Ці патрэбны ў вёсцы культуролаг?

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Ці патрэбныя ў сельскім клубе менеджэр, маркетолаг, праграміст, к у л ь т у р о лаг? Вельмі хочацца адказаць станоўча. Маўляў, чым нашы паселішчы адрозніваюцца ад г а р а д о ў ? . . Хочацца, але пакуль не в ы п а д а е . Праславутая “грань” паміж хатай і шматпавярховікам па-ранейшаму вострая і “выцірацца” ніяк не жадае. І прычын таму, натуральна, процьма. Кадравы голад сельскай культуры абумоўлены адсутнасцю сацыяльнага жылля, непрэстыжнасцю прафесіі (чытай: нізкімі заробкамі) і тлумачыцца ў выніку неакрэсленасцю і неабароненасцю статуса вясковага культасветніка. І калі ў штаце СДК хранічна не стае дырэктара ці акампаніятара, дык ці варта аддзелам культуры марыць пра культуролагаў і менеджэраў, якім у сённяшняй вёсцы проста справы па спецыяльнасці не знойдзецца? Дый не разлічаны на такіх спецыялістаў той самы вясковы штатны расклад... Словам, чакаюць у паселішчах нашых не глыбакадумных тэарэтыкаў ад культуры са свежымі дыпломнымі “корачкамі” БДУКіМа, а патэнцыйных рабацяг з вузкай спецыялізацыяй, якія не баяцца сельскай спецыфікі жыцця і прасякнуты духам народніцтва і асветніцтва. Праблема — агульнадзяржаўная, і рэгіёны тут розняцца толькі адным: дзесьці аддзелы культуры такіх кадраў пасіўна чакаюць, а дзесьці імкнуцца працаваць на тое, каб абнаўленне культасветнай “крыві” было гарантаваным, планавым, выніковым. Талачынскі раён тут — не выключэнне. І ў вырашэнні кадравых пытанняў хапае і станоўчага, і адмоўнага.

/i/content/pi/cult/227/3045/10-1.jpg
 /i/content/pi/cult/227/3045/10-2.jpg

Без спеца-клубніка хоць "Ратуйце!" крычы

 Спачатку - лічбы і факты. У Талачынскім раёне - 29 клубных устаноў, 28 бібліятэк, Дом рамёстваў, дзве дзіцячыя школы мастацтваў. Працуе ў сферы рэгіянальнай культуры 185 спецыялістаў і кіраўнікоў, з вышэйшай адукацыяй - 45 чалавек, з сярэдняй спецыяльнай - 107. Спецыяльнай адукацыі не маюць 33 культработнікі, такіх, як вядома, называюць практыкамі, якія недахоп тэарэтычных ведаў імкнуцца кампенсаваць вялікім практычным досведам... Меншая палова культработнікаў мае ўзрост ад 20 да 39 гадоў, 29 чалавек сягнулі за паўвекавы рубеж, 18 дасягнулі пенсійнага ўзросту... Кадравая статыстыка, шчыра скажам, не надта аптымістычная. Не адмаўляюць гэтага ні старшыня Талачынскага райвыканкама Аляксандр Марэйка, ні ягоны намеснік па сацыяльных пытаннях Міхаіл Завадскі, ні начальнік мясцовага аддзела культуры Аляксандр Ражанскі. Што ж робіцца ў рэгіёне дзеля кадравага амалажэння культурнай сферы, дзеля паляпшэння яе якаснага складу? Фактычны стан спраў наступны. Вядучы спецыяліст аддзела культуры Галіна Кірычонак распавяла, што аддзел культуры на сёння можа пахваліцца толькі двума мэтавікамі, якія вырашылі па накіраванні прадоўжыць адукацыю, атрыманую ў мясцовых школах мастацтваў. Заўважу, навучальныя ўстановы культуры раёна (і не толькі Талачынскага) кадравага голаду якраз і не адчуваюць. Школа мастацтваў, як правіла, сама сабе рыхтуе настаўніцкую змену. Вось і ДШМ у Талачыне, як і аналагічная ўстанова ў гарадскім пасёлку Коханава, мае ва ўласным педагагічным складзе нямала колішніх выхаванцаў. З прычыны такой кадравай самадастатковасці згадкі пра ДШМ пакінем па-за дужкамі праблематыкі гэтага артыкула. Як, зрэшты, і аналіз дзейнасці мясцовых бібліятэк, бо і тут кадравай нішчымніцы ў Талачынскім раёне не адчуваецца: няхай выбачаюць нашы бібліятэкары, але "ціхую" кнігавыдачу са спадарожнымі культмасавымі мерапрыемствамі цяжка параўнаць з нязменна гарачым "пярэднім краем" дыскатэчна-канцэртнай дзейнасці РДК, СДК ці СК, дзе без адпаведнага спеца з крэатыўным мысленнем хоць "Ратуйце!" крычы... Карацей, у выніку "тэматычнага адбору" гаворка сёння пойдзе толькі пра наяўныя і ўяўныя кадры менавіта клубных устаноў Талачыншчыны. Хаця б з тае нагоды, што дзве вакансіі ў раёне - клубныя: вольнымі застаюцца пасады кіраўнікоў СДК у аграгарадках "Заднева" і "Друцк".

