Канстанцін Федарышкін узгадвае, што ў кузаве грузавой машыны “ГАЗ-53”, якая накіроўвалася з Мінска праз Маскву ў Цвярскую вобласць на былую дачу Бялыніцкага-Бірулі, пры пяціградусным марозе ехаць было, мякка кажучы, не вельмі камфортна. Але ратавала віно, якім Алена Аладава частавала: “Пастукайце ў кабіну, калі пажадаеце сагрэцца...” І праз кожныя сто кіламетраў хлопцы стукалі і атрымлівалі такую неабходную для захавання здароўя порцыю... У Маскве пераначавалі ў кватэры ўдавы мастака Алены Аляксееўны, а назаўтра раніцай паехалі на “Чайку”. Там усё акуратна запакавалі ў скрыні, але нечакана ўзнікла складаная праблема. Справа ў тым, што сямітонны фургон, які павінен быў прыбыць з Мінска за маёмасцю, з-за сваіх габарытаў не можа пад’ехаць да дачы бліжэй чым на 14 кіламетраў. Што зробіш — дарога да “Чайкі” не была разлічана на такія аўтаграмадзіны...
А тым часам жанчыны аформілі патрэбныя дакументы і, зрабіўшы свае справы, выехалі разам са сталяром у Мінск. Федарышкін застаўся адзін на дачы ў чаканні мінскай машыны і ў пошуках транспарту, на якім можна было б за некалькі рэйсаў даставіць скрыні да гэтай фуры. Карацей кажучы, яму давялося ў холадзе і практычна голадзе (у мясцовым сельпо акрамя чэрствага хлеба і ўспушаных кансерваў нічога не было) прабыць там больш за месяц. Затое ён дасканала вывучыў усе маляўнічыя мясціны вакол возера Удомля, дзе калісьці падоўгу жылі і працавалі І.Левітан і М.Урубель, А.Сцяпанаў і К.Каровін, А.Архіпаў і М.Багданаў-Бельскі, С.Жукоўскі і А.Мараваў. Вось якое цудоўнае сузор’е імёнаў творцаў, што прынеслі славу не толькі рускаму жывапісу!.. Фургон жа з’явіўся адразу пасля кастрычніцкіх святаў. З дапамогай нейкіх геадэзістаў, якія за дзесяць рублёў пагадзіліся дапамагчы, з рознымі нечаканымі прыгодамі фура была загружана. Праз сорак дзён Федарышкін з каштоўным грузам вярнуўся ў Мінск, дзе атрымаў ад Аладавай не толькі падзяку, але і шчырыя выбачэнні за тыя нягоды, што давялося яму зведаць...
Так, з гэтых дзіўных прыгод з фургонам пачыналася гісторыя стварэння ў горадзе Магілёве мемарыяльнага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі, які стаў філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (зараз — Нацыянальны мастацкі музей Беларусі). Акрамя твораў жывапісу мастака былі перавезены з “Чайкі” такія каштоўныя “артэфакты”, як стары раяль чырвонага дрэва фірмы “Вірт”, на якім грала першая жонка мастака Вольга Іванаўна; чырвоная камода, што стала “персанажам” карціны Станіслава Жукоўскага “Настуркі”; унікальнае, з бронзавымі накладкамі, ружжо, з якім Вітольд Каэтанавіч хадзіў на паляванне; насценны гадзіннік з зязюляй; мэбля з Абрамцаўскіх майстэрняў; эцюднік, палітра, пэндзлі, медалі, узнагароды мастака, розныя віншавальныя адрасы, паштоўкі, лісты, кнігі, альбомы і г. д. Так бы мовіць, для нараджэння музея было ўсё падрыхтавана.
МАРА АЛАДАВАЙ ЗДЗЕЙСНІЛАСЯ
І вось прыйшоў час, калі залатая мара Алены Васільеўны здзейснілася: у Беларусі з’явіўся музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, хаця і не ў Мінску, але, строга кажучы, такія музеі патрэбны і ў рэгіёнах. Сёння падаецца дзіўным факт, што многія тагачасныя работнікі культуры і прадстаўнікі мастацкай інтэлігенцыі ставіліся скептычна і нават з недаверам да таго, што падобны музей нам, беларусам, наогул патрэбны. Прычына? Тады імя мастака, яго багатая творчая спадчына былі малавядомыя ў нашай краіне. Сярод яго бліжэйшых паслядоўнікоў і духоўных вучняў тады было толькі некалькі беларусаў, якія надвор’я ў гэтым сэнсе зрабіць не маглі. І толькі дзякуючы Аладавай спадчына Бялыніцкага-Бірулі стала па-сапраўднаму цудоўным адкрыццём для беларускага гледача і шчырым трыумфам увасаблення ідэі Алены Васільеўны, рэалізацыі якой яна цалкам прысвяціла апошнія гады свайго жыцця. Усё, што сёння звязана з імем мастака, асвечана духам гэтай жанчыны, якая першая заявіла, што творчасць майстра, нашага выдатнага суайчынніка, усё створанае ім у Расіі і Беларусі — “уяўляе для нас асаблівую цікавасць і каштоўнасць”.
