пакажа, хто мае рацыю, а хто - не. Між тым, дзяржава хоць і не ўмешваецца ў асабістыя адносіны нацыянальных меншасцей (яны павінны самі разабрацца паміж сабой), але заканадаўства, Канстытуцыю Беларусі парушаць нікому не дазволіць: закон агульны для ўсіх грамадзян нашай краіны, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Беларусь паважае заканадаўства іншых дзяржаў і падтрымлівае грамадзянскае законапаслушэнства сваіх замежных суайчыннікаў, таго ж яна чакае і ад іншых.

Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

З артыкула 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

- Фестываль нацыянальных культур- вобразнае ўвасабленне шматнацыянальнага жыцця рэспублікі. Яго заключныя, найбольш яркія і масавыя, мерапрыемствы праводзяцца ў Гродне. Наколькі згаданы фестываль уплывае на творчую самарэалізацыю нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў, гарантаваную Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь?

- Так, першае на постсавецкай прасторы свята нацыянальных культур пачало крочыць па беларускай зямлі з 1995 года, з кожным годам знаходзячы новых сяброў. Беларусы сталі першымі, хто на такі высокі і грунтоўны ўзровень паставіў павагу да разнастайнасці суквецця нацыянальных культур - песень, танцаў, музыкі і іншых відаў творчасці, - таго, чым вызначаецца багацце культуры кожнага народа. Фестываль паклаў пачатак мэтанакіраванаму развіццю культур нацыянальных аб'яднанняў Беларусі і даў ім стымул творчага развіцця і росту. Ён пачаў садзейнічаць стварэнню новых самабытных і каларытных творчых калектываў, запальванню імён цікавых выканаўцаў і майстроў народнай творчасці, адкрыў новыя межы для самарэалізацыі нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў Беларусі, стаў меркай узроўню іх культурнай і грамадскай дзейнасці. Кожная з грамадскіх арганізацый марыць трапіць на гэты фестываль і праз тое імкнецца расці ў сваёй творчасці, паказваць лепшыя рысы нацыянальнага і духоўнага багацця свайго народа.

 Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці...

З артыкула 51 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

 З артыкула 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

- Некалькі слоў пра гісторыю развіцця фестывалю. З чаго ўсё пачыналася і як урэшце відазмянілася?

 - У мерапрыемствах першага фестывалю ў Гродне прымалі ўдзел 11 нацыянальных культурна-асветніцкіх аб'яднанняў: украінцы, рускія, палякі, яўрэі, татары, армяне, малдаване, літоўцы, азербайджанцы, карэйцы, немцы. Тады ж з'явілася і была выдатна рэалізавана ідэя правядзення нацыянальных падворкаў, дзе жыхары горада і госці не толькі пазнаёміліся з мастацкай творчасцю, але і адчулі асалоду ад нацыянальных страў у "Армянскай шашлычнай", "Азербайджанскай чайхане", "Літоўскай карчме", "Польскай кавярні", "Татарскай юрце", "Украінскім шынку", "Яўрэйскім кафэ", "Беларускай бульбянай"... Кожны наступны фестываль дадаваў нешта новае, меў свой каларыт і асаблівасць. Другому фестывалю нацыянальных культур каларыт надаў той факт, што Гродна ў маі 1998-га года святкавала сваё 870-годдзе. У праграму фестывалю арганічна ўпісаліся Свята паэзіі, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча, Форум музычных культур народаў Беларусі, рэспубліканская выстаўка "Украінская вышыўка", малдаўскае свята "Мэрцішор". Да 600-годдзя рассялення татар на землях Беларусі было праведзена свята "Караван-Байрам".

Для далейшага захавання і развіцця шматвекавых традыцый нацыянальных аб'яднанняў Беларусі Міністэрства культуры сумесна з заснавальнікамі вырашыла надаць III фестывалю статус рэспубліканскага. Праводзіўся ён пад час сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства ў Рэспубліцы Беларусь. На форуме ўпершыню быў закладзены сквер "Дружба", дзе прадстаўнікі нацыянальных культурных аб'яднанняў пасадзілі маладыя дрэвы - памяць аб роднай прыродзе з гістарычных радзім. На адным з будынкаў Гродна было ўрачыста адкрыта дэкаратыўнае пано, якое стала знакам традыцыйнасці і пераемнасці фестываляў нацыянальных культур у гэтым абласным цэнтры. Абласныя фестывалі ў Гомелі, Брэсце, Міёрах, Мінску, Гродне, Магілёве, Маладзечне ўпершыню прайшлі ў рамках IV Фестывалю нацыянальных культур з кастрычніка па снежань 2002 года. Гэтае новаўвядзенне дазволіла не толькі прадэманстраваць усе творчыя сілы, але і глыбей зазірнуць у культурную "душу" кожнай вобласці. Наступны форум быў юбілейным, і ўпершыню праходзіў згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яго геаграфія значна пашырылася. У творчых кампазіцыях шырока была прадстаўлена тэма 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сімвалічным стала правядзенне пад час заключных мерапрыемстваў фестывалю II Кангрэса дзеячаў культуры і мастацтваў краін- удзельніц СНД "Новае пакаленне і дыялог культур на постсавецкай прасторы".

