— Род ваш славуты: дзядуля — народны мастак БССР Валянцін Волкаў, бацька таксама вядомы жывапісец і графік. Ці быў у вас нейкі іншы варыянт, акрамя як працягнуць сямейную справу?
— У Волкавых унутры такое сядзіць — нікога ні да чаго не падштурхоўваць, хоць дзед адгаворваў майго бацьку, калі той хацеў паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Таксама Волкавы ўпартыя. Таму бацька ўсё ж паступіў, вельмі добра вучыўся і стаў выдатным мастаком. Я ў маленстве марыў пра самалёты, але потым нешта, як кажуць, шчоўкнула — і мы з сястрой, нічога не сказаўшы бацькам, пайшлі да Сяргея Каткова ў Палац піянераў. Толькі праз месяц сазналіся, што ходзім у студыю выяўленчага мастацтва. Бацька быў здзіўлены, а маці ўвогуле казала ісці ў політэхнічны тэхнікум, як сябры. І вось тая ўпартасць: пайшоў у наша вучылішча, якое цяпер носіць імя Глебава. Потым, нават не скончыўшы вучылішча, паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут. У той час трэба было браць рэкамендацыю ад свайго галоўнага педагога. У мяне быў выдатны настаўнік — Акім Шаўчэнка. Вось гэта сапраўдны педагог. Дасціпны, вельмі далікатны чалавек, да кожнага даходзіў і кожнаму ўкладаў у галаву тое, што трэба. У інстытуце не так пашанцавала. Выкладчыкі маладыя, ім было не да нас, бо трэба было займацца ўласнай творчасцю.
— Вашай дыпломнай работай у тэатральна-мастацкім інстытуце былі ілюстрацыі да Салтыкова-Шчадрына, але потым вы пачалі аздабляць выключна дзіцячыя выданні. Чым такі выбар абумоўлены?
— У мяне была думка зрабіць дыплом па кнізе “12 крэслаў” Ільфа і Пятрова. У хрушчоўскую адлігу з іх толькі знялі ўсе забароны. Сабраў шмат матэрыялу, але кафедра была супраць. Ледзь адваяваў тады Салтыкова-Шчадрына. А пераход адбыўся адразу, бо ніводнай кніжкі для дарослых я не ілюстраваў. Яшчэ на перадапошнім курсе інстытута пайшоў у выдавецтва “Беларусь” і паказаў там свае работы. Там мяне ведаў Мікалай Гудзіеў, які працаваў педагогам на кафедры графікі. Ён прапанаваў даць мне дзіцячую кнігу. Надрукавалі. І пасля дыплома пайшлі кніжкі гэтага ж выдавецтва адна за другой. Але я ж і ставіў сабе мэту рабіць любую кніжку так, каб мастацкаму рэдактару хацелася і наступную мне даць. Кожны раз трэба было выкладвацца па поўнай. Ніякай халтуры я сабе не дазваляў. Засвоіў такі бацькаў запавет: калі не атрымліваецца малюнак ці ілюстрацыя, адчуваеш, што гэта не тое, зараз жа рві на кавалкі, выкідвай і рабі наступны варыянт. Наступны ў любым выпадку будзе лепшы. І цяпер у сметніцы многа. Раблю кнігу казак народаў свету, некалькі ілюстрацый там ужо ляжыць.
— Адна справа — уласная незадаволенасць, але ёсць жа меркаванне аўтара кнігі. Ці лёгка знаходзіце паразуменне з пісьменнікамі?
— Можа, унікальны выпадак: ніхто да мяне не лезе з заўвагамі і пажаданнямі. Усе, відаць, вераць у тое, што кніжка будзе зроблена як след. Апошнія дваццаць-трыццаць гадоў нават не памятаю, каб у мяне былі нейкія супярэчнасці з аўтарамі. Не хачу сказаць, што я такі суперталент, але так склалася, што з пісьменнікамі ў мяне заўсёды вельмі добрыя адносіны.
— На некаторых літаратараў нават рабілі шаржы…
— Так, рабіў. Зараз проста няма часу. Рабіў на Барадуліна, на Зуёнка, на іншых пісьменнікаў. Гілевіч крыху пакрыўдзіўся. Я зрабіў манументальны такі партрэт, ён атрымаўся як дуб. Магутная шыя і галава, грыва. Напрасіўся, што называецца. Але потым, калі была выстава, прысвечаная Гілевічу, у музеі гісторыі беларускай літаратуры, ён прасіў, каб гэты шарж там абавязкова быў.
— У шаржах, плакатах, карыкатурах гумар значна вастрэйшы, чым у дзіцячых ілюстрацыях. Як мірыце ў сабе дабрадушнасць і колкасць?
— Я сказаў бы, што гумар там не востры, а гратэскны. Так серыю шаржаў і назваў — “Гратэск”. Але шаржы не павінны быць здзеклівымі, не павінны паказваць адметныя бакі людзей ў абразлівым выглядзе. А сатырычных плакатаў у мяне каля 80. Яны паказваюць на нейкія хібы, ад якіх трэба было б пазбавіцца, але яны не злыя. Злое, агіднае не магу маляваць. Дакладней, магу намаляваць што заўгодна, але не цягне мяне да такога.
