Дваццаць восем беларусаў з Аргенціны, Арменіі, Іарданіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны і Эстоніі сабраліся на гэтым тыдні ў сталіцы нашай радзімы, каб бліжэй пазнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі, вывучыць беларускія песні і танцы, асвоіць навыкі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але спачатку ўдзельнікаў стажыроўкі чакала пагружэнне ў гісторыю роднай краіны — у Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны для іх зладзілі аглядную экскурсію па ўсёй экспазіцыі і цягам гадзіны падрабязна распавялі аб асноўных этапах змагання супраць нацызму і ўнёску беларусаў у перамогу над ім.
Падчас экскурсіі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
ПАДСУМАВАННЕ ПОСПЕХАЎ
Як адзначыў міністр культуры Анатолій Маркевіч, тыднёвая стажыроўка дазваляе ў большай ступені пагрузіцца ў атмасферу нашай краіны, у свет айчыннай культуры і пераняць цікавыя напрацоўкі, якімі нашы госці здолеюць падзяліцца з іншымі беларусамі замежжа. У рамках сустрэчы з кіраўніком ведамства адбылося ўзнагароджанне найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары за шматгадовую плённую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры.
Узнагароды з рук міністра культуры атрымалі васьмёра ўдзельнікаў стажыроўкі. Нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” адзначаная кіраўнік Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-беларускае братэрства 2000» Ірына Глуская, якая таксама з’яўляецца ініцыятарам стварэння беларускіх вакальна-харэаграфічных калектываў — вакальных ансамбляў “Сузор’е” і “Каданс”, узорнага дзіцячага вакальнага ансамбля “Зачараванне”, харэаграфічных ансамбляў “Сябры” і “Мазаіка”.
Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры былі ўзнагароджаныя старшыня рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі, кіраўнік мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Петразаводска Святлана Барташэвіч, кіраўнік беларускага культурнага таварыства “Лёс” у Таліне Таццяна Ніжнік, кіраўнік спецыялізаванага фонду спрыяння развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя росы” з Санкт-Пецярбурга Ірына Рогава і кіраўнік Цэнтра беларускай культуры, старшыня беларускага культурна-адукацыйнага таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса Жанна Раманоўская.
Міністр культуры Анатолій Маркевіч узнагароджвае Ірыну Аслоўскі (Аргенціна)
Граматамі Міністэрства культуры таксама адзначаныя старшыня валгаградскай грамадскай гарадской арганізацыі “Зямляцтва беларусаў” Віктар Зіновіч і першы правамоцны ўдзельнік сацыяльна-культурнага і спартыўнага клуба “Усход” у аргенцінскім горадзе Берыса Ірына Аслоўскі. Дарэчы, апошняя згаданая наша госця нават не валодае ні беларускай, ні рускай мовамі і ў Мінску карысталася паслугамі перакладчыка, але, тым не менш, памятае аб тым, што яе бабуля паходзіла з Гродзеншчыны, і з гонарам прадстаўляе беларускую культуру за акіянам. Клуб “Усход” дзейнічае ў Аргенціне ўжо больш за восемдзесят год, за што таксама быў ушанаваны граматай Міністэрства культуры.
АД УКРАІНЫ ДА ІАРДАНІІ
Сярод удзельнікаў стажыроўкі — жыхары як далёкіх экзатычных краін, так і прадстаўнікі суседніх дзяржаў, але ўсіх іх аб’ядноўвае безумоўная любоў да Беларусі. Заслужаны дзеяч эстраднага мастацтва Украіны, дарадца старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў па пытаннях культуры, нацыянальных традыцый і народнай творчасці, кіраўнік народнай студыі эстраднага вакалу “Соняшник” Алена Аляксеенка з Міргарада, што ў Палтаўскай вобласці, прызнаецца, што творчая стажыроўка зрабілася для яе добрай нагодай яшчэ раз наведаць радзіму. Ва Украіне наша суразмоўца апынулася трыццаць год таму, калі стварыла сям’ю, але сёння яна часта наведвае Беларусь. У студыі “Соняшник” дзеці выконваюць песні на самых розных мовах свету, і ў тым ліку — на беларускай. Таму, вядома, любы візіт беларускіх дэлегацый у Міргарад не абыходзіцца без выступу выхаванцаў гэтага калектыву.
А вось Аксана Чамеза, якая завітала ў Мінск з горада Аман, прадстаўляе Культурна-асветнае аб’яднанне беларусаў Іарданіі, якое дзейнічае ўжо на працягу трох год і налічвае каля трыццаці дарослых удзельнікаў, а таксама прыкладна столькі ж дзяцей. Вялікая ўвага надаецца тут захаванню гістарычнай памяці. Так, да Дня Перамогі штогод ладзіцца міжнародны літаратурны праект пад назвай “І сцерці памяць час ніколі не павінен: чытаем па-беларуску”, у рамках якога ствараюцца відэаролікі, дзе прадстаўнікі дыяспары чытаюць літаратурныя творы беларускіх аўтараў на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама аб’яднанне праводзіць конкурс дзіцячага малюнка паводле матываў беларускіх казак пад назвай “З рога ўсяго многа”, ладзіць вечарыны, прымеркаваныя да такіх традыцыйных свят, як Купалле або Каляды, супрацоўнічае з музеямі і ўдзельнічае ў выставачных праектах. У планах на перспектыву — падрыхтоўка візіту ў Іарданію прадстаўнікоў нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і арганізацыя выставы беларускага народнага касцюма.
У рамках творчай стажыроўкі яе ўдзельнікі цягам тыдня наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Храм-помнік у гонар Усіх Святых. Падчас выезду ў Гомельскую вобласць нашы госці наведалі Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, а таксама Стаўбунскі сельскі дом культуры і Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва, дзе змаглі бліжэй пазнаёміцца з рознымі відамі народнай творчасці і паўдзельнічаць у майстар-класах. Будзем спадзявацца, што традыцыя такіх сустрэч, запачаткаваная яшчэ ў 2016 годзе, будзе працягвацца і далей, спрыяючы міру і ўзаемаразуменню паміж народамі.
Фота Таццяны Матусевіч