 У 2005 - 2006 гадах прайшоў VI фестываль, які быў прысвечаны 60-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У рамках яго заключных мерапрыемстваў упершыню адбыўся конкурс маладых выканаўцаў нацыянальнай песні. VII фестываль праходзіў у чэрвені 2008-га. І калі ў першым фестывалі, як адзначалася, прынялі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальных аб'яднанняў, дык у сёмым па ліку - ужо каля 30-ці, усяго- звыш дзвюх тысяч чалавек. Адметна і тое, што пад час правядзення адборачных тураў з'явіліся новыя нацыянальныя аб'яднанні і калектывы: балгарскія, кабардзіна-балкарскія, арабскія. Жаданымі гасцямі фестывалю сталі калектывы грамадскіх аб'яднанняў беларускіх суайчыннікаў з Літвы, Польшчы, Латвіі, Украіны, Расіі. Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур- гэта новае народнае свята, якое з'яўляецца яркім доказам таго, што для прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей Беларусь стала агульным домам, новае формаўтварэнне ў святочнай культуры нашай дзяржавы, фестываль дружбы, дзе кожны з яго ўдзельнікаў уласнай творчасцю не толькі захоўвае і развівае свае нацыянальныя традыцыі, але і ўзбагачае духоўную культуру Беларусі. Адзінае, што стрымлівае межы фестывалю - гэта "фізічныя" магчымасці горада Гродна: папулярнасць свята такая, што ўсе ахвотныя проста не могуць тут размясціцца.

 Кожны мае права на свабоду аб'яднанняў.

 З артыкула 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

- Колькі нацыянальных культурнаасветніцкіх аб'яднанняў прымуць удзел у сёлетнім фестывалі? Чым яны мяркуюць здзівіць Гродна?

- На другое пытанне пакуль падрабязна адказваць не буду - няхай захаваецца інтрыга,- але скажу, што па рэспубліцы ў адборачных турах прынялі ўдзел больш за 2500 чалавек, прадстаўнікоў 33 нацыянальнасцей: армяне, азербайджанцы, афганцы, балгары, венгры, грузіны, грэкі, дагестанцы, індыйцы, кабардзіна-балкары, казахі, карэйцы, ланкійцы (Шры-Ланка), латышы, літоўцы, малдаване, мардоўцы, марыйцы, немцы, пакістанцы, палесцінцы, палякі, рускія, татары, таджыкі, туркмены, башкіры, украінцы, цыганы, чачэнцы, чувашы, эстонцы, яўрэі.

Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў.

З артыкула 51 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 - Ці стаў фестываль творчай мадэллю міжнацыянальных зносін у краіне? Якім яго бачыце ў перспектыве?

- Бясспрэчна, стаў. Грамадскія аб'яднанні нацыянальных супольнасцей будуюць адносіны паміж сабой па прыкладзе жыцця фестывалю. Большая частка іх мерапрыемстваў адбываецца з запрашэннем да ўдзелу ў іх прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Усё часцей пачалі праводзіцца буйныя сумесныя праекты некалькіх аб'яднанняў. Адзін з апошніх: нямецкая і яўрэйская абшчыны правялі сумеснае мерапрыемства, прысвечанае 65-годдзю завяршэння Вялікай Айчыннай вайны "Жадаем жыць з усімі ў міры". Нацыянальныя супольнасці паводзяць сябе як добрыя суседзі: працуюць і святкуюць разам. Радуе і абнадзейвае тое, што фестываль для многіх стаў стылем жыцця, што ў ім знайшлося месца для беларускіх суайчыннікаў з замежжа, якія таксама гуртуюцца вакол сваёй Бацькаўшчыны, што людзі навучыліся не толькі ганарыцца сваёй спадчынай, але і паважаць культуру і традыцыі іншых народаў, ставіцца да іх як да роўных. Мяркую, фестываль мае перспектывы развіцця і цікавую будучыню. Пад час яго ў Гродна прыязджаюць падзівіцца і пераняць вопыт з бліжняга і далёкага замежжа. Не выключана, што ў хуткім часе лепшыя ўдзельнікі такіх фестываляў з розных краін свету будуць сустракацца на міжнародных фэстах.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"