“Арт-мажор” на ўсю вясну

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Канцэртам кафедры духавой музыкі ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода распачаўся XVII фестываль мастацтваў “Арт-мажор” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. З сакавіка да канца мая фестывальныя мерапрыемствы будуць праходзіць на сцэнічных пляцоўках Мінска.

Сталічны глядач з задавальненнем прыходзіць на справаздачныя канцэрты кафедраў і факультэтаў, ацэньвае дасягненні вучэбных мастацкіх калектываў, прафесійны рост выкладчыкаў навучальнай установы. Першае мерапрыемства сёлетняга фестывалю яскрава паказала, што цікавасць публікі да творчасці БДУКіМаўцаў не толькі не памяншаецца, але і з кожным годам узрастае.
Першая частка канцэрта кафедры духавой музыкі была прысвечана памяці Уладзіміра Грома. У гонар заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне”, свайго заснавальніка і мастацкага кіраўніка капэла беларускіх народных духавых і ўдарных інструментаў “Гуды” выканала спецыяльна падрыхтаваную кампазіцыю.
На працягу вечара перад публікай выступалі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. Публіка горача прымала канцэртны аркестр духавых і ўдарных інструментаў “Светач”, ансамблі “Дудачка” і “Чароўная флейта”, “Мінск-брас-квінтэт”, салістаў з ліку студэнтаў і выпускнікоў БДУКіМ.
Чырвонай ніткай праз усе нумары канцэрта прайшла тэма 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Года роднай зямлі, якім прысвечаны сёлетні “Арт-мажор”.
Наступная сустрэча з фестывальным гледачом адбудзецца 26 сакавіка. У гэты дзень Універсітэт культуры і мастацтваў прапануе аматарам Мельпамены ў малой зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы разам адзначыць Міжнародны дзень тэатра.
Асаблівасцю сёлетняга “Арт-мажора” стануць сольныя канцэрты асобных калектываў: фальклорнага ансамбля “Баламуты”, ансамбля “Грамніцы”, ансамбля салістаў “Беларуская песня”.
Завершыцца ж форум гала-канцэртам, які пройдзе 26 мая ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.