“Накоротке” не атрымаецца

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

У сярэдзіне кастрычніка здымачная група фільма “Брэсцкая крэпасць” прэзентавала першы плён сваёй працы — васьміхвілінны прома-ролік будучай карціны. Амбітны кінапраект Саюзнай дзяржавы будзе прадстаўлены і пад час цырымоніі адкрыцця XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Генеральны прадзюсер фільма Ігар УГОЛЬНІКАЎ атрымаў афіцыйнае запрашэнне ў якасці госця фестывалю. Зрэшты, у Мінску ён і без таго госць нярэдкі. І нават не зусім госць. Менавіта ў беларускай сталіцы (калі дакладней — у Інстытуце журналістыкі БДУ) праходзяць здымкі яго аўтарскай тэлеперадачы “Час Саюза”. Гэта адзін з праектаў Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якую ўзначальвае Ігар Станіслававіч. Карэспандэнту “К” удалося скарыстацца невялікім прамежкам у напружаным графіку прадзюсера, каб пагутарыць пра той праект, які цяпер для яго — самы галоўны.

/i/content/pi/cult/235/3293/6-1.jpg- Што ўбачаць наведвальнікі цырымоніі адкрыцця "Лістапада"?

 - Гэта нават яшчэ не трэйлер, а проста першы прома-ролік, прызначаны для таго, каб гледачы маглі хаця б трохі ўсвядоміць маштаб карціны і ведалі, чаго ім чакаць у бліжэйшай будучыні.

- У савецкія - ды і постсавецкія - часы фільмаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай, было створана вельмі шмат. Ваша стужка - працяг гэтай традыцыі або яе пераасэнсаванне?

- Ад многіх іншых стужак пра вайну наш фільм адрознівае перадусім тое, што ён зроблены ад шчырага сэрца. Яшчэ ад самага пачатку працы мы разумелі, што тэму гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці нельга адлюстроўваць "накоротке", "абы зняць", - яна павінна сапраўды скалануць усё ўнутры. Дарэчы, менавіта таму здымкі праходзілі непасрэдна ў Брэсцкай крэпасці. Эмацыйны фон месца гістарычных падзей - гэта тое, што нельга "падрабіць" з дапамогай найсучаснейшых камп'ютэрных тэхналогій. Спадзяюся, па той бок экрана ён таксама будзе адчувальны.

/i/content/pi/cult/235/3293/6-3.jpg- Многія класічныя фільмы на ваенную тэматыку былі даволі аскетычнымі ў плане "карцінкі". Але сённяшні глядач "прывучаны" да відовішчаў...

- І менавіта таму мы робім гэты фільм відовішчным, задзейнічаўшы ўвесь арсенал сродкаў сучаснага кіно, - іначай сучаснага гледача і сапраўды не зачапіць за жывое. Моладзь ужо прызвычаілася да дынамічнай "карцінкі", да імклівага развіцця сюжэта. Прадставіць гэты фільм гледачу- таксама няпростая справа. Сёння мала зняць добрае кіно - важна правільна яго пазіцыянаваць, прарэкламаваць, арганізаваць пракат. Як вы ўжо, напэўна, ведаеце, сваё экраннае жыццё фільм пачне ў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня а чацвёртай раніцы. У той самы дзень стужка стартуе ў пракаце па ўсёй тэрыторыі Беларусі і Расіі- адразу пяцюстамі копій. Кінапракатчыкі ўжо праяўляюць да фільма не абы-якую цікавасць.

- Сучасная моладзь неахвотна ўспрымае матэрыял з дыдактычным падтэкстам. Сам выраз "патрыятычнае кіно" можа выклікаць у многіх рэакцыю адарвання...

- Але гэта адбываецца тады, калі фільм зроблены кепска, калі яго стваральнікі лічаць гледача за дурня і не спрабуюць глыбока, па-чалавечы, пранікнуць у сутнасць тых падзей, смеласць адлюстроўваць якія яны на сябе ўзялі. Спадзяюся, такіх папрокаў мы не заслужым.

- Мінулыя пакаленні пісьменнікаў і рэжысёраў - гэта людзі, якіх вайна закранула непасрэдна. Цяперашнія творцы - ды і гледачы таксама- могуць адчуць атмасферу тых жахлівых часоў дзякуючы хіба свайму ўяўленню. Ці давалася такая акалічнасць у знакі пад час працы над стужкай?