Так, Магілёўскі музей Бялыніцкага-Бірулі — гэта асобная старонка ў жыцці Аладавай. Бо для нараджэння музея яна змагла пабудаваць з дапамогай урада рэспублікі вельмі моцны фундамент, на якім з’явіўся духоўны храм мастацтва ў памяць нашага класіка. І ён размясціўся ў Магілёве на вуліцы Ленінскай, 37, у будынку двухпавярховага цудоўнага дома стылю позняга барока канца XVII ст. Калісьці гэты дом належаў купцам Аношкам і лічыўся ў горадзе адным з лепшых. Менавіта тут некалькі дзён пражыў імператар Аўстрыі Іосіф II, калі ў маі 1780 года прыехаў сюды для сустрэчы з Кацярынай II, каб вырашыць лёс Рэчы Паспалітай. А да рэвалюцыі тут размяшчаўся дваранскі сход. З архіўных дакументаў вядома, што прадстаўнікі роду Бялыніцкіх-Біруляў звярталіся ў Сход для пацвярджэння свайго шляхецтва. Сярод іх згадваецца і Каэтан Вітавіч, дзед мастака. Такім чынам, будынак мае дачыненне да старадаўняга шляхецкага роду Быляніцкіх-Біруляў, вядомага з канца XVI ст.
Пасля рэвалюцыі тут размяшчалася гарадская бібліятэка імя Карла Маркса. У час Вялікай Айчыннай вайны дом быў часткова разбураны. У канцы 1970-х адбылася рэканструкцыя будынка, у ходзе якой быў надбудаваны трэці паверх. Па загадзе Міністэрства культуры БССР ад 15 сакавіка 1979 г., у сувязі з завяршэннем рэстаўрацыйных работ пачалася праца па камплектаванні штату, добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі і стварэнне музейнай экспазіцыі. Перад будынкам быў збудаваны помнік-бюст Бялыніцкага-Бірулі работы Уладзіміра Летуна. 24 снежня 1982 года адбыўся доўгачаканы вернісаж. На жаль, з-за хваробы Алена Васільеўна не змагла прысутнічаць на гэтым свяце, а праз тры з паловай гады, 29 мая 1986, яе не стала...
Аднак час ішоў, і за 30 гадоў музейная экспазіцыя маральна і фізічна састарэла: прыйшлі ў непрыдатны стан шматлікія камунікацыі будынка. У 2013 г. будынак быў зачынены на капітальны рамонт. Адкрыццё новай экспазіцыі музея пасля рэстаўрацыі адбылося 1 верасня 2018 года. Дзякуючы праведзенаму капітальнаму рамонту музей займеў сучасны дызайн, залы былі абсталяваны новай мэбляй, мультымедыйным начыннем, сістэмай клімат-кантролю і пылавыдалення.
На новым этапе свайго жыцця музей паспеў стаць значным выставачным і культурным цэнтрам усяго магілёўскага рэгіёна, ды і не толькі магілёўскага, бо адпавядае ўсім патрабаванням сусветных стандартаў для размяшчэння выставачных праектаў самага высокага ўзроўню.
Хэмінгуэй казаў, што, наведваючы музеі, ён многаму навучыўся ў пейзажыста Поля Сезана. Але ён прызнаваў таксама, што не можа ўцямна, выразна растлумачыць, чаму ж менавіта ён навучыўся. А вось мастацтва Бялыніцкага-Бірулі, хачу спадзявацца, нас вучыць многаму. Але і мне цяжка вызначыць, чаму ж менавіта. Мабыць, ужытковых азначэнняў, якімі мы карыстаемся, як разменнай манетай, не дастаткова, каб акрэсліць годнасць нават найлепшых палотнаў. Таму абмяжуюся самымі простымі словамі і скажу: сённяшняя экспазіцыя ў Нацыянальным мастацкім музеі яшчэ раз нагадвае нам, што такое вялікае мастацтва, сапраўдны жывапіс, паэзія фарбаў на ўсе густы. Паклонімся ж за тое выдатнаму мастаку-пленэрысту Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі, які назаўсёды ўвайшоў залатым зліткам у летапіс нашай нацыянальнай культуры.
...Ён нарадзіўся ў лютым, але больш за ўсё любіў Вясну.
Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі