П’еса Віталя Вольскага, напісаная паводле старадаўняй беларускай народнай казкі, распавядае пра падораныя Дзеду з Бабай чароўныя рэчы, здольныя накарміць і абараніць. Няхітры сюжэт становіцца асновай мастацкай дзеі, сачыць за якой куды больш цікава, чым за даволі прадказальнай гісторыяй, уласцівай фальклору з яго адшліфаванай сістэмай архетыпаў.
Упершыню казка трапіла на сцэну ў 1939-м і стала першым арыгінальным беларускім творам для тэатра лялек. З таго часу яна практычна не знікала з рэпертуару, хіба назвы змяняла. Яе цяперашняе ўвасабленне — ужо дзясятае па ліку. Аляксей Ляляўскі (рэжысёр), Ала Ганіёдская (мастак-пастаноўшчык), Людміла Скітовіч (мастак аднаўлення) ствараюць не проста спектакль, а тую сцэнічную прастору, дзе кожная дэталь дыхае народнай сімволікай і традыцыйнымі рамёствамі. Лялькі — уласцівыя беларусам гліняныя цацкі, што маюць устойлівыя пункты апоры. Жораў-Журавель выраблены з пянькі-вяроўкі і лётае ў паветры, часам нагадваючы саламяных павукоў-абярэгаў, традыцыйных для беларусаў. Месца дзеяння — адмысловае ганчарнае кола, што сумяшчае ў сабе адразу некалькі сцэнічна-паваротных магчымасцей. Сцэнаграфія — умоўныя абрысы асноўных для ХІХ стагоддзя архітэктурных збудаванняў-сімвалаў: маленькая сялянская хаціна, велічны панскі палац і царква. Палац — гэта найперш урачыстыя калоны класіцызму і сталінскага ампіру, што падтрымліваюць дах і павінны сімвалізаваць непарушнасць улады над “маленькім чалавекам”. Царква — арка са звонам ды купал у выглядзе цыбулінкі. Хатка — сціплы дах над галавой і вялізнае, праз усю яе сцяну, акно “ў свет”. Што яшчэ трэба для шчасця? Хіба гарох, каб было што есці. Яго выява нагадвае сучасную скульптурную кампазіцыю — закручана-мудрагелістую, з мноствам асацыятыўных шэрагаў: просты сялянскі прадукт харчавання, што расце-віецца ў гародзе, на нашых вачах ператвараецца ў ежу духоўную.
У спектаклі многа добрага, няз’едлівага гумару. Ён змешчаны не столькі ў самім тэксце, колькі ў ягоным відовішчным увасабленні і майстэрскім агучванні. Ад здзіўлення ды іншых эмоцый у гліняных лялек камічна прыўзнімаюцца капелюшы ці нават сама галава. Смешна танчаць Дзед і Баба — лялькі і артысты. Апошніх усяго двое. Змяняючы тэмбравыя адценні галасоў, інтанацыйнасць, выразнасць, саму манеру маўлення, гэтыя двое артыстаў у абліччы анёлкаў з трапяткімі крылцамі за спінаю ствараюць яркія гукавыя партрэты шасці асноўных персанажаў. Кожны з акцёрскіх складаў уносіць сваю разыначку, праз гэта атрымліваюцца быццам два розныя спектаклі. Нягледзячы на даволі малады ўзрост, Надзея Чэча і Валерый Зяленскі распавядаюць казку быццам ад сапраўдных бабулечкі з дзядулечкам, заварожваючы самой лялечнай дзеяй. Любоў Клок і Дзмітрый Рачкоўскі дадаюць больш погляду звонку, запальваюць маладзёжнай энергетыкай, пластычнасцю рухаў, заўзятым гульнявым тэмпераментам.
Асобую ролю грае музыка. Да розных пастановак “Дзеда і жорава” яе пісалі Рыгор Пукст, Яўген Цікоцкі, Уладзімір Кандрусевіч. Аднаўляючы сваю версію 1986 года, Аляксей Ляляўскі дадаў да яе іншую музыку — Леаніда Паўлёнка. Спектакль зайграў новымі фарбамі, сумяшчаючы фальклорна-танцавальныя вытокі з песеннымі фрагментамі, тыповай “дэтэктыўнай” тэмай і моднай сёння “атмасфернай” музыкай, што ўтварае папраўдзе тэатральную фонасферу. Дадатковыя ноткі ўзнікаюць і праз непасрэднае жывое гучанне дудкі і скрыпкі, што дапаўняе гуказапіс. Той дудкай быццам ажыўляюцца гліняныя статуэткі, ім надаецца жывое дыханне. Скрыпічным смыкам, што цягнецца па струнах, перадаецца гэткі роў цяляці-бычка — бы гук складанай жыццёвай долі.
А сама па сабе “гульня ў лялькі” на стале становіцца выдатным майстар-класам для бацькоў і дзяцей. У кожнага ў доме ёсць і маленькія статуэткі-сувеніры, і смешныя фігуркі бонсцікаў ды іншых казачных герояў, што ў свой час выдавалі ў сеткавых крамах за пэўную суму пакупкі. Ды фантазія дзіцяці нават лыжкі-відэльцы ў каго хочаш ператворыць! Выкарыстоўваючы такія “падручныя сродкі”, кожны ў стане рабіць свае ўласныя лялечныя прадстаўленні. Хай яны будуць не такімі стыльнымі і яскравымі, як у прафесіяналаў — майстроў сваёй справы, але выхаваўчы эфект ад іх перакрые многія дарагія цацкі, скіраваныя на дзіцячае развіццё. Тэатр не толькі як завершаны спектакль, што скарае гармоніяй і прыгажосцю, але і як штуршок да далейшых абмеркаванняў, самастойных прыдумак і дзеянняў — ці ж не ў гэтым прызначэнне мастацтва?
Фота Таццяны Матусевіч