Фотаальбом родных Аляксандра Гараўца. Фота Таццяны Матусевіч
У газеце “Культура” ў серыі матэрыялаў, якія ішлі да Дня Перамогі ў маі 2020 года, у нумары пад агульнай назвай “Балада пра бацькоў” кожны з нашых супрацоўнікаў распавёў пра лёс сваіх родзічаў, якія змагаліся супраць фашысцкай нечысці на франтах і ў партызанскіх атрадах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тады і я пісала пра тату і мамінага роднага брата Шуру, як яго называлі ў сям’і Гараўцоў.
Так здарылася, што з гадамі ўсе дакументы пра подзвіг дзядзі сканцэнтраваліся ў маім сямейным архіве, і ў “Баладзе...” я паабяцала перадаць іх асноўную частку ў наш Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А найперш — галоўны дакумент: Грамату Героя Савецкага Саюза. Дарэчы, разам з ёй у мяне захоўваўся і яшчэ адзін унікальны дакумент аб з‘яўленні гэтай Граматы ў сямейным архіве ўдавы героя.
У звароце, датаваным жніўнем 1950 года і падпісаным Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мікалаем Швернікам, у прыватнасці, гаварылася: “За геройскі подзвіг, здзейснены Вашым мужам Гаравец Аляксандрам Канстанцінавічам у барацьбе з нямецкімі захопнікамі, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР ад 28 верасня 1943 года прысвоіў яму вышэйшую ступень адзнакі — званне ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА. Дасылаю Вам грамату <...> для захоўвання як памяць пра мужа-героя, подзвіг якога ніколі не забудзецца нашым народам”.
Дадам, што ў Цэнтральным музеі Узброеных Сіл СССР у Маскве і па сённяшні дзень існуе спецыяльны стэнд, на якім прадстаўлены святыя рэліквіі, што знайшлі на месцы гібелі лётчыка на Курскай дузе: ордэн Чырвонага Сцяга, гвардзейскі знак, пісталет “ТТ”, партбілет пад № 2682000, пушку “ШВАК” з яго самалёта-знішчальніка.
Паштоўка Аляксандра Гараўца. Фота Таццяны Матусевіч
Перадала наша сям’я ў фонды Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўсяго 63 дакументы той свяшчэннай эпохі. Сярод іх — апошні ліст Аляксандра Гараўца за тыдзень да яго гібелі, датаваны 30 чэрвеня 1943 года. Да ліста была прымацавана маленькая фотакартка з паштоўкай-улёткай, на якой прыпісана просьба да ваеннай цэнзуры — фотаздымак “не изымать”...