Яшчэ адзін сімвал суверэнітэту!

№ 11 (879) 14.03.2009 - 20.03.2009 г

8 сакавіка ў абноўленым будынку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбыўся святочны гала-канцэрт, прысвечаны Дню жанчын, на якім прысутнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Як зазначыў Кіраўнік дзяржавы, адкрыццё будынка тэатра пасля маштабнай рэканструкцыі акурат да вясновага свята стала своеасаблівым падарункам не толькі жанчынам, але і ўсёй краіне. Са сцэны Прэзідэнт падзякаваў усім, хто прымаў удзел у работах, а таксама — творчым калектывам, якія годна пераадолелі ўсе складанасці, звязаныя з рамонтам.

 /i/content/pi/cult/199/2249/Operny.jpg
Перад пачаткам урачыстага гала-канцэрта Аляксандру Лукашэнку ўручылі сімвалічны ключ ад тэатра, а пасля правялі невялікую экскурсію па рэканструяваным будынку. Кіраўнік дзяржавы агледзеў фае, наведаў рэпетыцыйную залу, пазнаёміўся з працай унікальных механізмаў сцэны. “Мы стварылі суперсучасны тэатр оперы і балета, сцэнічную пляцоўку, якая адпавядае ўсім сусветным стандартам. Такога тэатра на постсавецкай прасторы няма”, — зазначыў пасля агляду Прэзідэнт.

“Калісьці, — зазначыў Кіраўнік дзяржавы, — большая частка грамадства на мяне крыўдзілася, а зараз я хачу задаць пытанне: а калі б я не прыспешыў, што б мы зрабілі за гэты кароткі прамежак часу прыкладна ў пяць гадоў? Мы б пабудавалі Нацыянальную бібліятэку, мы б стварылі суперсучасныя комплексы — спартыўныя, культурныя, відовішчныя, мы, нарэшце, прывялі б у парадак тэатр оперы і балета? Не і яшчэ раз не! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гавораць, што гэта дорага. Паўтару яшчэ раз: не я адзін хацеў, каб наша краіна была суверэннай і незалежнай. А суверэнітэт і незалежнасць дорага каштуюць. Калі мы суверэнны і незалежны, а не нейкая правінцыя нейкай дзяржавы, то ў гэтай дзяржаве трэба ствараць сімвалы суверэнітэту і незалежнасці, тыя аб’екты, якімі мы будзем ганарыцца”.

Са сцэны тэатра оперы і балета Кіраўнік дзяржавы выказаў глыбокую павагу і шчырую ўдзячнасць усім беларускам “за іх працу, якая робіць нашу краіну прыгожым і ўтульным домам, за разуменне і гатоўнасць пераадольваць усе складанасці, што ўзнікаюць на шляху, за давер і падтрымку, якія натхняюць мужчын на дасягненне высакародных мэт”. Ён адзначыў актыўную ролю нашых сучасніц ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы. Так, больш за трэць членаў Савета Рэспублікі і дэпутацкага корпусу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — жанчыны. Яны ж складаюць дзве трэці дзяржаўных служачых у краіне.

У Беларусі з кожным годам павышаецца статус жанчыны-маці і інстытута сям’і. Прыняты меры па павелічэнні выплат пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, дапамог па доглядзе за дзецьмі, прадстаўленню фінансавай падтрымкі маладым і шматдзетным сем’ям, забеспячэнні іх жыллём. Моцная сацыяльная палітыка дзяржавы дае добры вынік: з году ў год у Беларусі расце нараджальнасць. У мінулым годзе на свет з’явілася больш за 90 тысяч дзяцей. “І гэта — самае важнае і важкае дасягненне нашых жанчын, за якое вам нізкі паклон і ўдзячнасць. Без вас не было б нацыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пад час урачыстай цырымоніі ўручыў ордэны Маці чатыром шматдзетным матулям з розных куткоў Беларусі.

Распачаты адразу пасля афіцыйнай цырымоніі святочны канцэрт, прымеркаваны да Дня жанчын, сабраў на абноўленай сцэне тэатра лепшых майстроў мастацтваў краіны. Разам са знакамітымі артыстамі оперы і балета сваё мастацтва паказалі навучэнцы Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа і гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Працяглыя апладысменты выклікалі выступленні гасцей: саліста Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі народнага артыста Расіі Алега Кулько, салістаў балета Дзяржаўнага акадэмічнага Марыінскага тэатра Настассі Петушковай і Андрэя Ермакова.

Святкаванне Дня жанчын стала першай ластаўкай далейшай плённай працы Нацыянальнага тэатра оперы і балета. На сённяшні дзень у адрэстаўраваны будынак пераехалі ўсе службы тэатра. Супрацоўнікі займаюцца адаптацыяй рэпертуару да тэхнічных умоў абноўленай сцэны. Найсучаснае святло- і гукаабсталяванне, новая сцэна, якая трансфармуецца за кошт 21 пад’ёмна-апускной пляцоўкі, паваротнае кола дазволяць добра знаёмым пастаноўкам паўстаць перад гледачамі, так бы мовіць, у новым святле.

Да канца бягучага тэатральнага сезона плануецца адаптаваць 24 оперныя і 18 балетных спектакляў. Адначасова распачнецца праца над будучымі прэм’ерамі. “Па сутнасці, сёння нараджаецца сапраўдны цэнтр музычнага мастацтва, сцэна якога дазваляе ўвасабляць самыя перадавыя ідэі і рашэнні, захоўваць і прымнажаць традыцыі, якія набылі сусветную славу беларускім майстрам оперы і балета”, — падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА