На нашых старонках мы неаднаразова прапаноўвалі ўвазе чытачоў самыя розныя маршруты для паездак па краіне, падчас якіх можна бліжэй пазнаёміцца з помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтым разам накіруемся ў ваколіцы Чэрвеня, Беразіна і Асіповічаў. Маршрут разлічаны на адзін дзень — калі выехаць ранкам машынай з Мінска, можна ўправіцца яшчэ да вечара.
ЗАМАК У ЗАСЕНІ ПАРКУ
Наш маршрут распачынаецца са Смілавічаў, дзе варта паглядзець на палацава-паркавы комплекс, які быў закладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі і належаў шляхецкаму роду Манюшкаў. Карпусы тутэйшага палаца, збудаваныя ў розныя перыяды, нясуць на сабе адбітак розных архітэктурных стыляў, а асабліва вылучаецца ў ансамблі псеўдагатычная вежа, якая сваімі абрысамі з магутнымі зубцамі наверсе нагадвае абарончыя ўмацаванні сярэднявечных замкаў.
Пасля апошняй вайны палац належаў Смілавіцкаму аграрнаму каледжу, але з цягам часу будынак пачаў занепадаць, і аднаўленне яго распачалося толькі пасля таго, як у 2014 годзе быў знойдзены прыватны інвестар. Акрамя палаца, ёсць на тэрыторыі парка яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы, узведзеныя Манюшкамі — і калі адна з іх занядбаная, то ў другой і сёння жывуць людзі. Таксама сярод паркавых насаджэнняў варта звярнуць увагу на чорныя хвоі, якія з’яўляюцца помнікам прыроды.
СЛЕД БАГАРОДЗІЦЫ
За кіламетр на поўнач ад Смілавічаў, ля вёскі Вярхлес, трапляем на так званую Святую або Мар’іну Горку (не блытаць з суседнім раённым цэнтрам). Маляўнічы пагорак пры дарозе, на якім раскінуліся мясцовыя могілкі — насамрэч, гарадзішча VIII—X стагоддзяў, на якім, паводле археалагічных даследаванняў, размяшчалася язычніцкае капішча. Аб гэтым сведчаць і дзве мясцовыя святыні, размешчаныя на вяршыні пагорка, якія сёння шануюцца хрысціянскімі вернікамі — камень-следавік і каменны крыж, які, магчыма, быў выраблены з паганскага ідала.
Існуе ў гэтай мясцовасці таксама паданне аб тым, як на гэтым пагорку тройчы з’яўлялася Багародзіца, якая і пакінула адбітак сваёй нагі на камені. Адметна, што менавіта ў 1950-я гады, калі камень спрабавалі выкарыстаць пры дарожных работах, мясцовыя жыхары пачалі хаваць на пагорку памерлых, такім чынам жадаючы зберагчы святыню ад знішчэння. Непадалёк адсюль — праваслаўны мужчынскі манастыр у Малых Лядах. Паводле падання, заснаваны ён быў у XVIII стагоддзі, як грэка-каталіцкі, пасля таго, як адному з мясцовых жыхароў з’явілася Божая Маці і загадала збудаваць храм на месцы з’яўлення яе абраза. Мураваная царква ў стылі барока была тут узведзеная ў 1794 годзе.
ЦІ ЗАЎЖДЫ МОЖНА ВЕРЫЦЬ НАПІСАНАМУ
Далей кіруемся ў Чэрвень, дзе варта агледзець добра захаваны ансамбль мураванай местачковай забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя на колішняй рынкавай плошчы. У ваколіцах горада, рухаючыся на поўнач і пасля на захад, агледзім рэшткі двух колішніх сядзібаў, якія належалі шляхецкаму роду Слатвінскіх. У Валадуце, на жаль, захаваліся толькі руіны бровара, муры якога, тым не менш, уражваюць як сваёй маляўнічасцю, так і тэхналогіяй пабудовы пачатку пазамінулага стагоддзя, калі для муроўкі выкарыстоўваліся вялізныя валуны, якія падымалі на ўзровень другога і трэцяга паверхаў.
Руіны бровара ў Валадуце
У Раванічах таксама захаваўся бровар з гаспадарчымі пабудовамі, які, дарэчы, на адрозненне ад валадуцкага, дагэтуль працягвае дзейнічаць. Акрамя таго, у складзе палацава-паркавага комплекса зберагліся два флігелі і сам сядзібны дом у стылі класіцызму — раскошны двухпавярховы палац з параднай лесвіцай, калонамі і порцікам, на якім красуецца дата пасляваеннага аднаўлення будынка — 1952. Але няхай яна не ўводзіць падарожных у зман — насамрэч, палац быў узведзены яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя. У пасляваенныя гады і да пачатку 1990-х тут размяшчаўся мясцовы шпіталь, але пасля, на жаль, будынак прыйшоў у заняпад. У навакольным парку варта звярнуць увагу таксама на белы дуб і серабрысты клён — адзіныя такія дрэвы ў Беларусі.
