Ініцыятыва з грашовай аддачай

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

“Культура павінна зарабляць!” Гэтую, ужо крылатую на сёння, фразу чарговы раз агучыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон. Падставай для прамаўлення названай аксіёмы стаў абласны семінар “Аб развіцці платных паслуг у сферы культуры”. Мерапрыемства прайшло 25 жніўня ў гарпасёлку Акцябрскі. І месца яго правядзення было абрана, натуральна, невыпадкова. Установы культуры Акцябрскага раёна праяўляюць сапраўды нестандартнае стаўленне да развіцця пазабюджэтнай дзейнасці. Але ініцыятыўнасць культасветнікаў аднаго рэгіёна не можа, безумоўна, паўплываць на агульны стан абласных спраў па рэалізацыі культурных паслуг насельніцтву.

 Па словах начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Чумакова, прамаруджваць з правядзеннем семінара не выпадала, бо тэма ягоная - больш чым актуальная: вобласць хранічна не спраўляецца з планавым аказаннем культурных паслуг. У чым прычына? Дзмітрый Чумакоў перакананы: у безыніцыятыўнасці культасветнікаў на месцах. Інакш кажучы, не ўсе працуюць у дадзеным кірунку са стабільнай і роўнай эфектыўнасцю. Да прыкладу, дзейнічае на Гомельшчыне больш за 700 клубных устаноў, прыкладна ў 16 сельскіх з іх - справы пастаўлены вельмі кепска. На планавы рубеж па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці не выходзяць у Калінкавіцкім, Рэчыцкім, Светлагорскім, БудаКашалёўскім, Жлобінскім раёнах...

Праблемы гэтыя нашай газеце добра вядомыя. Пісалі мы сёлета пра стан культурных спраў у Рэчыцкім ("Як бібліобусу не трапіць у "Чырвоную кнігу" Гомельшчыны?" - "К" № 15), Калінкавіцкім ("Ці стане мамантавы бівень прыбытковым для аддзела культуры?" - № 22), Жлобінскім раёнах ("Ракіроўка адбылася. Калі чакаць выніку?" - № 34). І ўсе гэтыя артыкулы - пра адсутнасць мясцовых ініцыятыў у справе актывізацыі пазабюджэтнай дзейнасці. А выснова - несуцяшальная: хто ж са спажыўцоў культуры будзе плаціць за няякасны "арт-прадукт"? Таму адсутнасць культасветнай творчай думкі абавязкова цягне за сабой адсутнасць глядацкай зацікаўленасці, фінансавую пазабюджэтную нішчымніцу, якая, у сваю чаргу, адмоўна ўплывае на матэрыяльна-тэхнічны стан клубаў і бібліятэк Гомельшчыны. Дазволю сабе нагадаць чытачу, што рэдакцыйная рубрыка "Родная зямля: час крэатыву" і з'явілася дзеля таго, каб адсачыць, абагульніць, а іншым разам - падштурхнуць творчую думку культасветнікаў, без якой пра эканамічную самадастатковасць нашых устаноў культуры ў сённяшніх умовах фінансавання і гаварыць не выпадае. Але вернемся да семінара ў Акцябрскім.

Аказваецца, упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама рэкамендуе адпаведным аддзелам рэгіёнаў мець не менш за 34 віды платных паслуг - цікавых, насычаных і разнастайных, бо пэўныя аддзелы і дасюль іх маюць ледзь не ўдвая менш, а сельскія клубы ў асобных рэгіёнах так і не здолелі прапанаваць вяскоўцам нічога іншага як "дыскатэку" і "канцэрт".

