У семінары бралі ўдзел кіраўнікі дзяржаўных музеяў Гомельшчыны. Абмяркоўваліся такія праблемныя пытанні, як павышэнне колькаснага і якаснага ўзроўню музейных калекцый, абнаўленне пастаянных экспазіцый, актывізацыя выставачнай дзейнасці, стварэнне адзінага банка электронных даных музейных прадметаў вобласці…
На Беларусі, як вядома, існуе 144 музеі, у тым ліку 12 — рэспубліканскага падпарадкавання. 30 устаноў музейнага тыпу налічваецца на Гомельшчыне. Цягам апошніх трох гадоў у вобласці адкрыта 8 новых музеяў. Па агульнай колькасці выставак лідзіруе менавіта Гомельшчына. А Веткаўскі музей народнай творчасці — адзін з адметных у рэспубліцы. Але няма мяжы дасканаласці.
Таму гаворка на семінары ішла, безумоўна, і пра пашырэнне платных паслуг, музейна-адукацыйных праграм, і пра актывізацыю рэкламнай дзейнасці, і пра набыццё камп’ютэрнага абсталявання ды праграмнага забеспячэння для ўкаранення электроннай формы ўліку музейных прадметаў.
Яўген РАГІН