1. СТРЫМАНА І ТУМАННА
Пасля стыкоўкі са станцыяй “Салют-6” пік паспяховай працы касманаўтаў на ёй павінен быў прыпасці на дні кастрычніцкіх урачыстасцей, калі ў Маскву з’едуцца кіраўнікі ўсіх камуністычных партый свету.
У хату маці і бабулі Кавалёнка, што ў вёсцы Белае, раённыя ўлады прывезлі з Крупак тэлевізар — найвялікшы тады дэфіцыт! — каб, значыцца, родзічы і аднавяскоўцы разам убачылі трыумф земляка.
Кожны касмічны палёт савецкіх караблёў працягваўся даўжэй за папярэдні. Пачатак паведамлення ТАСС звыкла абнадзейваў: “Пачалося збліжэнне карабля “Саюз-25” са станцыяй “Салют-6”, затым з адлегласці ў 120 метраў праводзілася прычальванне…”
Але заканчвалася паведамленне стрымана і туманна:
“…Аднак з-за адхіленняў ад прадугледжанага рэжыму прычальвання стыкоўка адменена. Экіпаж пачаў падрыхтоўку да вяртання на Зямлю”.
Што за “адхіленні”?
Народ у недаўменні ад хуткага вяртання экіпажа.
Народ азадачаны: што пай-
шло не так? Хто вінаваты?
Афіцыйныя паведамленні аб палёце ўсё карацейшыя, нейкія недамоўкі, прасочваецца ў іх нават прыхаваная раздражнёнасць…
І не было прыёму ў Крамлі вышэйшым кіраўніцтвам краіны, не ўганароўвалі касманаўтаў, як звычайна, за першы палёт званнямі Герояў, а абмежаваліся ордэнамі Леніна…
Але савецкі народ даўно навучыўся разгадваць рэбусы ў друку, чытаць паміж радкоў: ага, калі ордэны, а не медалі Герояў, значыць, нешта не так, як планавалася. Дык што, што здарылася?
Прадстаўнікі райвыканкама забралі ў маці тэлевізар…
— Які сорам ад суседзяў! — злуецца і праз гады касманаўт.
Што ж здарылася на арбіце? Нават заўсёды дасведчаныя ў нашых справах “забугровыя” радыёстанцыі разгублена маўчалі…
Што ж за таямніца “касмічнага маштабу” з нашым земляком?
2. “НА ПЫЛЬНЫХ СЦЯЖЫНКАХ ДАЛЁКІХ ПЛАНЕТ”
Беларусы спрадвеку лічыліся “зямной” нацыяй.
І сапраўды, носьбіты нацыянальнай асаблівасці Купала, Колас, ды і сучасныя паэты пісалі і пішуць аб сваёй зямлі, аб роднай прыродзе, успяваюць бацькоўскія хаты…
Але вось: генерал-лейтэнант кароннай артылерыі Казімір Семяновіч — родам з Віцебшчыны — у падручніках па балістыцы, выдадзеным у 60-я гады XVII стагоддзя, змясціў главу “Об устроении фейерверков и прочих огненных забав” са схемай… трохступенчатай ракеты! Ён на 200 гадоў апярэдзіў прадказанні Цыялкоўскага.
Пры цары Пятры І Ілья Капіевіч са Слуцка выдаў першую карту зорнага неба з тлумачэннем “Уготование и толкование ясное и зело изрядно разнообразное повертания кругов небесных”. Прычым карта з каардынатамі! Азнаёміўшыся, Пётр І выдаў Указ “О создании математическо-навигацкой школы”.
З яе з’явіліся першыя ў Расіі свае лоцманы і штурманы.
Яшчэ адзін ураджэнец Слуцка — Вітольд Карлавіч Цярэскі — заснаваў абсерваторыю МДУ, якая з часам у Расіі ператварылася ў Дзяржаўны астранамічны інстытут.
Імя Цярэскага носяць кратар на Месяцы і малая планета.
Таямнічае здарэнне з экіпажам “Саюза-25” у злавесную ноч 10 кастрычніка 1977 года… Таямніца і імёны беларусаў, далучаных да космасу ўжо ў нашы часы.
Падпалкоўнік Уладзімір Максімавіч Дудко быў прадстаўніком па тэлеметрыі Упраўлення ракетных войскаў СССР. Некалькі гадоў ён працаваў на Байкануры.
Увогуле Байканур — месца асаблівай прыцягальнасці беларусаў, асабліва ўраджэнцаў Случчыны: 22 чалавекі!
Адтуль жа генерал-палкоўнік Канстанцін Васільевіч Герчык, які камандаваў касмадромам з 1958-га па 1961-ы год. Нагодай для яго змяшчэння стаў выбух ракеты на стартавай пляцоўцы, пры якім загінулі каля ста супрацоўнікаў, у тым ліку маршал артылерыі Мітрафан Нядзелін.
А Герчык выпадкова застаўся жывым, толькі абгарэў, таму што якраз стаяў за пажарнай машынай.
Уладзімір Кавалёнак расказваў пра Герчыка: той пярэчыў, настойваў, каб з ракеты перад дапрацоўкай, канчатковай падрыхтоўкай яе да старту злілі паліва. Але тэрміновы старт ракеты менавіта ў гэты дзень патрэбны быў лідару СССР Хрушчову, які якраз знаходзіўся ў Амерыцы, у якасці важкага “аргумента” моцы СССР пры перагаворах з прэзідэнтам ЗША. “Аргумент” ператварыўся ў трагедыю. Разлітае паліва плавіла асфальт пляцоўкі. Людзі, якія разбягаліся, не здолелі выпрастаць ног з кіпучай лавы…
— У нас быў адзіны прынцып працы: “Давай, давай!”, — горка падводзіць касманаўт расповед.
