— Часта тэма твора адлюстравана ў яго назве. Найменне вашай прэм’еры — “Магія” — інтрыгуючае, дапускае мноства трактовак. Прыадкрыйце таямніцу, пра што пойдзе гаворка ў мюзікле?
— Сапраўды, тэма звычайна задаецца ў назве, але мы адмыслова не ставілі канкрэтную тэму для таго, каб пакінуць нашым патэнцыяльным слухачам прастору для інтэрпрэтацыі. Варта адзначыць, што назва “Магія” дакладна адлюстроўвае сутнасць таго, што адбываецца ў нашым універсітэце. Гэта чараўніцтва. Чараўніцтва нараджэння і станаўлення творчага чалавека, незалежна ад таго, грамадзянінам якой дзяржавы ён з’яўляецца. Замежнікі, калі прыязджаюць у нашу краіну і трапляюць ва ўніверсітэт, могуць стаць прафесіяналамі, адшукаць каханне і завесці новых сяброў. Па сутнасці мастацтва — гэта заўсёды магія. Мы не маем на ўвазе нічога акультнага. Гэта ў добрым сэнсе тое, што адбываецца з чалавекам у маладосці, калі любы дзень, любая сустрэча з новым чалавекам або з’явай можа кардынальным чынам змяніць жыццё. Таму гаворка пра магію мастацтва, маладосці, кахання.
— Якую літаратурную аснову абралі для пастаноўкі?
— Ёсць два падыходы да падрыхтоўкі мюзіклаў. Адзін заснаваны на інтэрпрэтацыі вядомых літаратурных твораў. Усе мы памятаем “Нотр-Дам дэ Пары”, “Рамэа і Джульета”… Ёсць мюзіклы арыгінальныя, літаратурная аснова якіх напісана адмыслова для спектакля. Наш выпадак другі. Сцэнарый падрыхтаваны Аляксандрам Вавілавым. І для нас радасна і каштоўна, што гэта яго асаблівае бачанне рэалій нашага ўніверсітэта. Дарэчы, гледача заўсёды кранае, калі выканаўца паказвае тое, што яму насамрэч блізка.
— Многія мюзіклы славяцца сваімі спецэфектамі, кідкім афармленнем. Ці звяртаецеся вы да нейкіх незвычайных рашэнняў у гэтым кірунку?
— Пляцоўка нашага спартыўна-культурнага цэнтра дазваляе зрабіць варты мастацкі прадукт. Канешне, мы цалкам выкарыстоўваем магчымасці нашай залы, аднак не імкнёмся насыціць спектакль адмысловымі тэхнічнымі рашэннямі. Робім стаўку на іншае, хочам даць гледачам адчуць энергію маладосці. Распрацоўваем і адмысловыя дэкарацыі, але не звяртаемся да максімальна рэалістычнага паказу месца дзеяння, а разлічваем на больш умоўныя рашэнні.
— Хто працуе над прэм’ерай у складзе пастановачнай групы?
— Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам выступіў начальнік аддзела па арганізацыі канцэртных і творчых праектаў “Арт-Мажор”, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Аляксандр Вавілаў. Наша выпускніца, а цяпер супрацоўніца Бажэна Нюшкова, выконвае абавязкі дырэктара праекта, адказвае за многія арганізацыйныя моманты. У якасці мастака мы запрасілі лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Юрыя Барысевіча. Вельмі важная частка — музычная — падрыхтавана прадзюсарам Юрыем Савашам. Дарэчы, музычны матэрыял цалкам арыгінальны. Над пастаноўкай працуе цэлая каманда балетмайстраў. Гэта запрошаны віцебскі спецыяліст Раман Рыкаў, а таксама Дзмітрый Залескі, Дзмітрый Бяззубенка, Максім Кашэвіч, Вольга Шамрова. Каманда вялікая. І прыемна, што на сцэну разам са студэнтамі выходзяць выкладчыкі. Гэта важна, калі студэнт адчувае: педагог не проста расказвае, як трэба рабіць, а разам з табой працуе над творам, ён калега. Некалькі іншыя ўзаемаадносіны, чым у аўдыторыі.
— Якім чынам праводзілі набор студэнтаў у каманду?
— Мы ладзілі кастынг, куды запрашалі ўсіх ахвотных, незалежна ад спецыяльнасці. Ёсць прыклады, калі студэнт задзейнічаны ў неўласцівым яму амплуа. Таксама варта разумець, што студэнт можа паўдзельнічаць у праекце не толькі як выканаўца вядучай ролі. Патрэбныя масоўка, памочнікі рэжысёра, адміністратары, адказныя за афішы і распрацоўку рэкламнай кампаніі. Не ўсе могуць вытрымаць дадатковыя заняткі, даволі працяглыя, таму некаторыя сыходзілі. Вельмі прыемна працаваць з энтузіястамі, з тымі, хто хоча зрабіць найлепшае для ўніверсітэта і краіны.
— Ці бачыце камерцыйны патэнцыял у гэтым мюзікле?
