Сто майстроў і баль вякоў

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

26 сакавіка ў Палацы Рэспублікі адбудзецца творчая справаздача Мінскай вобласці, прымеркаваная да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 /i/content/pi/cult/199/2250/Sto-majstrou.jpg
Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, перад пачаткам канцэрта на плошчы ля Палаца Рэспублікі, з 16 гадзін, будзе дзейнічаць выстаўка-продаж твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Сто народных майстроў з 12 рэгіёнаў Мінскай вобласці прадэманструюць тэхналогіі рамёстваў, правядуць майстар-класы, прарэкламуюць уласную сувенірную прадукцыю.

Побач з рамесніцкімі павільёнамі будуць працаваць і гандлёвыя. Можна будзе пачаставацца не толькі чаем і блінамі, але і традыцыйнымі стравамі Міншчыны. Нацыянальнага каларыту дададуць кірмашу і чатыры фальклорныя гурты-тэатры беларускай гульні, якія прадэманструюць ахвотным не толькі танцы-забаўкі, але і вясновыя абрады...

У галерэі “Універсітэт культуры” запланавана адкрыццё выстаўкі пленэрных работ навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і мастацкіх школ Мінскай вобласці.

А ў фае Палаца Рэспублікі пройдзе баль вякоў. Касцюміраваная дзея, да якой спрычыняцца і аркестр, і харэографы, распавядзе пад музыку XVII — XVIII стагоддзяў пра зараджэнне культуры і мастацтва на старажытнай зямлі Міншчыны.

Канцэрт складаецца з некалькіх блокаў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, горычы страт і радасці вызвалення роднага краю, будзе адлюстравана праз творчы светапогляд трох пакаленняў: ветэранаў, іх сыноў і ўнукаў. У справаздачным канцэрце прымуць удзел 70 калектываў і 1300 выканаўцаў Мінскай вобласці.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