Практык практыку - розніца

 Кіраўніцтва раёна, паўтаруся, цалкам згоднае, што прафарыентацыйная работа ў сферы культуры Талачыншчыны наладжана не вельмі добра (больш падрабязней пра гэта - крыху пазней). Між тым, стаўку тут справядліва робяць менавіта на дарослыя кадры. Але не на мэтавікоў, якім яшчэ вучыцца ды вучыцца, а на... практыкаў. І, паверце, ёсць у гэтым здаровы ды практычны (даруйце за таўталогію) сэнс. Вось пра што распавядае з гэтай нагоды начальнік аддзела культуры Аляксандр Ражанскі: - Ну, які, скажыце, толк ад таго, што прыслалі нам у свой час па размеркаванні з Віцебскага культасветвучылішча маладога чалавека? Сам папрасіўся ўзначаліць СДК. Натуральна, пайшлі насустрач, нават адзін з прэзідэнцкіх домікаў яму прапанавалі... А хлопец працаваць, як аказалася, і не хоча, і не можа. Ледзь пазбавіліся ад гора-спецыяліста. А запоўніць вакансію проста няма кім. На маё пытанне "Хіба ж не пралікі гэта ў прафарыентацыйнай рабоце?" намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Завадскі скіраваў гутарку ў іншы бок. Маўляў, з яго пункта гледжання, якасць падрыхтоўкі работнікаў культуры ў сярэдніх спецыяльных і нават вышэйшых установах кульгае на абедзве нагі: маладыя спецыялісты не ведаюць спецыфікі сельскага жыцця, не маюць дасканалых навыкаў зносін з людзьмі на элементарным псіхалагічным узроўні. Дык ці не лепей мець на клубных пасадах практыкаў, мясцовых, дасведчаных у любых вясковых калізіях і персаналіях, людзей? Але практыкі гэтыя (нагадваю: работнікі з вопытам, але без адпаведнай адукацыі) павінны стаць завочнікамі. І тым, што такая кадравая палітыка ў мясцовага аддзела культуры - генеральная, даказвае найперш тая ж статыстыка:12 работнікаў культуры Талачыншчыны сёння завочна вучацца ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах рэспублікі. Пагадзіцеся, паказчык неблагі і дадае ўпэўненасці, што кадравыя перспектывы ў рэгіёне не такія ўжо і цьмяныя. Безумоўна, практыкі - не панацэя, і сённяшнія клубныя кадры рыхтаваць трэба было яшчэ пазаўчора. Тым больш, што пэўная колькасць сённяшніх практыкаў у клубных установах рэспублікі якраз згаданай практыкі яшчэ не займелі. Да прыкладу, народны клуб нацыянальнай кухні "Пачастункі з Варанцэвічаў", што дзейнічае шмат гадоў пры Варанцэвіцкім СДК, узначаліць неўзабаве 33-гадовая Алена Фядкевіч. Хоць і працуе як быццам "па спецыяльнасці" - поварам у мясцовай сталоўцы, але вопыту ў арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў ёй яўна бракуе. Таму і збіраецца Алена ў хуткім часе стаць завочніцай... А вось Ганна Маркаўна Конюшка, якой ужо 87-ы пайшоў, культасветнай адукацыі займець так і не паспела. Працавала пэўны час у сельскай гаспадарцы, потым стала... загадчыкам клуба ў вёсцы Крывыя. Натуральна, такое пераўвасабленне не было выпадковым. Ганна Маркаўна - адна з першых фалькларыстак раёна, па ейных сцэнарыях і па сёння ў СДК раёна ладзяцца абрадавыя фальклорныя дзеі з танцамі, песнямі, гульнямі. Ад маці пераняла Конюшка народнае мастацтва традыцыйнай каляндарнай абраднасці, нават сама пачала песні складаць... Ганна Маркаўна ўжо колькі гадоў - на заслужаным адпачынку. Дый клуб у вёсцы Крывыя ў ходзе аптымізацыі ўстаноў раённай культуры быў зліквідаваны. Але слава народнага этнаграфічнага гурта "Суседзі", якім кіравала Конюшка, па-ранейшаму жывая і гучная. Дарэчы, калектыў гэты, крыху ў іншым складзе, дзейнічае цяпер у суседняй вёсцы Абольцы, пры мясцовым СДК, якім таксама кіруе практык Ніна Літвінава. Але практык яна аж з 1970 года, а ўстанова лічыцца адной з прыстойных у раёне. "Дык лепей вось такія практыкі, - падводзіць рысу начальнік аддзела культуры Талачынскага райвыканкама, - чым невукі з вышэйшай адукацыяй!"

/i/content/pi/cult/227/3045/10-4.jpg
 /i/content/pi/cult/227/3045/10-5.jpg

Дыягназ - стандартны: кадравы голад

Доўга шукаў адрас для камандзіроўкі. Тое, што гэта будзе Віцебская вобласць, вынікала са строгай планавасці геаграфіі нашых публікацый пад рубрыкай "Родная зямля: час крэатыву". А вось раён, прызнаюся, абраць адразу было няпроста. Патэлефанаваў у адзін аддзел культуры, паведаміў, што цікавіць праблема кадраў, пачуў адказ: "Далібог, не прыязджайце: з кадрамі - завал!" Звязаўся з іншым аддзелам, выслухаў амаль аналагічную просьбу: "А мо не трэба пісаць? Гэта ж будзе разгромны артыкул, бо культработнікаў не хапае!" Пагадзіцеся, асадак пасля такіх "канструктыўных" размоў застаўся прыкры. Наведванне гэтых адрасоў адклаў на бліжэйшую перспектыву, бо, шчыра кажучы, спадабаўся адказ начальніка аддзела культуры Талачынскага райвыканкама Аляксандра Ражанскага: "Канешне, прыязджайце! Хоць і няпростая сітуацыя з кадрамі, але, напэўна, характэрная яна не толькі для Віцебскай вобласці... Словам, чакаю! Усё на ўласныя вочы ўбачыце". Такая шчырасць не магла не прывабіць, як, зрэшты, і жаданне павесці канструктыўную гаворку пра праблему, уласцівую длякультурнай сферы ўсёй рэспублікі. Аляксандр Ражанскі - выхаванец першага рэжысёрскага набору Пятра Гуда, аднаго з самых яркіх, на мой погляд, выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Многія з тых выхаванцаў узначалілі потым раённыя аддзелы культуры. Ражанскі - з іх ліку. Старшыня Талачын   скага райвыканкама Аляксандр Марэйка называе яго сваім паплечнікам: маўляў, адну справу робім, а без культуры - які імідж у раёна? Усё правільна! Як і тое, што культура без якасных кадраў - небаяздольная... Дык вось, пра кадры. Аляксандр Ражанскі яшчэ памятае тыя часіны, калі студэнты універсітэта і курсавыя, і дыпломныя рыхтавалі на базе вясковых клубных устаноў. Удумліва знаёміліся з тамтэйшымі рэаліямі і персаналіямі, добра ведалі, што і хто іх чакае пасля размеркавання, усяляк імкнуліся засведчыць сваю патрэбнасць і спецыялізацыю мелі не тое што вузкую, а - канкрэтную, якая цалкам адпавядала патрэбам часу. А цяпер... Менеджэры і культуролагі - прафесіі, канешне, кідкія, але не больш за тое. Хто з сённяшніх выпускнікоў, калі ім не падказаць, пачынае сваю дзейнасць пасля вучобы ў культасветустановах са знаёмства з вёскай і яе жыхарамі? Нават вясковыя па паходжанні маладыя спецыялісты на гэта няздольныя. Таму і няма адраснай культасветработы, таму і няма ад працы адчувальнага выніку. Банальна, але факт: вёску трэба не баяцца, а любіць. Аднак гэты патрыятызм, як паказвае практыка, не надта ў студэнтаў і выхоўваецца. А яшчэ гаварылі з Ражанскім пра якасць сённяшняга навучання, пра, так бы мовіць, вузкую спецыялізацыю. Высветлілася, што завочнікі - будучыя культуролагі і сацыяльныя работнікі на першых курсах у БДУКіМ вывучаюць 100-гадзінны курс замежнай мовы, а на рэжысуру і 10 гадзін за год не набіраецца... Хто будзе іх вучыць пасля выпуску? Жыццё і практыкі. А ці стане тое навучанне карысным - пытанне з пытанняў. Безумоўна, мясцовы метадычны цэнтр ладзіць штомесячную вучобу спецыялістаў. Як паведамляе вядучы спецыяліст РМЦНТ Людміла Картавіцкая, існуе пры ўстанове школа традыцыйнай культуры, ладзяцца рэгулярныя семінары-практыкумы па абагульненні досведу работы з клубнымі аматарскімі аб'яднаннямі. З новымі кадрамі працуюць вопытныя спецыялісты, стажыроўкі на базе лепшых клубаў - сталі ў раёне будзённасцю. Адна бяда: хранічна не стае тых новых спецыялістаў. І гаворка - не толькі пра вакансіі двух дырэктараў СДК. На многіх пасадах, як ужо згадвалася, працуюць людзі пенсійнага ўзросту, а замяніць іх няма кім. І тут ужо ніяк не абмінеш праблему планавай і доўгатэрміновай прафесійнай арыентацыі моладзі, якая, падаецца, ніяк не вырашыцца не толькі ў межах Талачынскага раёна, але і ўсёй рэспублікі. Хвароба вядомая, застарэлая, а вось лячыць яе ніхто не спяшаецца ці не знаходзіць сіл, бо дзялянка працы тут больш чым ладная.

