На пачатку памятнага мерапрыемства да хатынскага Вечнага агню быў ускладзены вянок ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Памятныя вянкі таксама ўсклалі Глава Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка, Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вольфавіч, намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністр культуры Анатолій Маркевіч, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі многіх іншых дзяржаўных устаноў, арганізацый і грамадскасці. У якасці ганаровага госця ў мерапрыемстве браў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі Барыс Грызлоў.
Хатынскі мемарыял з’яўляецца помнікам усім беларускім вёскам, знішчаным разам з іх жыхарамі ў часы вайны. Спаленая вёска Хатынь стала сімвалам бязлітаснасці вайны, якая нясе толькі смерць і гора. Кожны год 22 сакавіка, каб аддаць даніну павагі і памяці ўсім бязвінным ахвярам той страшэннай вайны, тут збіраюцца людзі. Асноўная ідэя мітынгу-рэквіема — захаванне памяці аб яе трагедыі і ўсіх ахвярах фашысцкага генацыду, недапушчэнне адраджэння нацызму ў сучасным свеце і захаванне міру.
Падчас мітынгу быў зачытаны зварот Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, у якім, у прыватнасці, гаварылася: “Мы дакладна ведаем, што журботны звон Хатыні адгукаецца болем не толькі беларусаў, але і мільёнаў людзей у свеце, якія глядзяць на праўду той вайны адкрытымі вачыма, разумеюць, што ў нацызму няма нацыянальнасці, і вераць, што зло будзе пакарана”.
Глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сяргеенка адзначыў: “Хатынь — гэта вечны напамін аб злачынствах нацызму і аб тым, што мы павінны берагчы мір... Сёння як ніколі актуальна з мінулага гучаць словы аднаго з ацалелых у Хатынскай трагедыі, Іосіфа Камінскага, сказаныя пры адкрыцці мемарыяла 5 ліпеня 1969 года: “Людзі, не дапусціце больш такога”.
У мерапрыемстве бралі ўдзел аркестр і рота ганаровага каравула Мінскай ваеннай камендатуры, хор Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Музычная капэла “Санорус” Мінскай вобласці і народны харэаграфічны ансамбль “Кордэс” ГУК Слуцкага ГДК. Мемарыяльныя мерапрыемствы, прысвечаныя Хатынскай трагедыі, а таксама іншым вёскам, падзяліўшым лёс Хатыні, прайшлі ў розных мясцінах Беларусі.
Даведка
Вёска Хатынь была бязлітасна знішчана 22 сакавіка 1943 года 118 батальёнам шуцманшафта і асобым батальёнам СС “Дырлевангер”. Разам з вёскай загінула амаль усё яе насельніцтва — 149 чалавек. Выжыў у той дзень адзіны дарослы — Іосіф Камінскі, сын якога, Адам, памёр у бацькі на руках. Увекавечаныя ў выглядзе скульптуры, бацька і сын сталі галоўным сімвалам Хатынскага комплексу, створанага ў 1969 годзе.