Палац Слатвінскіх у Раванічах
Акрамя таго, непадалёк ад палаца захаваліся руіны касцёла Святога Антонія Падуанскага, збудаванага напрыканцы XVIII стагоддзя як сямейная пахавальня Слатвінскіх. У савецкія часы касцёл выкарыстоўваўся як зернясховішча, у 1990-х перажыў пажар і, пазбавіўшыся даху, паступова прыйшоў у заняпад. Тым не менш усярэдзіне будынка яшчэ захаваліся элементы ляпнога дэкору і роспісаў, а таксама лесвіца, якая вядзе на хоры.
САЛОДКІ ЎСПАМІН АБ ЛІМАНАДЗЕ
Наступны пункт нашай вандроўкі — Багушэвічы Бярэзінскага раёна, дзе на ўзгорку ля ракі Усы ўзвышаецца неагатычны касцёл Божага Цела, збудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя як пахавальня роду Свентажэцкіх. Планам гэтым, аднак, не суджана было спраўдзіцца — за ўдзел уладальнікаў у паўстанні 1863 года іх сядзібу цалкам спалілі — але касцёл ацалеў. Потым была тут доўгі час праваслаўная царква, у савецкі час — вясковы клуб, пасля будынак стаяў закінуты. Але ў пачатку 2000-х усё-ткі яго вярнулі каталцікім вернікам, і сёння тут зноў ладзяцца набажэнствы, а святыня працягвае ўражваць наведвальнікаў сваімі спічастымі абрысамі і незвычайнай формай муроў.
У Беразіне на не менш маляўнічым месцы, ля адхону над ракой, стаіць двухпавярховы палац, збудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя, які некалі належаў шляхецкаму роду Патоцкіх. У савецкія часы тут размяшчалася школа, пасля будынак выкарыстоўваўся як склад, але паступова прыйшоў у заняпад. За апошняе дзесяцігоддзе рабіліся спробы аднаўлення палаца, у 2011 ён быў выкуплены ў прыватную ўласнасць, але пазней зноў вернуты дзяржаве. Непадалёк ад палаца на тэрыторыі спіртзавода захаваліся таксама збудаваныя напрыканцы ХІХ стагоддзя карпусы бровара.
З Беразіна ўздоўж ракі мы кіруемся на поўдзень, і трапляем у Свіслач Асіповіцкага раёна, дзе ля месца зліцця аднайменнай ракі і Бярэзіны захавалася старое гарадзішча, да якога вядзе з цэнтра мястэчка дзівам захаваная брукаванка. З высокага пагорка адкрываецца цудоўная панарама на навакольныя лясы, а яшчэ большую маляўнічасць краявіду надаюць руіны старой гаспадарчай пабудовы на колішнім замчышчы. Распытаўшы мясцовых жыхароў, можна даведацца, што яшчэ ў 1970-я гады тут размяшчаўся цэх па вырабе ліманаду — як кажуць, надзвычай смачнага. Сёння, на жаль, аб гэтым тут ужо мала што нагадвае, і нават камяні магутных контрфорсаў, якія падтрымлівалі мураваны будынак з боку ракі, даўно вываліліся з падмуркаў. Але, тым не менш, прыгажосць гэтага месца сапраўды ўражвае і прымушае наведвацца ў гэты куток многіх аматараў падарожжаў.
ПАРУПІЦЦА!
З досведу нашай вандроўкі па Чэрвеньскім, Бярэзінскім і Асіповіцкім раёнах можна пабачыць, што лёс помнікаў мінуўшчыны, якія нам удалося пабачыць у дарозе, склаўся па-рознаму. Некаторым з іх пашчасціла атрымаць статус гісторыка-кульутрнай каштоўнасці, і, нягледзячы на колішнія разбурэнні ды заняпад, займець надзею на вяртанне з нябыту і новае жыццё. Некаторыя, хоць і ахоўваюцца дзяржавай, але ўсё яшчэ чакаюць свайго аднаўлення і новых гаспадароў. Найбольшую ж занепакоенасць выклікае будучыня тых будынкаў, якія сёння так і не маюць ахоўнага статусу, а таму працягваюць разбурацца пад уздзеяннем прыродных умоў і з-за простай чалавечай безгаспадарлівасці, хаця маглі б ператварыцца ў сапраўдныя перліны турыстычных маршрутаў. Аб чым сведчыць і тое, што ў сваёй вандроўцы мы рэдка былі адзінокімі, а амаль ля кожнага са згаданых помнікаў сустракалі такіх самых падарожнікаў, якія з задавальненнем аглядалі велічныя, хаця, часам, і занядбаныя будынкі, ды фатаграфаваліся на памяць.
Але ці надоўга захаваюцца гэтыя гмахі? Ці здолеюць яны ўратавацца ад разбурэння, калі пакінуць іх у сённяшнім стане? На колькі год яшчэ хопіць трываласці ў старадаўніх муроў? Ці не варта мясцовым уладам звярнуць увагу на стан гэтых аб’ектаў, якія маглі б узбагаціць турыстычны патэнцыял іх рэгіёнаў? І калі не заняцца паўнавартаснай кансервацыяй, якая, будзем шчырымі, патрабуе ўкладання значных сродкаў — то хаця б добраўпарадкаваць тэрыторыю навокал гістарычных будынкаў, пакасіць траву альбо прыбраць смецце, зрабіць доступ да гэтых аб’ектаў прыемным і бесперашкодным для ўсіх? Тады мо вандроўнікі з усёй краіны і з-за яе межаў пацягнуцца сюды з яшчэ большым імпэтам.