Прафарыентацыя - імправізацыя ці планавасць?

Ні ў адным з раёнаў, прынамсі, не бачыў інфармацыйнага банка даных, які ўтрымліваў бы спіс будучых патэнцыяльных клубнікаў, бібліятэкараў, музейшчыкаў, што вучацца сёння не толькі ў выпускных, але і сярэдніх, нават пачатковых класах нашых агульнаадукацыйных школ. Безумоўна, перспектыўных мэтавікоў не можа быць зашмат. Будучы творца - "тавар штучны". І адшукваць ды прамываць тое "золата" трэба карпатліва, павольна, удумліва, дбаючы пры гэтым не толькі пра заўтрашні, але і паслязаўтрашні дзень. А гэта, таксама, пагадзіцеся, вымагае гонару. І на ўзроўні практыка такі "вышук" таленавітых дзяцей амаль не прыносіць плёну. І ўсё ж станоўчыя прыклады такой мэтанакіраванай работы ў Талачынскім раёне ёсць. У аграгарадку "Варанцэвічы" давялося пабачыць шчыльнае ўзаемадзеянне дырэктара СДК Надзеі Камбянковай, кіраўніка мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Анатоля Хадорыка і дырэктара сярэдняй школы Ніны Хмялёвай. Анатоль Хадорык, паўтараючы словы старшыні райвыканкама, зазначыў: "Адну справу робім! Без сучаснай культуры - якая сучасная вёска?" Таму і няма тут праблем з жытлом для культасветнікаў, з фінансаваннем пэўных масавых мерапрыемстваў... І самае галоўнае - ёсць у настаўнікаў і клубнікаў спіс таленавітых дзяцей: аж 61 чалавек! Васьмікласніца Насця Фядковіч (дачка Алены Фядковіч - будучага кіраўніка мясцовага народнага клуба нацыянальнай кухні) - патэнцыйная студэнтка навучальнай установы культуры. Дай Бог! З прафарыентацыйнай праблемай сутыкнулася і дырэктар Аболецкага СДК Ніна Літвінава (практык аж з 1970 года). Справа ў тым, што замяніць яе на кіраўнічай пасадзе няма кім. Ну, не выпадковым жа чалавекам! Хоць той-сёй, напрыклад, з мясцовых жывёлаводаў (!) і не супраць. Начальнік аддзела культуры, натуральна,не можа пайсці на такую непрадуманую ракіроўкў, але і альтэрнатывы дырэктару СДК пакуль - аніякай. Усе гэта і прымусіла заняцца прафарыентацыяй гэткага імправізаванага характару. І кандыдатак на будучых студэнтак знайшла дырэктар СДК без перашкод: дзесяцікласніцы Марына Маісеева і Насця Прыстаўка не першы год займаюцца ў клубным харэаграфічным гуртку. Дзяўчаткі жадаюць стаць клубніцамі, хоць бацькі пакуль і не надта вітаюць гэты выбар: маўляў, і заробкі невялікія, і прэстыж прафесіі кульгае. І ў такім стаўленні да будучай працы дзяцей, я перакананы, таксама - хібы несвоечасовай і не вельмі грунтоўнай прафарыентацыі. А выснова, што ад культасветніка ў беларускай вёсцы залежыць калі не ўсё, дык вельмі многае, - абсалютна не пустая і не галаслоўная. Толькі даводзіць яе трэба доказна і часцей за ўсё - уласным прыкладам, канкрэтнай і шматграннай справай. Толькі тады не будзе бракаваць у раёне на штогадовых мэтавікоў, мясцовых, дамарослых, якія за гонар будуць лічыць працу на малой радзіме. Безумоўна, праблемных пытанняў для неадкладнага вырашэння - плойма. Маю на