“Беларусі з любоўю”

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

На выстаўцы, якая з 26 жніўня экспануецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, паказана больш за 20 графічных работ Сярэбранага стагоддзя. Матэрыялы: аловак, акварэль, гуаш, туш, вугаль.

 /i/content/pi/cult/224/2948/9-2.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2948/9-3.jpg

Гэта - творы сучаснікаў нашага вялікага паэта Максіма Багдановіча. Сёння мы не можам упэўнена сказаць, ці былі знаёмы паміж сабой майстры графікі і майстры слова. Гэта можа быць прадметам асобнага навуковага мастацка-гістарычнага даследавання. Несумненна адно: і паэзія М.Багдановіча, і малюнкі мастакоў таго часу яскрава адлюстроўваюць эпоху зараджэння новага стагоддзя з усімі яго няяснымі трывогамі і надзеямі. І малюнак, і слова адрозніваюцца самабытнасцю, непадобнасцю да модных у той час твораў еўрапейскіх аўтараў. І пэндзаль, і пяро прасякнуты любоўю да роднага краю. Гэтае пачуццё нараджае і лірычнасць, і драматычнасць, а ў некаторыя моманты і трагізм акаляючага свету - усёй той глебай, на якой узрастаюць вялікія таленты. Мастацкія работы, прадстаўленыя на выстаўцы, перададзены калекцыянерам Леанідам Заксам у дар Рэспубліцы Беларусь як знак удзячнасці і любові да зямлі яго продкаў. Гэта шчодры падарунак ідзе ад жадання Л.Закса аднавіць парушаную эстэтычную раўнавагу. На пачатку мінулага стагоддзя Беларусь, як вядома, імкліва ўварвалася ў сусветную культуру, стаўшы на нейкае імгненне цэнтрам ці не самых дзёрзкіх пошукаў у мастацтве, але, на вялікі жаль, страчана амаль усё, створанае тады. Вось Леанід Закс і дорыць творы чатырох вядомых мастакоў-наватараў: У.Татліна, І.Клюна, П.Львова і А.Архіпенкі. Гэта не проста выпраўленне нейкай несправядлівасці, бо размова ідзе пра аднаўленне нашых згубленых творчых амбіцый. На думку Л.Закса, побач са словам "Беларусь" заўжды павінны гучаць вялікія імёны мастакоў першай чвэрці ХХ стагоддзя. К а л е к ц ы я для падарунка сфарміравана тонка і густоўна. Аўтараў яднае прыналежнасць да аднаго творчага пакалення. Але свет і мастацтва змяняліся тады імкліва і неверагодна: з Сярэбранага стагоддзя - у авангард і іншыя плыні. Гэта, безумоўна, гарантуе калекцыі разнастайнасць густаў, манер, перакананняў. Асноўная частка твораў адносіцца да своеасаблівага, эмпірычнага, кірунку графікі - так званых "замалёвак у альбом", "для сябе". Гэткая асаблівасць калекцыі надае ёй рысы непасрэднага жыцця мастацтва і адкрытасці гледачу, бо дазваляе пазнаёміцца з сакрэтамі, якія не бачны звычайнаму чалавеку. Падобныя выстаўкі дазваляюць напрамую далучыцца да энергетыкі творчасці, што надзвычай цікава менавіта ў авангардзе, дзе ўсе адзнакі і высновы зроблены па найвышэйшых вяршынях чалавечага генія. Нам прадастаўляецца магчымасць лепей зразумець гэтыя высновы, бо сапраўдная праява высокага бачна толькі на адлегласці.

Ул. інф.

На фота:

І.Клюн. “Аква”

У.Татлін. “Рыбак”