Без агульных фраз

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

У Мемарыяльнай зале Дома літаратара адбылася знакавая падзея: першае пасяджэнне Грамадскага савета па маральнасці. Яго заснавальнікамі выступілі Беларуская Праваслаўная Царква і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Удзел у форуме прымалі таксама прадстаўнікі іншых найбольш уплывовых у нашай краіне канфесій і рэлігій, а таксама вядомыя дзеячы палітыкі, культуры, адукацыі, спорту.

/i/content/pi/cult/218/2721/Clip_2-1.jpg

Старшыня Грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец адзначыў, што супольныя намаганні будуць скіраваны не на цэнзуру культуры і прэсы, але на падтрыманне ініцыятыў і праектаў, звернутых на развіццё маральнага патэнцыялу грамадства, абарону духоўнасці народа. У адпаведнасці з Палажэннем Савета плануецца ствараць групы і камісіі па асобных сферах, да прыкладу, інфармацыйнай і адукацыйнай. Да таго ж, Савет можа ініцыяваць правядзенні канферэнцый, семінараў, "круглых сталоў" з мэтай прыцягнення грамадскасці да праблем выхавання моладзі. Для гэтых мэт, па словах Мікалая Чаргінца, заўсёды адкрыта Вялікая зала Дома літаратара. Як зазначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, у аснове працы Савета мусіць ляжаць змаганне з апанаваўшым свет крызісам маральнасці, бездухоўнасцю. У той жа час, ім было падкрэслена, што зацверджаны дакумент не з'яўляецца нечым нязменным. Пасля азнаямлення з ім членаў Савета і грамадскасці будуць магчымыя, на думку Мітрапаліта, пэўныя карэкціроўкі. Але ўжо цяпер, у адпаведнасці са сваёй галоўнай мэтай - сцвярджэнне ў грамадстве высокіх маральных прынцыпаў - Савет можа даваць ацэнкі і высновы па грамадскіх і дзяржаўных праектах, выносіць меркаванні наконт твораў літаратуры і мастацтва, падручнікаў, дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку асобных публікацый. Народная артыстка Беларусi Марыя Захарэвіч падкрэсліла, што сёння неабходна казаць ужо пра канкрэтныя справы, бо "супрацьстаяць заганам грамадства агульнымі фразамі немагчыма". Таксама пад час сходу гучалі думкі і пра развіццё шчыльнага супрацоўніцтва з айчыннымі заканадаўцамі і дзяржаўнымі органамі, у аснове якога - клопат пра будучыню моладзі. Пад час пасяджэння Савета было падпісана таксама і пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

К.А. На здымку: пад час пасяджэння.

Фота Кастуся ДРОБАВА