- Для таго, каб вярнуць незваротнае, кіно і патрэбна. Наш фільм дасць маладому гледачу магчымасць адчуць сябе абаронцам Брэсцкай крэпасці, паставіць сябе на месца свайго аднагодкі "ўзору" 1941га. Сцэнарый і кінааповед пабудаваны менавіта такім чынам, каб наведвальнік кінатэатра мог праектаваць на сябе тое, што праектуецца на экран. І прымаць рашэнне, які выбар зрабіць у той ці іншай сітуацыі. Здацца ў палон? У фільме прапануецца такі варыянт. Паспяшацца загінуць першым? Яшчэ адзін варыянт. Абраць іншы шлях - вось вам прыклад камісара Фаміна і маёра Гаўрылава... Паўтаруся: мы не навязваем рашэнні, а прапануем варыянты. Адзін, другі, трэці... Выбірай сам! Уласна, так і было пры абароне Брэсцкай крэпасці. Чаму нашы землякі, усведамляючы, што фронт далёка, што дапамогі чакаць не выпадае, што большасць іх аднапалчан загінулі або здаліся ў палон, усё ж змагаліся да апошняга? Адказ на гэтае пытанне павінны знайсці самі гледачы фільма. Дакладней, кожны - паасобку. Наша задача - ярка і праўдзіва паказваць падзеі вайны.

/i/content/pi/cult/235/3293/6-2.jpg- Пішучы рэцэнзію на новы фільм, крытык звычайна праводзіць аналогіі з вядомымі карцінамі былых часоў. Ці не маглі б вы спрасціць задачу маіх калег?

 - Аналогій мы не шукалі. Мы карысталіся з прыкладаў. А вартых увагі і асэнсавання прыкладаў было болей чым дастаткова. Гэта фільмы Озерава, Бандарчука і стужкі больш позняга перыяду - у тым ліку і амерыканскай вытворчасці.

- "Брэсцкую крэпасць" ужо ахрысцілі "блокбастэрам"...

- Гэтае паняцце прадугледжвае не толькі вялікія інвестыцыі ў вытворчасць фільма і яго відовішчнасць, але і маштабнасць праекта, сур'ёзнае і адказнае да яго стаўленне. Што ў гэтым кепскага?

 - Сродкі на вытворчасць "Брэсцкай крэпасці" выдаткаваны з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У краіне - гэта норма: адзіным сур'ёзным інвестарам у кінавытворчасць у нас з'яўляецца дзяржава, хаця апошнім часам шмат размоў вядзецца адносна прадзюсерскіх кінапраектаў. У Расіі, наколькі я магу меркаваць па водгуках у СМІ, сітуацыя амаль супрацьлеглая...

 - Сапраўды, калі ты хочаш рабіць кіно на тэмы, якія называюць "някасавымі", без дзяржаўных датацый не абысціся. Прадзюсеры лічаць - і абсалютна справядліва, - што такія фільмы, як "Брэсцкая крэпасць", у прынцыпе не могуць быць малабюджэтнымі. А ўкладаць у іх вытворчасць вялікія грошы яны пабойваюцца. Таму лічу абсалютна нармальным тое, што дзяржава падтрымлівае стужкі на патрыятычную тэматыку. Між іншым, гэта адбываецца не толькі ў нашых краінах, але і ва ўсім свеце - уключна нават з ЗША.

- Традыцыйнае пытанне: якія далейшыя кінематаграфічныя планы ТРА Саюза? Літаральна сёння пачуў пра вашу задуму зрабіць новую экранізацыю "Чорнага замка Альшанскага"...

 - Такая задума сапраўды ёсць. Мы нават ужо зрабілі першыя крокі на шляху яе ажыццяўляння. У прыватнасці, напісаны сцэнарый, дакладней - першы яго варыянт. Праца нас чакае не з лёгкіх. Калі ўважліва прачытаць твор Караткевіча, можна прыйсці да высновы, што экранізаваць яго вельмі складана: надта ж заблытаныя там сюжэтныя лініі.

- Гэты фільм будзе своеасаблівым рымейкам вядомай стужкі Міхаіла Пташука?

 - Наўрад ці. Фільм Пташука быў зняты больш як 20 гадоў таму. Думаецца, сённяшняму гледачу ён можа падацца трохі "састарэлым" - прынамсі, у фармальным плане, праз сваю стылістыку і выразныя сродкі. Наша ж задача - перакласці класічны раман на сучасную кінамову. Для шырокага расійскага гледача твор Караткевіча, напэўна, будзе адкрыццём, а беларускі здолее ўбачыць свой улюбёны сюжэт новымі вачыма.

Фота Уладзіміра ГАЙСЛЕРА

P.S.

Наша размова акурат блізілася да завяршэння, калі дзверы аўдыторыі Інстытута журналістыкі адкрыліся, і на парозе з'явіўся... спявак Валерый Сюткін уласнай персонай. Ён спецыяльна прыляцеў з Масквы на здымкі праграмы "Час Саюза". Вітаючы госця, Ігар Станіслававіч выпадкова выпусціў з рук папку-"шпаргалку". І тут жа - як быў, у строгім гарнітуры, - прысеў проста на падлогу. Мабыць, гэта такаяпрафесійная прыкмета... У той момант ён ізноў паўстаў у звыклым для тэлегледачоў абліччы, незабыўным па гарэзлівых гумарыстычных перадачах. Адлегласць паміж "Оба-на!" і "Брэсцкай крэпасцю" - папраўдзе каласальная. Што стала прычынай такой унутранай эвалюцыі? Пытанне, на жаль, задаць не паспеў. Зрэшты, гэта тэма для асобнай гутаркі...