Шляхетнае спаборніцтва

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Заўтра ў Смаргоні ўрачыста адкрываецца ІХ Міжнародны конкурс камерных ансамбляў імя Міхала Клеафаса Агінскага. Ён збярэ 26 маладзёжных калектываў з Беларусі, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.

 /i/content/pi/cult/200/2277/Aginski.jpg
Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Смаргонскі райвыканкам. У журы — прафесура і майстры музычнай сцэны, у тым ліку з Латвіі, Малдовы, Эстоніі. Узначальвае “судзейскую калегію” Уладзімір Будкевіч — заслужаны артыст Беларусі, прафесар, дэкан аркестравага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адзін з нязменных удзельнікаў Ансамбля драўляных духавых інструментаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра нашай краіны.
Конкурс праходзіць у тры туры. Конкурсных намінацый — таксама тры: ансамблі струнных інструментаў з удзелам фартэпіяна (фартэпіянныя трыо, квартэты, квінтэты), струнныя квартэты, духавыя ансамблі. Паводле конкурсных умоў, узрост удзельнікаў — да 26 гадоў. Гэта пераважна студэнты вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцы сярэдніх спецыяльных. Ніжняй узроставай планкі няма, але высокія конкурсныя патрабаванні, якія могуць вытрымаць далёка не ўсе юныя музыканты, ужо самі па сабе “адсеялі” пачаткоўцаў. Тым не менш, самаму юнаму ўдзельніку — 13 гадоў.
— Асаблівасцю сёлетняга конкурсу, — расказала начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава, — стала адсутнасць некалькіх узроставых катэгорый, як гэта было раней. Адпаведна, узраслі патрабаванні да ўдзельнікаў, бо на роўных будуць спаборнічаць прадстаўнікі сярэдняга навучальнага звяна і вышэйшага. Дый вытрымаць тры складаныя туры, кожны з якіх мае свае ўмовы і пералік рэкамендаваных да выканання твораў сусветнай канцэртнай практыкі, па сілах толькі самым падрыхтаваным. Акрамя таго, конкурс мае і папулярызатарскую місію. У другім туры на ім будзе гучаць шмат беларускіх твораў, у тым ліку самога Агінскага.
Сапраўды, імя Міхала Клеафаса Агінскага конкурс носіць невыпадкова. Ён не толькі папулярызуе беларускую музыку розных эпох, але і працягвае лепшыя сусветныя і айчынныя традыцыі камернага выканальніцтва, распаўсюджанага, дарэчы, у асяроддзі беларускай шляхты, да якой належаў і род Агінскіх.

Аляксей СВЕЦІЧ