Маршал, які так пакрыкваў, загінуў. Герчык цудам уратаваўся — яго і зрабілі “патрэбным” вінаватым.
З 1983-га шэсць гадоў начальнікам касмадрома быў генерал-лейтэнант Юрый Жукаў. Гэта пры ім адбыўся запуск карабля ваеннага прызначэння “Зеніт” і касмічнай сістэмы “Буран — Энергія”.
Штурман наземнага экіпажа “Лунаход-1” Канстанцін Давідоўскі — родам з вёскі Ізборышча — перад 8-м сакавіка зрабіў жанчынам свету “касмічны” падарунак: прымусіў лунаход выпісаць вялікую лічбу “8”. Паколькі на Месяцы няма вятроў, знак той не сатрэцца, пыл яго не занясе.
У розны час на Байкануры працавалі “нашы”: вядучы спецыяліст ваеннай прыёмкі касмічных войск Барыс Няронскі родам з вёскі Ліпнікі; Яўген Залкоўскі — старшыня камісіі па запусках і кіраванні палётамі касмічных апаратаў народна-гаспадарчага прызначэння.
Ці варта нагадваць, што ўсе названыя — ураджэнцы Слуцкага раёна, і ўсе, як Клімук і Кавалёнак, вясковыя хлопцы. Касманаўт Алег Навіцкі, праўда, з райцэнтра: з Чэрвеня!
І яшчэ “касмічны” беларус з Хоцімска, што на Магілёўшчыне: палкоўнік Барыс Белавусаў — старшы ў групе па адборы касманаўтаў.
Ён, канешне ж, адабраў у групу касманаўтаў “сваіх”, з Беларусі: Анатоля Іванавіча Дзяткова родам з Рагачова і Валянціна Даніловіча з Калодзішч, што пад Мінскам.
Працягваю спіс “нашых”, далучаных да космасу:
Валерый Зайцаў — 13 год працаваў Галоўным судмедэкспертам Байканура.
Іван Умінскі — камандзір асобай інжынерна-выпрабавальнай часткі.
Марат Бранавец — кіраўнік эксперыменту па трыба-космасе на міжнароднай касмічнай станцыі.
Сапраўды ж, спіс рассакрэчаных уражвае!
Пэўна, толькі адказнай натуры беларуса маглі з 1972-га даверыць на Байкануры ажно на пятнаццаць гадоў пасаду кіраўніка наземнымі выпрабаваннямі караблёў “Саюз”, станцый “Салют” і “Мір” падпалкоўніку касмічных сіл СССР, мінчуку Мікалаю Смердаву. Ён заўсёды апошнім абследаваў гатовы да старту касмічны карабель перад тым, як туды ўвойдуць касманаўты. Падрабязнасці мне расказваў:
— Задоўга да экіпажа месца ў караблі займаю я, інжынер-выпрабавальнік. Мяне называлі “робат-касманаўт”. Я месяц жыў, спаў у караблі. Я правяраю ўсе сістэмы, з якімі прыйдзецца працаваць у палёце, і даю заключэнне аб гатоўнасці да старту. Мой подпіс пад актам гатоўнасці — адказны і вырашальны. Ёсць фота, дзе я саступаю месца Клімуку, я — у накінутым белым халаце, каб не было бачна пагонаў.
І вось у ноч з 9 на 10 кастрычніка Смердаў падпісвае заключэнне аб гатоўнасці “Саюза-25” да старту, згадвае:
— Кавалёнак і Румін абодва такія “крэпенькія”, што мантажнікі ледзь уціснулі іх у крэслы. Затым “старыя” — тыя, хто яшчэ запускалі Гагарына, — задраілі люк.
Усё ішло штатна.
Дык што ўсё ж здарылася з экіпажам “Саюза-25” Уладзімірам Кавалёнкам і Валерыем Руміным? У чым абвінавацілі “дэбютантаў” у космасе, у першую чаргу — камандзіра карабля?
Магу прызнацца: сваю версію пра нявыкананае заданне Валодзя Кавалёнак агучыў мне яшчэ даўно ў Чэмітакваджэ, вясной 1979-га. Яна выглядала вельмі рэальнай. Але ён заў-
важыў, што пакуль не варта яе разгалошваць. І я маўчаў: гэта ж была не мая таямніца. Пры нашых сустрэчах у былых бяседах і праз 20 год, падчас здымак другога фільма аб ім у 2001-м “Камандзір з вёскі Белае”, не краналі гэтую тэму.
І толькі шчыры расповед Кавалёнка ў маім трэцім фільме пра яго “Беларускі космас. Закрытая тэма” раскрыў “закрытую” тэму.
Але загадкавая гісторыя праецыруецца на сітуацыю ў савецкім космасе.
Яшчэ і далей буду згадваць пра малавядомых ураджэнцаў Беларусі, якія на “пыльных сцяжынках далёкіх планет” пакідалі свае сляды. Яны вартыя не быць забытымі.
Праўда, Валодзя Кавалёнак злуецца пры згадванні слоў тае песні:
— Мы ў космасе не пакідалі сляды, не “слядзілі”, а працавалі!
Але ж слоў з песні не выкінеш.
Я шчыра дзялюся сабранай гадамі інфармацыяй: можа, хто напіша кнігу пра беларускі космас — матэрыялу ўжо дастаткова.
Падзялюся.
Працяг будзе...
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр
Фота з архіва аўтара.