— Мы спадзяёмся, што спектакль будзе мець доўгае жыццё. Канешне, зарабіць грошы не першапачатковая задача. У першую чаргу праект важны як фактар атрымання дадатковых кампетэнцый, бо пры рэалізацыі канкрэтнага праекта студэнты набываюць больш, чым седзячы за партай. Таксама праца над такой пастаноўкай пашырае міжкафедральныя сувязі. Пры гэтым камерцыйны патэнцыял ёсць. Няма нічога кепскага ў тым, каб прадаваць якасны прадукт. Такі вопыт ва ўніверсітэта ёсць. У нас былі пастаўлены два мюзіклы — “Дуброўскі і “Казанова”, якія паспяхова ішлі некалькі сезонаў на розных сцэнах, а таксама гісторыка-культурны праект “Сем таямніц Беларусі”. І чаму б не выпусціць у пракат прэм’ерны мюзікл, калі ён не будзе саступаць па якасці іншым гульцам? Няма праблемы сумяшчаць удзел у пастаноўцы з вучобай, калі паказваць спектакль два-тры разы на месяц на нашай пляцоўцы ці нават выязджаць у іншыя гарады. Гэта вялізны патэнцыял нават з пункту гледжання прафарыентацыі. Калі патэнцыяльны абітурыент ці яго бацькі бачаць, чым займаюцца студэнты на практыцы, гэта спрацоўвае лепш за любую рэкламу.
— Пяройдзем да яшчэ аднаго новага праекта вашага ўніверсітэта — рэспубліканскага конкурсу “Дэнс кангрэс”. Яго можна лічыць адказам на падобныя камерцыйныя спаборніцтвы?
— Добра, што ёсць такія конкурсы, бо іх арганізатары не толькі зарабляюць грошы, але і робяць унёсак у папулярызацыю мастацтва. Аднак там адбываецца нівеліраванне ўзнагароды, бо часам, напрыклад, сярод дзесяці ўдзельнікаў кожны атрымлівае статус лаўрэата. Мы хочам пабачыць тых, хто не мае магчымасці пастаянна ўдзельнічаць у камерцыйных конкурсах. Таксама спаборніцтва накіравана на тое, каб нашых дзяцей, моладзь ацанілі не толькі беларускія спецыялісты. Плануецца конкурс як двухтурны, гэта прынцыповая пазіцыя. Каб зразумець, поспех маладога выканаўцы часовы ці гэта сапраўды высокі ўзровень, трэба ўбачыць як мінімум два нумары. У гэтым сэнсе ён робіцца па канонах сур’ёзных прафесійных спаборніцтваў.
— Канкурсанты могуць прадэманстраваць нумар у любым напрамку і любой тэхніцы, акрамя класічнага танца. Ці не ўскладняе такая размаітасць працу экспертаў і саміх удзельнікаў?
— Як бы парадаксальна ні гучала, удзельнікам прасцей працаваць у зададзеных рамках. Калі мы агалошваем вялікую творчую свабоду, некаторыя здзіўляюцца: “Як гэта? Можна ўсё?” Нават студэнты часам упадаюць у ступар, калі не задаеш ім канкрэтны кірунак, тэму, а пакідаеш прастору для выдумкі. А для экспертаў і гледачоў цяжкасцей не павінна быць. Звычайны глядач наўрад ці разумее розніцу паміж джаз-мадэрнам і contemporary. Тым больш спецыялісты з навуковымі ступенямі не заўсёды дакладна могуць знайсці паразуменне ў вызначэннях. У сучасным свеце жанравыя межы сціраюцца. Напрыклад, балеты Валянціна Елізар’ева. Якое вызначэнне ім дасце? Гэта класічны балет? Гэта аўтарская з’ява! Тэхніка класічнага танца, але гэтыя творы пайшлі далёка наперад ад акадэмічнага спектакля. А майстэрства ацаніць экспертам пад сілу нават у такой разнастайнай палітры жанраў і кірункаў.
— Для ўдзельнікаў зацверджана адмысловая прэмія “Нацыянальная спадчына”. Якія нумары могуць прэтэндаваць на гэту ўзнагароду?
— У гэтай намінацыі мы чакаем хутчэй не ўзоры традыцыйнай культуры ў аўтэнтычным выглядзе, а нумары з нацыянальным каларытам. У іх можа не быць ніводнага руху з беларускага танца, але ён будзе створаны на музыку айчыннага кампазітара. Мы адкрытыя свету, пераймаем здабыткі іншых, але хочацца, каб нашы балетмайстры і выканаўцы культывавалі нешта сваё. Прывязка да каранёў, да гістарычнай памяці вельмі важная.
— Напэўна, разлічваеце таксама адшукаць новых артыстаў для канцэртаў і свят рэспубліканскага маштабу?
— Так, адна з нашых задач — убачыць асобных выканаўцаў і калектывы, якія можна ў будучыні запрашаць з гатовым нумарам да ўдзелу ў канцэртах самага высокага ўзроўню. Або, ведаючы здольнасці артыстаў, прапаноўваць ім новыя нумары для буйных імпрэз. Для гэтага мы і запрашаем рэжысёраў у якасці суддзяў і гледачоў.
— Якой бачыце будучыню конкурсу?
— Сёлета мы разам з Міністэрствам культуры ўпершыню ладзім “Дэнс кангрэс”, і гэты конкурс, можна сказаць, пакуль першакурснік. Спадзяюся, ён стане штогадовым і ў будучыні мы значна пашырым яго рамкі, дапоўнім адукацыйным складнікам, правядзём круглыя сталы, майстар-класы, справаздачныя канцэрты нашай кафедры харэаграфіі.
Фота Таццяны Матусевіч