Конкурсны погляд на вызваленне

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Як вядома, Міністэрства культуры праводзіць рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі, які прысвячаецца 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 /i/content/pi/cult/200/2274/Konkursny.jpg
Конкурс праводзіцца сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў у два этапы. Першы этап ладзіўся з 1 красавіка 2008 года для музеяў абласнога і раённага падпарадкавання. На разгляд рэспубліканскай экспертнай камісіі былі прадстаўлены заключэнні ўпраўленняў культуры, а таксама інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы.
У намінацыі “Навуковыя даследаванні музея па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі” прыняў удзел Івацэвіцкі раённы краязнаўчы музей з унікальным даследаваннем “Будуць — пакуль памятаем аб іх”, дзякуючы якому праз 63 гады ўстаноўлена месца пахавання партызана Леаніда Блізнюка. Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова прадставіў зборнік матэрыялаў “круглага стала” на тэму “Дзіцячыя дамы ў Віцебску і Віцебскай вобласці на часова акупаванай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг.” Гомельскі абласны музей ваеннай славы прадставіў зборнікі матэрыялаў дзвюх канферэнцый, якія праводзіліся на базе музея ў 2006 — 2007 гадах.
Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Магілёўская абласная асацыяцыя малалетніх ахвяр фашысцкай няволі” і Клімавіцкім раённым аб’яднаннем краязнаўцаў “Спадчына” падрыхтавалі выданні “Успаміны клімаўчан-остарбайтараў”, “Немцы на Клімаўшчыне”. Слуцкі краязнаўчы музей прадставіў даследаванне “Нямецка-фашысцкі генацыд на Случчыне 1941 — 1945 гг.”, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — работу “Полацкі ўмацаваны раён”.
У намінацыі “Музей і новыя адукацыйныя праграмы” прыняў удзел Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей з музейна-педагагічнай праграмай аб лясных партызанскіх школах “Літары з бярозавай кары”. Музей баявой садружнасці Расонскага раёна, Ельскі краязнаўчы музей прадставілі цыклы музейна-педагагічных мерапрыемстваў. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна выступіў з культурна-адукацыйным праектам “Падарожжа па месцах жыцця нізянскіх камсамольцаў”...
У намінацыі “Музейныя экспазіцыі і выставачныя праекты, прысвечаныя адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны, патрыятызму савецкага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі” прынялі ўдзел Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, Музей бітвы за Днепр гарпасёлка Лоеў, Гомельскі абласны музей ваеннай славы, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей (з экспазіцыяй “Яўрэйскае супраціўленне ў Навагрудку ў перыяд Халакосту”), Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь” (з экспазіцыяй “Дальва — Подзвіг. Трагедыя. Міласэрнасць”).
Пераможцамі ў намінацыі “Навуковыя даследаванні па ваенна-патрыятычнай тэматыцы” сталі Клімавіцкі краязнаўчы музей (першае месца), Гомельскі абласны музей ваеннай славы, Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова.
У намінацыі “Музей і новыя адукацыйныя праграмы” вызначыліся Любанскі музей народнай славы (першае месца), Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, Музей баявой садружнасці Расонскага раёна.
У намінацыі “Музейныя экспазіцыі і выставачныя праекты, прысвечаныя адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны, патрыятызму савецкага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі” перамаглі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей (першае месца), Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Музей бітвы за Днепр гарпасёлка Лоеў, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей.
Наперадзе — другі тур, у якім да пераможцаў першага тура далучацца рэспубліканскія музеі, сярод якіх Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музеі гарадоў. Пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі па кожнай намінацыі ў памеры трох мільёнаў рублёў (першая прэмія), двух мільёнаў (другая) і аднаго мільёна рублёў (трэцяя прэмія). Падвядзенне вынікаў пройдзе з 1 па 9 мая 2009 года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Святлана ГАЎРЫЛАВА,
галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай
творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 

На здымку: намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь
Віктар Кураш (трэці справа) з членамі экспертнай камісіі.