— Вы праілюстравалі шмат фальклорных выданняў — зборнікаў казак, загадак, лічылак — і нават самі напісалі кнігу пра нашу міфалогію. Адкуль з’явілася цікавасць да гэтых пластоў спадчыны?
— Падчас працы на студыі “Дыяфільм” зрабіў дзве стужкі па міфалогіі. Гэта было недзе ў 1995 годзе, а потым я адышоў ад гэтай тэмы. Але потым узрушыла мяне, што ўсе кнігарні былі забіты кніжкамі па індыйскай міфалогіі, егіпецкай, скандынаўскай. Славянскага нічога. Тады мне ўспомніліся дыяфільмы. Прый-шлося самому падняць матэрыял, напісаць тэксты, аформіць, зрабіць макет. І вось атрымалася кніга “Багі і міфы старажытных славян”, якую шмат разоў перавыдавалі. На кожным развароце — адно боства і тэкст пра яго. Паўсюль унікальны арнамент, толькі ў адзіным экзэмпляры. Кнігу расхоплівалі імгненна, у школах нават умудраліся па ёй ставіць тэатралізаваныя прадстаўленні.
— Ведаю, што паэтычны вопыт таксама маеце. Якія тэмы блізкія вам у літаратурнай творчасці?
— Ёсць кніжка, якую я не прапагандую, не паказваю. Яна выйшла невялічкім накладам, і я падарыў яе блізкім сябрам. Там недзе каля васьмісот вершаў — любоўная лірыка. Я не разумею, як можна такія вершы чытаць у мікрафон, скачучы па сцэне. Калі дарыў кніжку каму-небудзь, казаў: “Толькі, калі ласка, чытай увечары. Садзіся ў крэсла, запальвай таршэр і чытай спакойна”. Таксама напісаў невялікую кніжачку “Запіскі юнага пенсіянера”, але таксама яе не рэкламую, бо не бяруся лічыць сябе паэтам. Я не паэт, я мастак.
— Вы пачалі займацца ілюстрацыяй больш за паўстагоддзе таму. З таго часу істотна змяніліся тэхналогіі, а з імі — успрыманне дзецьмі свету. Ледзь не з калыскі яны трымаюць у руках смартфон. Ці прыходзіцца праз гэта карэктаваць свой почырк?
— Ілюстрацыя не можа стаяць на месцы. Мой бацька калісьці рабіў класічныя ілюстрацыі, але час праходзіць, з’яўляюцца новыя пытанні і новыя запыты. Трэба мяняцца. У мяне ёсць добрая пляцоўка для эксперыментаў — часопіс “Вясёлка”, з якім супрацоўнічаю з 1970 года. І што мяне прыцягвае ў дзіцячай кнізе — шырокая прастора для фантазіі.
— Складаная задача — зрабіць зразумелы, прыцягальны малюнак і не скаціцца да прымітыву.
— Прымітыў — хвароба многіх нашых мастакоў, хто спрабуе працаваць над дзіцячымі кнігамі. Прымітыўных ілюстрацый завалы. То ў дадаізм кідаюцца, то пачынаюць вылізваць малюнкі і паказваюць ката так, што прапрацавана кожная шарсціначка. Хаця фотаапарат зробіць гэта ў тысячу разоў лепш. Маладыя мастакі бягуць у дзіцячую ілюстрацыю, не маючы сапраўднай школы. Тут і выяўляецца няўменне маляваць. Без кітча, без сюсюкання. Прычына гэтай хваробы ва ўзроўні адукацыі. Забылі, што такое маляваць з натуры.
— Кнігі з вашымі ілюстрацыямі прайшлі праз тысячы рук, аднак не кожны заўважыць у кнізе імя мастака. Не шкадуеце?
— Але ж гэта не самае галоўнае, каб людзі крычалі: “Вунь пайшоў жывы Волкаў!” Навошта мне папулярнасць? Няхай лепш глядзяць мае работы. Я глыбока ўпэўнены, што мяне так ці іначай ведаюць. Спрабаваў вызначыць агульны тыраж праілюстраваных кніг. Лік ідзе на мільёны. Няхай нават палова пайшла на макулатуру, але такога не можа быць: іх разбіраюць хутка, гэта я ведаю па звестках з аддзелаў маркетынгу выдавецтваў. Людзі бачаць маю творчасць, але я працую не дзеля імя, а дзеля таго, каб дзецям было цікава і весела. Апошнія гады ў мяне такая задача — хоць неяк паспрабаваць адцягнуць ад камп’ютараў, ад заходняй коміксавай культуры. Важна павярнуць да беларускай культуры. Разумею, што адзін горы не звярну, але хаця б паўпрацэнта людзей задумаецца.
Даведка "К"
Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніках акварэлі, малюнка, літаграфіі. Аформіў больш за 300 кніг у беларускіх і расійскіх выдавецтвах. Сярод іх — “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, “На двары Алімпіяда” Эдзі Агняцвет, “Няхай сонца не заходзіць” Івана Муравейкі ды іншыя.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