І беларуская старонка

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

11 сакавіка ў Маскве, у адным з павільёнаў Усерасійскага выставачнага цэнтра распачалася ХІІ Нацыянальная выстаўка-кірмаш “Кнігі Расіі”. Як і заўжды, удзел у мерапрыемстве бяруць і беларускія выдавецтвы, а таксама кнігагандлёвыя кампаніі. Сёлетні наш удзел у гэтым прэстыжным кірмашы больш акрэслены з той нагоды, што ў Маскве, як вядома, 24 лютага распачаты Год беларускай культуры.

Начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, якая толькі што вярнулася з выстаўкі “Кнігі Расіі”, паведаміла “К” аб надзвычайнай шматграннасці сёлетняга кірмашу. У ім бяруць удзел больш за паўтысячы арганізацый з 70 рэгіёнаў Расіі.

Дэманструецца каля тысячы найменняў выдавецкай прадукцыі на мовах Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, сёлетняя выстаўка праходзіць пад дэвізам “Знайдзі кнігу!” На нацыянальным стэндзе Рэспублікі Беларусь экспануюцца кнігі дзяржаўных выдавецтваў “Беларусь”, “Беларуская энцыклапедыя” імя П.Броўкі, “Мастацкая літаратура”, “Вышэйшая школа”, “Народная асвета”, а таксама Мінскай фабрыкі каляровага друку, “Пачатковай школы”, выдавецкіх цэнтраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, выдавецтва “Аверсэв”. Апрача асноўнага стэнда дзейнічаюць і стэнды кнігагандлёвых кампаній.

Сёлетні год абвешчаны ў Расіі Годам моладзі. З гэтай нагоды беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у пасяджэнні “круглага стала”, дзе гаворка ішла пра тое, што чытае моладзь у Год моладзі. Дарэчы, студэнтам і школьнікам уваход на выстаўку-кірмаш “Кнігі Расіі” — бясплатны.

А.С.