ўвазе і планавае сацыяльнае жыллё і ў райцэнтры, і ў вёсках (адпаведнае даручэнне губернатара Віцебшчыны ёсць, хоць грошай на будаўніцтва пакуль не стае). І - павышэнне культасветніцкіх заробкаў, бо сярэднямесячны на сяле складае цяпер 454,5 тысячы рублёў - малавата! Хоць і развіваецца няўхільна пазабюджэтная дзейнасць ва ўстановах культуры рэгіёна, а за два апошнія гады за кошт спецрахунку значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база клубаў і крыху павялічыліся прэміі для культасветнікаў, але і тут процьма праблемных нюансаў. Нач а л ь н і к мясцовага аддзела культуры, да прыкладу, ніяк не можа зразумець, чаму з а г а д ч ы к і сельскіх клубаў узведзены ў ранг вясковай наменклатуры і таму не маюць юрыдычнага права на сумяшчэнне кіраўнічай пасады з пасадамі тэхнічнымі: распальшчыка печы ці прыбіральшчыка памяшканняў. Маўляў, і рады б даць дадатковы заробак для сельскіх культасветнікаў, але па заканадаўстве не можам. І яшчэ адно пытанне, вырашэнне якога магчымае толькі на міністэрскім узроўні: клубных дыскатэчнікаў(вядучага танцавальных вечароў, касіра, кантралёра...) перавялі ў аплаце на стаўкі, і заробак іхні цяпер не залежыць ад велічыні грашовай выручкі, а ў выніку форма і змест дыскатэкі перасталі быць першараднымі... Карацей, сфера сельскай культуры была і застаецца сферай выключна праблемнай. І пошукамі оптымуму павінны займацца найперш маладыя, дасведчана-адукаваныя, незаспакоеныя і ўпэўненыя ва ўласнай праўдзе работнікі культуры. А слова "практык" цягам часу павінна займець зусім іншае семантычнае значэнне: не чалавек без спецыяльнай адукацыі, а - спецыяліст, узброены практычным навыкам, што дапамагае яму быць незаменна патрэбным і для гарадской, і для сельскай культуры.

Калі ў начальніках - мама

 І напрыканцы яшчэ адзін нюанс кадравай пераемнасці культасветных традыцый па-талачынску. Дырэктар СДК аграгарадка "Райцы" Людміла Ждановіч на хваробу кадравага дэфіцыту не пакутуе. Кіраўніком трох разнастайных мастацкіх гурткоў у сельскім Доме культуры не першы год працуе яе дачка Марына - студэнтка-завочніца чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. І не скажу, што гэтая прафарыентацыя была стыхійнай і няпланавай. Пытаюся: "Што падштурхнула, Марына, стаць вясковым работнікам культуры?" "Прыклад маці", - адказвае дзяўчына. Не, пакаштавала спачатку зусім іншага хлеба: атрымала сельскагаспадарчую адукацыю. Хутка зразумела: "Не маё!" Так і трапіла ў СДК - спадабалася. Паступіла на завочнае аддзяленне. Здагадайцеся, якую спецыяльнасць атрымлівае? Так, культуролага! Пагаджаецца, гадзін на культасветную практычную "канкрэтыку" ў навучальным курсе яўна малавата. Але дабірае яе Марына і ў клубных сценах, і ў час творчых зносін з сяльчанамі. А вёску дзяўчына ведае і любіць, таму на лёс не наракае.

Мінск - Талачынскі раён - Мінск

Фота аўтара  

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"