Дысцыпліна, кадры, эканоміка...

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

25 сакавіка ў канферэнц-зале Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў прайшло пасяджэнне чарговай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Па шэрагу пытанняў парадку дня былі прааналізаваны вынікі работы галіны за 2008 год і за першы квартал года бягучага. Спектр абмяркоўваемых праблем быў надзвычай шырокі: ад працоўнай дысцыпліны да рэзерву кіруючых кадраў і паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

 /i/content/pi/cult/201/2299/Kalegija.jpg
Ахова працы — пад дзяржаўнай увагай
Калі гаворка зайшла пра вынікі работы па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” за 2008 год і першы квартал 2009-га, першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, які вёў пасяджэнне, падкрэсліў, што названая Дырэктыва — не проста інструкцыя па тэхніцы бяспекі, а яскравы доказ дзяржаўнага значэння гэтага пытання. Аднак летась у падпарадкаваных Міністэрству культуры арганізацыях зафіксаваны рост вытворчага траўматызму ў параўнанні з 2007 годам. З 15 няшчасных выпадкаў 6 адбыліся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. За першы квартал гэтага года здарылася тры такія выпадкі.
Намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка, аналізуючы сітуацыю, зазначыў, што за апошнія 2 — 3 гады ў справе прафілактыкі вытворчага траўматызму і ўмацавання працоўнай дысцыпліны зроблена нямала. Наладжана вучоба, праводзяцца семінары па ахове працы, ажыццяўляецца кантроль за захаваннем заканадаўства, атэставаны рабочыя месцы са шкоднымі ўмовамі працы. Тым не менш, з-за неналежнай выканаўчай дысцыпліны не надта эфектыўнай аказалася прафілактыка вытворчага траўматызму ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, праектным РУП “Праектрэстаўрацыя”, адкрытым акцыянерным таварыстве “Белпрамкультура-Маладзечна”...
Дырэктыва № 1, падвёў рысу Уладзімір Рылатка, — закон для кожнага з нас, таму любая праява абыякавасці тут — проста злачынная.
Рэзерв кадраў — праца на перспектыву
Пра стан работы з кіруючымі кадрамі галіны распавёў намеснік міністра Віктар Кураш. Кадравы кіруючы патэнцыял — амаль 9 тысяч чалавек, гэта 13,8 працэнта ад агульнай колькасці культасветработнікаў. Вышэйшую адукацыю маюць 46,6 працэнта кіраўнікоў. Узровень, як заўважыў Уладзімір Рылатка, не надта адпавядае сучасным патрабаванням.
У 12 дзяржаўных музеях сярэдні ўзрост кіраўнікоў — 53 гады, а 4 дырэктары — пенсійнага веку. У 13 вядучых тэатрах і канцэртных арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання 8 кіраўнікоў дасягнуліпенсійнага ўзросту.
Аналіз падбору кіруючага рэзерву паказаў, што ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, Музеі Беларускага Палесся, Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, ва унітарным прадпрыемстве “Праектрэстаўрацыя” ў рэзерв на кіруючыя пасады прадстаўлены кандыдатуры, чый узрост перавышае дапушчальны.
Шэраг арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання і камунальнай формы ўласнасці ўвогуле не мае рэзерву кіруючых кадраў альбо дапускае парушэнні нарматыўных патрабаванняў пры яго фарміраванні. Нізкім застаецца працэнт выкарыстання кадраў, якія знаходзяцца ў рэзерве, пры прызначэнні на кіруючыя пасады. Недастаткова выкарыстоўваюцца такія формы павышэння прафесійнага майстэрства кіраўніка, як стажыроўка і часовае замяшчэнне кіруючых пасад. Між тым, як неаднаразова падкрэслівалася ў ходзе абмеркавання гэтага пытання, стварэнне рэзерву кіруючых кадраў — праца на перспектыву.
План платных паслуг — адзін з асноўных
Начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Вольга Кананюк, падводзячы вынікі выканання асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень — люты і аналізуючы чакаемае выкананне паказчыкаў у першым паўгоддзі бягучага года, зазначыла, што ў студзені аб’ём платных паслуг насельніцтву дасягнуў амаль 14 мільярдаў рублёў. Тэмп росту платных паслуг культуры ў супастаўных цэнах склаў 113,5% пры плане 115%. Па папярэдніх даных за студзень — люты тэмп росту складзе 115%.
Не выканалі планавы паказчык за студзень 2009 года арганізацыі Брэсцкай вобласці (99,8%), Гомельскай (101,1%), Мінскай (110,4%), Магілёўскай (107,7%) абласцей і Мінска (114,9%). За студзень — люты тэмп росту платных паслуг насельніцтву, па папярэдніх падліках, не забяспечаны на планавым узроўні толькі дзвюма абласцямі — Брэсцкай і Гомельскай (па 104%). Аказалася, што асноўным відам паслуг, не выкананне тэмпу росту па якім адмоўна паўплывала на абласныя і рэспубліканскі паказчыкі, з’явілася наведванне кінатэатраў (24% ад агульнага аб’ёму).
Вольга Кананюк агучыла прагнозны аб’ём платных паслуг культуры за студзень — сакавік— 43,5 мільярда рублёў пры тэмпе росту ў супастаўных цэнах 115%, што адпавядае планаваму паказчыку. За студзень — сакавік у цэлым па Міністэрстве культуры паспяхова выканана заданне па энергазберажэнні (мінус 7,5%).

Андрэй СТАРЖЫНСКІ