— Праграма складалася адмыслова, — расказаў адзін з арганізатараў канцэртаў і фестываляў у Касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску, кампазітар і арганіст Віктар Кісцень. — Сёлетнія “Калядныя вечары на Залатой Горцы” ўтрымлівалі ажно 16 канцэртаў. Цяперашнюю “Залатагорскую ліру” хацелася зрабіць, магчыма, больш кампактнай, але яшчэ больш канцэпцыйнай. У выніку фестываль уключае творы выключна духоўнай тэматыкі і адначасова скіраваны на асветніцтва, адкрыццё новых музычных даляглядаў для слухачоў.
Сярод найбольш адметных вечарын — выкананне Канцэрта для аргана, літаўр і струннага аркестра Франсіса Пуленка. Напісаны ў 1938 годзе, гэты твор быў этапным для французскага класіка. Ашаломлены заўчаснай смерцю маладога калегі, Пуленк ездзіў у манастыр, бо, як ён сам пра гэта пісаў, у ім “прачнуўся нашчадак суровых і богабаязных горцаў, якія шукалі ў рэлігіі суцяшэння ад зямных нягод”. Працаваў над творам чатыры гады, нават яго інструментальны склад зрабіў такім, каб было магчыма выкананне ў касцёле.
Вельмі цікавы твор прапанавала ў праграму Інэса Бадзяка, якая кіруе Студэнцкім хорам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 19 красавіка ў іх выкананні прагучаў цыкл “Святы вэлюм” амерыканскага кампазітара і дырыжора Эрыка Вітакра, які задоўга да пандэміі выступіў з ідэяй “віртуальных” харавых спеваў, складзеных з асобных відэазапісаў кожнага ўдзельніка. Цыкл распавядае гісторыю жыцця маладой жанчыны, маці двух дзяцей, якая, захварэўшы на рак, вяла блог, дзе занатоўвала ўсе свае адчуванні і думкі.
Цікавасць прыцягне і спалучэнне аргана з квартэтам саксафонаў на чале з Мікітам Пятровым, чаму прысвечаны асобны канцэрт з выкарыстаннем відэапраекцыі. У большасці, там прагучаць пералажэнні. Але да наступнага фестывалю на Каляды плануем зрабіць такую праграму з беларускай музыкі і, у прыватнасці, з арыгінальных твораў для такога складу, напісаных беларускімі кампазітарамі. Нельга ўспрымаць саксафон толькі як джазавы інструмент. Ён з’явіўся некалькімі дзесяцігоддзямі раней за джаз і скарыстоўваўся як сольна, так і ў аркестравай музыцы — дзеля новых тэмбравых фарбаў. А яго гучанне разам з арганам здольна яшчэ больш узбагаціць тэмбравую палітру сучаснай музыкі, у тым ліку духоўнай тэматыкі.