Пра ўсё гэта і гаварылі ўдзельнікі абласнога семінара, куды з'ехаліся прадстаўнікі культурнай сферы з дваццаць аднаго рэгіёна Гомельшчыны, а ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысутнічала начальнік эканамічнага ўпраўлення Вольга Кананюк. І не проста гаварылі, а - вучыліся зарабляць на канкрэтных прыкладах калег з Акцябрскага раёна. А тут сапраўды ёсць чаму павучыцца. Як распавядае начальнік мясцовага аддзела культуры Святлана Беразоўская, установы культуры раёна прапаноўваюць яго жыхарам больш за 100 (!) відаў платных паслуг. План іх аказання ў 2009 годзе выкананы ў супастаўных цэнах да леташняга ўзроўню на 122%, пры заданні - 115%. Кожны супрацоўнік клуба ці бібліятэкі рэгіёна наўпрост зацікаўлены ў тым, каб максімальна якасна задаволіць культурныя патрэбы насельніцтва, бо ў Палажэнні аб прэміраванні ёсць пункт "Выкананне платных паслуг". Таму і расце няспынна колькасць іх відаў. Адна толькі ўрачыстая рэгістрацыя шлюбаў мае тры варыянты аплаты: 12 тысяч рублёў - карыстанне залай ГДК з мінімумам творчага "аздаблення", за 50 тысяч рублёў - свята па індывідуальным сцэнарыі, за 100 - маладым прапаноўваецца глядзельная зала, канцэрт з удзелам лепшых самадзейных калектываў. Карацей, самыя шырокія магчымасці для заказчыкаў з рознымі грашовымі даходамі. Ці не таму на гэтыя дыферэнцыраваныя паслугі - надзвычай актыўны попыт?!

 А вось чарговае "ноў-хаў" сферы культуры Акцябрскага раёна. Год таму на баланс аддзела культуры быў узяты калісьці закінуты піянерскі лагер у вёсцы Бубноўка. У спрыяльны леташні час знайшліся грошы для рамонту аднаго з корпусаў. І ўкладанне 300 мільёнаў рублёў на аднаўленне аб'екта не аказалася марным: цяпер тут - база адпачынку для турыстычных груп і індывідуальных вандроўнікаў, спартыўная пляцоўка, ёсць усе магчымасці для канцэртнай дзейнасці. Так узнік новы тып установы культуры: Культурна-забаўляльны цэнтр з ухілам на аграэкатурызм. Паслугамі яго скарысталіся ўдзельнікі абласной нарады па камунальных пытаннях. У выніку за два дні Культурна-забаўляльны цэнтр зарабіў два з паловай мільёны рублёў. Дарэчы, дзейнічае тут і сядзіба мясцовага Дзеда Мароза, паслугі ад наведвання якой мясцовы аддзел культуры таксама зрабіў платнымі...

Пазнаёміліся ўдзельнікі абласнога семінара і з работай Краснаслабодскага Дома народнай творчасці. Тут гаворка ішла пра развіццё традыцыйных беларускіх рамёстваў і абавязковы ды прывабны для турыста продаж мясцовай сувенірнай прадукцыі. Адрасоў для пераймання крэатыўнага досведу хапае на карце Гомельшчыны і без Акцябрскага раёна. У ліку лепшых па аказанні платных паслуг, як распавядае начальнік упраўлення культуры Дзмітрый Чумакоў, - Рагачоўскі, Хойніцкі, Брагінскі раёны... Вось што распавёў "К" начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў: - Зразумела, сённяшняя наша задача - не спаць у шапку. У нас, да прыкладу, не надта шмат відаў платных паслуг. І справа тут, я ўпэўнены, не ў колькасці, а ў якасці. Таму кожны від адпрацоўваем, як той казаў, да аўтаматызму. А са старых паслуг з цягам часу вырастаюць новыя, больш дасканалыя. Раней арганізацыі раёна прыходзілі да нас з сацыяльна-творчымі заказамі: наладзіць юбілей, канцэрт з адмысловым сцэнарыем. Цяпер мы самі ідзём на прадпрыемствы, шукаем заказы і рэалізоўваем іх. У выніку за сем месяцаў зарабілі 220 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы, натуральна, ідуць на выплату заробку культасветнікаў раёна, на рамонты нашых устаноў і арганізацыю культурна-масавых мерапрыемстваў...

 * * *

Словам, у кожнага - свае напрацоўкі, свае здабыткі, сваё бачанне перспектывы. З улікам наяўных магчымасцей, мясцовага менталітэту і ўласнага досведу. Але гэта тычыцца тых, хто не стамляецца думаць. Іншыя ж цягнуць вобласць уніз. Дык мо ўрэшце семінар прымусіць задумацца : як жыць і працаваць далей?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"