Паганіні без Страдзівары?

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Музычныя інструменты ў ДШМ і ДМШ зношаны дашчэнту Мама з сынам-школьнікам пытаецца ў ГУМе: “А дзе можна купіць больш танныя, беларускія, гітары?” Прадавец, аглядаючы шыкоўныя па цане і выглядзе замежныя інструменты, адказвае: “Нідзе! Няма беларускіх баянаў, піяніна, нават тамбурынаў і бубнаў айчыннай вытворчасці не знойдзеце: няма каму вырабляць…” Мама вельмі здзіўляецца. Усё зразумела: яна не ў тэме.

 Фабрыкі ў Барысаве (“піянінка” — у прастамоўі) і ў Маладзечне, што спецыялізаваліся на выпуску баянаў, спынілі сваё існаванне. І гэта неўзабаве паўплывала на бюджэты сем’яў, дзе бацькі займелі цвёрды намер далучыць уласных дзяцей да пачатковай, сярэдняй ці вышэйшай музычнай адукацыі. Уплыў айчыннага “інструментальнага” дэфіцыту імгненна адчулі і навучальныя ўстановы культуры: больш-менш прыстойны баян замежнай вытворчасці каштуе мільёны, а цымбалы за межамі Беларусі ўвогуле не выпускаюцца…

Баян — у спадчыну

Гэтае пытанне было разгледжана ў ліку іншых на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што адбылася 22 красавіка бягучага года (гл. артыкул “Музыка, грошы і кніга заўваг” у №17 “К”). Нагадаю толькі некалькі фактаў. Дырэктар сталічнай ДМШ №10 імя Я.Глебава Тамара Куніцкая казала пра адчувальны недахоп цымбалаў, інтарэс да заняткаў на якіх пастаянна расце, пра дарагія духавыя і народныя інструменты (габой, да прыкладу, каштуе дзве з паловай тысячы долараў, прыстойны баян— прыкладна тры тысячы). А начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі дадаў, што зношанасць такіх інструментаў, як баян, акардэон, струнныя народныя і смычковыя, духавыя, складае 100 працэнтаў.

Калі такі стан спраў у сталічных навучальных установах, дык што ўжо казаць пра “парк інструментаў” ва ўстановах сельскіх? У час ледзь не кожнай журналісцкай камандзіроўкі на ўласныя вочы пераконваюся, як трапятліва ставяцца да інструментаў у вясковых музычных школах і школах мастацтваў. І настаўнікі, і вучні. Ледзь не з пакалення ў пакаленне той баян у спадчыну перадаецца. А набыць яго ў індывідуальнае карыстанне для сяльчаніна— праблема з праблем. Але годы мінаюць — інструменты зношваюцца.

Сям-там выдаткоўваюцца грошы на іх рамонт. Навучыцца граць у межах музычнай школы на такіх можна, а пераканаць у сваім майстэрстве на прэстыжных канцэртах ці конкурсах — немагчыма. Адна праблема цягне за сабой іншую. Па вышэйназванай прычыне можа перарвацца і, натуральна, перарываецца лагічны ланцужок “школа — вучылішча — кансерваторыя”. Безумоўна, пакутуюць ад гэтага найперш таленавітыя дзеці, на якіх у Беларусі ніколі не было дэфіцыту...

Таму натуральным падалося тое, што калегія Міністэрства культуры прыйшла да высновы: праблему з музычнымі інструментамі трэба вырашаць неадкладна. Упраўленням культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама было даручана падрыхтаваць да 1 жніўня 2009 года мэтавыя праграмы па забеспячэнні дзіцячых школ мастацтваў музычнымі інструментамі.

Грошай мала, але...

Як жа выконваецца рашэнне калегіі? Аб гэтым гаворка ішла на апошняй міністэрскай планёрцы, што адбылася 17 жніўня. Вось што казала на ёй начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Наталля Шмакава. Па-першае, на ўмацаванне матэрыяльнай базы адукацыйных устаноў адмоўна ўплывае адсутнасць на рынку інструментаў беларускай вытворчасці (фартэпіяна, баянаў, акардэонаў, цымбалаў і г. д.). Па-другое, названы працэс стрымлівае фактычная забарона на набыццё імпартных інструментаў, якія маюць высокую якасць гучання і аддзелкі. І яшчэ: сённяшняя нарматыўная база сферы культуры выключае магчымасць закупкі патрэбнага музычнага тавару праз сетку камісійных крам.

Дык няўжо абласныя ўпраўленні культуры бяздзейнічаюць? Не. Да прыкладу, у сталіцы планава выдаткоўваюцца грошы на набыццё інструментаў, не грэбуюць тут і іх планавым рамонтам. Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі летась выкарыстала для гэтага 41 мільён рублёў, за першую ж палову бягучага года — 41,5 мільёна... Безумоўна, па зразумелых прычынах усё фінансаванне цяпер зведзена да мінімуму, значна скарочаны расходы і на выкананне мэтавых праграм, распрацоўваць жа новыя без гарантыі фінансавага пацвярджэння ніхто, шчыра кажучы, не спяшаецца.

Вось што, да прыкладу, кажа начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі: “Упраўленне культуры вызначыла патрэбу дзіцячых школ мастацтваў у музычных інструментах на бліжэйшую пяцігодку, ступень зносу наяўных інструментаў, а таксама арыенціровачны аб’ём неабходнага фінансавання.

Але з-за адсутнасці вытворчасці музычных інструментаў у Рэспубліцы Беларусь і недастатковага фінансавання галіны прыняць сёння мэтавую праграму не ўяўляем магчымым”. На гэтыя ж прычыны спасылаецца і начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў: маўляў, грашовыя ўліванні па графе “Набыццё” істотна зменшыліся. Так што і гаворкі пра закупкі новых піяніна і баянаў быць не можа...

І не заглыбляўся б у гэтую тэму, калі б не актыўнасць іншых абласных упраўленняў, якія не стамляюцца шукаць паразумення з мясцовымі ўладамі, а ў выніку знаходзяць і яго, і грошы. Скажам, Мінскі аблвыканкам штогод выдаткоўвае на набыццё музычных інструментаў да 200 мільёнаў рублёў. А вось што распавядае на гэты конт намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Святлана Казлова: “Мэтавай праграмы па забеспячэнні ДШМ музычнымі інструментамі ў нас няма. Але пунктам 5.4. Праграмы захавання і развіцця культуры Магілёўскай вобласці да 2010 года, зацверджанай рашэннем Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 26.10.2006 года, прадугледжваецца набыццё інструментаў для ДШМ, дзіцячых музычных школ і іх філіялаў. Фінансаванне для гэтага вызначана па гадах. У 2010-м, напрыклад, запланавана выкарыстаць для закупкі інструментаў 550 мільёнаў рублёў”. Карацей, хто рупіцца, той і мае.

Тым больш, калі гаворка — пра творчую самарэалізацыю нашых дзяцей. Паўтаруся, на стартавай пляцоўцы пачатковай музычнай адукацыі падлетак-творца не раскрые свой талент напоўніцу без прыстойнага інструмента... Як жа пашчасціла таму беларускаму хлопчыку-музыканту, якому кіраўнік “Віртуозаў Масквы” падарыў даражэзную і шыкоўную па гучанні віяланчэль!

Цымбалістаў паменее?

Калі справы якасна не зменяцца, нашым цымбалістам у самым хуткім часе не будзе на чым граць. Па словах Наталлі Шмакавай, выйсце са, здавалася б, тупіковай сітуацыі бачыцца ў наступным. Кожны заснавальнік (вобласць, Мінск), вызначыўшы крыніцу фінансавання і неабходныя грашовыя сумы, выходзіць з канкрэтным хадайніцтвам аб набыцці музычных інструментаў імпартнай вытворчасці ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе створана рабочая група. Менавіта яна вырашае пытанні фінансавання і знешнеэканамічных пляцяжоў за імпартныя тавары. І яшчэ: наспеў час узнавіць дзейнасць Барысаўскай фабрыкі. Пра апошняе — больш падрабязна.

У ліпені намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка накіроўвае ў Мінскі аблвыканкам ліст наступнага зместу: “Больш за тры гады таму ААТ “Барысаўскае прадпрыемства музычных інструментаў” спыніла выпуск прадукцыі (піяніна, цымбалы, гітары). На сёння ніякіх мерапрыемстваў па рэканструкцыі, мадэрнізацыі не праводзіцца. Установы культуры занепакоены тым, што цяпер немагчыма купіць цымбалы, бо Барысаўскае прадпрыемства з’яўлялася адзіным у свеце вытворцам гэтага інструмента. У сувязі з вышэйвыкладзеным просім у магчыма сціслыя тэрміны прадаставіць інфармацыю аб ходзе рэканструкцыі ААТ, а таксама аб тэрмінах узнаўлення вытворчасці ўказаных вышэй музычных інструментаў”.

17 ліпеня ў Мінскім аблвыканкаме адбылася нарада пад старшынствам намесніка старшыні Валерыя Скакуна з удзелам зацікаўленых асоб. Вырашана высветліць канкрэтную колькасць запатрабаваных да вырабу цымбалаў. А выконваючаму абавязкі дырэктара ААТ “Барысаўскае прадпрыемства музычных інструментаў” Мікалаю Крату даручана распрацаваць “тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне па ацэнцы эфектыўнасці вытворчасці цымбалаў”. Патрэба ў іх на сёння дакладна вядомая. У школах мастацтваў і сярэдніх спецыяльных навучальных установах культуры налічваецца 3186 цымбалаў. Ступень іх зносу — стопрацэнтная.

А вось “тэхніка-эканамічнае” абгрунтаванне Мікалая Крата: “Раней аркестравыя цымбалы выпускаліся як выраб, што спадарожнічаў вырабу піяніна. Інакш кажучы, цымбалы вытвараліся з адыходаў асноўнай вытворчасці, а таму былі рэнтабельнымі... Сённяшні выраб цымбалаў (а кошт кожнага інструмента, па падліках, дасягне аж 1,5 мільёна рублёў!) будзе мець мінус 60 працэнтаў рэнтабельнасці. Словам, без дзяржаўнага ўдзелу тут не абысціся”.

Існуюць праблемы і з вытворчымі памяшканнямі. Як сцвярджае намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Панцялейка, станкі на фабрыцы захаваліся, майстры — таксама, а вось камунікацыі прыйшлі ў непрыгоднасць. Знайсці кампраміс (інакш кажучы — вытворчае памяшканне плошчай 300 на 400 квадратных метраў) пакуль не ўдаецца. Чарговы тупік?

Думаецца, не, бо аптымізму дадае спрадвек жывая формула няспыннага творчага ўдасканалення: “Знаходзіць той, хто шукае”.


Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"