З мінулай круглай даты, 130-годдзя паэта, зроблена шмат. У рамках выставачнага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” творчасць нашага класіка прэзентавалі ў Арменіі, Эстоніі, Турцыі, Францыі і іншых краінах. Створаны новыя экспазіцыі ў філіялах купалаўскага музея ў Акопах і Ляўках. Да чарговага юбілею правялі рамонт у Вязынцы: супрацоўнікі “Белрэстаўрацыі” абнавілі гонтавы дах роднай хаты песняра. На гэтыя работы пайшло каля 80 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Абнаўлення чакае філіял музея ў Яхімоўшчыне — колішнім маёнтку, дзе нарадзіліся “А хто там ідзе?” і іншыя творы, якія ўвайшлі ў зборнік “Жалейка”. Праект экспазіцыі гатовы, але перад яго ўвасабленнем трэба адрамантаваць стары будынак. Пытанне адкрытае.
І ўсё ж галоўны падарунак паэту і нам — зрабіць так, каб не перастала гучаць Купалава слова. На гэта скіраваны шматлікія акцыі ва ўстановах культуры па ўсёй краіне. Натуральна, ролю рухавіка бярэ на сябе Купалаў дом — мінскі музей творцы.
КА МНЕ Ў ГОСЦІ З ПРЫВІТАННЕМ ШЧЫРЫМ…
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы заўсёды нямала наведвальнікаў. Сакрэт папулярнасці просты — супрацоўнікі ведаюць, як ажывіць экспазіцыю. Напрыклад, дзецям замест традыцыйнай экскурсіі прапануюць квэст “У пошуках папараць-кветкі”. Каб атрымаць запаветны падарунак, маленькія наведвальнікі мусяць справіцца з шэрагам пытанняў, адказы на якія трэба знайсці ў экспазіцыі. Потым і адпачыць можна па-купалаўску: на адмысловых музейна-педагагічных занятках раскажуць, як паэт бавіў вольны час і якія стравы гатавала яго жонка. Яшчэ больш інтэрактыву стала ў юбілейным годзе. У апошні чацвер кожнага месяца ўстанова запрашае на сустрэчы “Купала. 12 адкрыццяў”, дзе фандавікі, экспазіцыянеры і супрацоўнікі аддзела культурна-адукацыйнай работы распавядаюць пра цікавыя старонкі біяграфіі творцы і дзеляцца гісторыямі з жыцця музея.
Таксама ў святочнай праграме — традыцыйныя Купалаўскія дні. Гэта Купальская ноч і жальбіны на Вайсковых могілках у гадавіну гібелі творцы, свята паэзіі ў Ляўках, цырымонія ўскладання кветак да помніка песняру ў яго дзень нараджэння, Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” у Вязынцы.
УВАГА НА АРТЭФАКТЫ
Выставачны год у музеі распачала часовая экспазіцыя аўтографаў Янкі Купалы і яго сяброў з фондаў музея і прыватных калекцый. Яе лагічным працягам стаўся праект “Ад шчырага сэрца”, назву якога падказалі дароўныя надпісы класіка Антону Луцкевічу, Уладзіміру Дубоўку, Сяргею Палуяну і іншым адрасатам. На выставе дэманструюцца кнігі і фотаздымкі з аўтографамі Янкі Купалы, яго сяброў, жонкі, а таксама паэтаў розных пакаленняў і перакладчыкаў Купалавых твораў. Гэта сведчанні важных сустрэч, памяткі пра каханне, сяброўства і супрацоўніцтва. Росчыркі пяра на “Жалейцы” — уласнаручны надпіс рэдактара зборніка Браніслава Эпімах-Шыпілы, а кароткае “Даражэнькаму Янцы Купале на шчырую памятку. Паўлінка” лацінкай пакінула на сваёй фотакартцы Паўліна Мядзёлка.
— У Вільні падчас Першай сусветнай вайны Янка Купала сустрэўся з Валерыем Брусавым, падарыў яму свае кнігі “Адвечная песня” і “Шляхам жыцця”. Рукой аўтара пазначана: “ад учэніка і паклонніка”. Далей мы паказваем пазнейшыя прадметы з дароўнымі надпісамі музею, — расказвае вучоны сакратар Галіна Варонава. — Такім чынам пераходзім ад дару яшчэ маладога паэта знакамітаму калегу да падарункаў музею ўжо прызнанага ў свеце творцы. Дапаўняе выставу жывапіс Генрыха Бржазоўскага і Эдуарда Белагурава.
