Будаўнічы сезон Мельпамены

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра адбылася прэс-канферэнцыя, дзе першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка паведаміў аб развіцці тэатраў краіны.

Асаблівы гонарам Міністэрства культуры з’яўляецца комплексная праграма па тэхнічным пераабсталяванні тэатраў. Як падкрэсліў Уладзімір Рылатка, галоўнай падзеяй сезона стала адкрыццё пасля грандыёзнай рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
Абноўленае памяшканне абжывае адзін з самых маладых тэатраў краіны — Драматычны тэатр Беларускай арміі. Адрамантаваную залу, якасць найноўшага тэхналагічнага абсталявання ацанілі гледачы, якія прыйшлі ў гэтыя сцены 27 сакавіка на цырымонію ўрачыстага ўручэння традыцыйных прэмій Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.
Наперадзе — паўнавартасная рэканструкцыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яна павінна распачацца ў наступным годзе і прадоўжыцца 24 месяцы. Зараз распрацавана некалькі прапаноў, з кіраўніцтвам тэатра абмяркоўваецца канструктыўнае вырашэнне праекта будынка. Некалькі слушных заўваг на абмеркаваннях унёс новы мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін. Праекціроўшчыкам неабходна вырашыць такую наспелую праблему Купалаўскага, як недахоп рабочых плошчаў. У сувязі з гэтым плануюцца прыбудовы. Фасаду ж тэатра мяркуецца вярнуць першапачатковы выгляд.
Праектная дакументацыя на рамонт падрыхтавана і Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатрам. Па словах дырэктара ўстановы Віктара Старавойтава, будынак, у якім трупа працавала 15 гадоў, павінен кардынальна змяніцца: у плане рэканструкцыі — павелічэнне сцэны, абсталяванне яе сучаснай апаратурай. Аматараў пастановак Маладзёжнага, напэўна, парадуе абноўленая зала, а таксама паўнавартасныя фае і гардэроб. Развітальны вечар на родных падмостках пройдзе 31 сакавіка, пасля чаго калектыў пачне працу на іншых пляцоўках сталіцы. Рамонт не паўплывае на падрыхтоўку прэм’ер. Хутка распачнецца праца над пастаноўкай, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Сёлета Маладзёжны тэатр адзначае сваё 25-годдзе, — нагадаў прысутным Віктар Старавойтаў. — За гэты час ён стаў своеасаблівай кузняй кадраў для рэспубліканскіх тэатраў. Прыкладам, на нашай сцэне пачыналі свой творчы шлях галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Сяргей Кавальчык, галоўны рэжысёр Драматычнага тэатра Беларускай арміі Марына Дударава, тут працаваў лаўрэат некалькіх прэстыжных прэмій “Залатая маска” Зіновій Марголін.
Уладзімір Рылатка падкрэсліў, што ў бюджэце нашай краіны закладзена неабходная сума грошай для паўнавартаснай тэатральнай дзейнасці. Першы намеснік міністра культуры запэўніў работнікаў тэатраў і аматараў сцэны, што колькасць прэм’ер не зменшыцца, а ўсе запланаваныя праекты будуць прафінансаваны.

Настасся ПАНКРАТАВА