Аб гэтым 15 ліпеня паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ініцыятыва стварэння такой арганізацыі, прапанаваная ім, была падтрымана як кіраўніцтвам Беларусі ды Расіі, так і пісьменнікамі абедзвюх краін. Восенню мінулага года з бюджэту Саюзнай дзяржавы на правядзенне ўстаноўчага сходу арганізацыі было выдаткавана 1,5 мільёна расійскіх рублёў. Па словах Мікалая Чаргінца, нядаўна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову беларускіх і расійскіх літаратараў па выданні 50-томнага збору твораў пісьменнікаў дзвюх краін. На думку кіраўніка СПБ, новая арганізацыя зможа выканаць усе пастаўленыя перад ёй задачы. Прыём у Асацыяцыю будзе ажыццяўляцца згодна з заяўкамі пісьменнікаў. Новае аб'яднанне паклікана садзейнічаць развіццю літаратурных і культурных сувязей паміж нашымі народамі.