У маі “Ад шчырага сэрца” саступіць месца экспазіцыі “Класікі: Янка Купала і Якуб Колас. Ці спарышы мы з ім?..”. У верасні адкрыецца выстава “Спадчына” да стагоддзя аднайменнага зборніка Янкі Купалы і Дня народнага адзінства. Таксама запланаваны сумесныя экспазіцыі “Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!” з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і “Ураджай друкаванага слова” з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
НАВІНКІ ДЛЯ КНІЖНЫХ ПАЛІЦ
Напярэдадні юбілею выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла творы Янкі Купалы ў двух тамах. Яны працягнулі праект “Народная бібліятэка”: змест кніг вызначаюць чытачы. Па іх прапанове ў першы том увайшлі найбольш папулярныя вершы класіка, у другі — п’еса “Паўлінка” і паэмы. Гэты падарунак прыхільнікам беларускай літаратуры зрабілі яшчэ напрыканцы мінулага года, сёлета ж плануецца перавыданне каталога фатаграфій Янкі Купалы “Ты гэтых вачэй не забудзь...” — перапрацаванага і дапоўненага. Кніга пабачыць свет у выдавецкім доме “Звязда” ў чэрвені.
ТВОРЧЫЯ ПРЫСВЯЧЭННІ
Да 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі абвясціла літаратурны конкурс. Да ўдзелу запрашаюць сталічных паэтаў, празаікаў, публіцыстаў і літаратуразнаўцаў ад 12 да 25 гадоў. Яны могуць падаць на суд журы вершы, апавяданні, нарысы, замалёўкі, абразкі і літаратуразнаўчыя артыкулы. Тэматыка шырокая: ад роднай прыроды і гісторыі да прыгожых памкненняў асобнага чалавека. Работы прымаюцца да 1 кастрычніка.
Таксама сталічныя школьнікі могуць прадэманстраваць свае здольнасці ў конкурсе “Маладняк”, які ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Удзельнікам намінацыі “Толькі ў палёт” па матывах верша “Хлопчык і лётчык” трэба вырабіць мадэль самалёта з любога матэрыялу. Найбольш яркія работы выставяць на рэспубліканскім свяце паэзіі, песні і народных рамёстваў у Вязынцы, а творы дыпламантаў дапоўняць інтэрактыўную зону “Хлопчык і лётчык” у стацыянарнай экспазіцыі музея. Для юных чытальнікаў — намінацыя “Спадчына мая”, прысвечаная стагоддзю зборніка “Спадчына”. Ахвотным прапануюць запісаць на відэа выкананне ўлюбёнага верша патрыятычнай тэматыкі. Найлепшыя чытальнікі трапяць у фінал, які зладзяць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
ПАЧУЦЬ З ЛЮБОГА ПУНКТА ПЛАНЕТЫ
Далучыцца да святкавання могуць і тыя, хто жыве ў аддаленых ад сталіцы мясцінах і нават за мяжой. У апошнюю суботу кожнага месяца радкі са зборніка “Спадчына” гучаць у перадачы “Прачулым радком” на хвалях канала “Культура” Беларускага радыё. Творы чытаюць артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Так у першым выпуску слухачы пачулі галасы народных артыстаў Беларусі Генадзя Аўсяннікава і Марыі Захарэвіч. Вершы дапаўняе даведка аб гісторыі іх стварэння, падрыхтаваная навуковымі супрацоўнікамі музея.
Нарэшце, можна паспрабаваць сябе ў ролі дэкламатара. Ужо дзесяцігоддзе аматараў літаратуры збірае грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, упершыню зладжаная ў 2012 годзе, калі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы радкі нашага класіка па-беларуску і ў перакладзе на сваю родную мову дэкламуюць дыпламаты, акрэдытаваныя ў Беларусі. Без перабольшання акцыя ахапіла ўсю краіну і нават выйшла за яе межы. А на YouTube апублікавана безліч відэаролікаў з выкананнем Купалавых твораў людзьмі рознага ўзросту. Далучыцца можаце і вы.