Любы сталы веткавец распавядзе госцю мястэчка, што ў свеце ёсць два гарады, што маюць Красную (значыць — прыгожую) плошчу. Гэта Масква і Ветка. У апошняй, кажуць, стараверы нават драўляны крэмль узводзілі. Гаворка таксама пра краязнаўства, дзе веданне роднай мовы — абавязковае. Пішу пра гэта таму, што на афіцыйным сайце Веткаўскага райвыканкама пазначаны адрас: “Чырвоная плошча, 7”. Вучыце, шаноўныя спадары, матчыну мову! Нашу плошчу ў чырвоны колер ніхто і ніколі не фарбаваў. Яна была і будзе прыгожай — Краснай.
У нашай гісторыі шмат таямнічага і невытлумачальнага. Дзе знаходзіўся і што рабіў Францішак Скарына ў 1513—1516 гадах? Руны на яго гравюрах не расшыфраваныя і па сёння. Усе славяне былі людзьмі ведычнай культуры. Аднак чаму толькі ў беларускай мове засталося слова “веды”? Ці існаваў насамрэч абрад дзядзькавання? Як выглядала гізаўра — баявая сякера нашых старадаўніх ваяроў? А колькі закінутых падземных хадоў ці не ў кожным нашым мястэчку! Спіс дзівосаў можна працягваць доўга. Дык ці варта выдумваць іншыя тэмы для краязнаўчых доўгатэрміновых бібліятэчных ці клубных квэстаў і разменьвацца на пустую драбязу? Нават у сельскіх установах культуры. Архівы чакаюць зацікаўленых даследчыкаў. Урэшце, хто, калі не вы?! Краязнаўства вясковых клуба ды бібліятэкі — гэта не зашмальцаваны агульны сшытак, дзе ад абыякавай рукі занатавана хрэстаматыйныя мясцовая гісторыя. Гэта спроба сур’ёзнага даследавання для надзейнай кансервацыі гістарычнага мінулага канкрэтнага паселішча. Такі “капітал” дапаможа нам разабрацца, што ж мы за нацыя такая — беларусы.
“Ёсць у Прыдзвінні цудоўная вёсачка Мазалава, што раскінулася на беразе рачулкі Лужаснянкі, воды якой упарта бягуць да Дзвіны. Навокал — маляўнічыя лугі, палі і лясы. Колькі тут часу прабавіў у дзяцінстве з сябрамі! А вуліцы Зарэчная, дзе жылі бабуля Галіна і дзед Анатоль… Няма сёння тых бяроз і дубоў, што сустракалі на ўваходзе ў наш гасцінны двор. А яблыневы сад — антонаўка, карабкоўка, белы наліў. Ён быў прыгожы і казачны: увесну — бела-ружовы, улетку — з рознакаляровымі пладамі, увосень — са спелымі яблыкамі і незабыўным водарам, узімку — заснежаны…” Гэта напісаў Андрэй Струнчанка з Віцебскага раёна. І гэта таксама краязнаўства, лірычнае і душэўнае. Мы пісалі, што ў Мазалаве прайшоў конкурс творчых прац пра малую радзіму. Дадзены ўрывак — з такой працы. Трэба не толькі любіць, але і ўмець любоў выказваць. Гэтай мэце ў пэўнай ступені служыць мерапрыемства, пра якое гаворка ў наступным абзацы.
Днямі ў Дзяржынскім гарадскім доме культуры прайшоў адкрыты фестываль-конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні, у якім удзельнічала больш за 40 салістаў ад 6 да 15 гадоў. Фэсту сёлета — пяць гадоў. У далейшых планах — пашырэнне геаграфіі конкурсу, які паспеў стаць гарадскім брэндам, і прыцягненне да ўдзелу як мага большай колькасці юных талентаў.
Піша намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч: “Нацыянальная самасвядомасць нараджаецца і фарміруецца ў нетрах кожнай нацыі. Яна наўпрост звязана з пачуццём любові да бацькоў, родных, дзяцей, да зямлі, на якой нарадзіўся і вырас, да культуры і традыцый роднага краю. У Кашалёўскай сельскай бібліятэцы-клубе прайшла экскурсія “Тут жыве гісторыя”. Гаворка ішла пра лад жыцця нашых продкаў. Юныя чытачы аглядалі пралкі, маслабойкі, кошыкі, збаны, абутак, ручнікі, дзіцячы ложак. А ў Князеўскай сельскай бібліятэцы адбылося пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сучасніца”, арганізаванае ў выглядзе фальклорных пасядзелак “Не цурайся роднай мовы”.
Радзімазнаўству прысвечаны і ліст супрацоўніцы Сцяпанкаўскай бібліятэкі Жабінкаўскага раёна Ірыны Самасюк. “У кожнай бібліятэкі, як і ў чалавека, — піша яна, — ёсць свая біяграфія. Нашай сёлета — 160 гадоў. Гісторыя ўстановы непарыўна звязана з гісторыяй вёскі. Спачатку была хата-чытальня, потым бібліятэка адкрылася пры народным вучылішчы. Праз час бібліятэка займала памяшканне ў будынку сельскага савета, потым — у будынку калгаснага праўлення побач з Домам культуры. Першым бібліятэкарам быў Андрэй Тамашук. Кожны супрацоўнік пакідаў тут часцінку душы. Яўгенія Кізь адпрацавала, напрыклад, 36 гадоў, а пачынала яшчэ з хаты-чытальні”. У 1996 годзе Ірына Самасюк прыйшла працаваць у бібліятэку і пачала з яе афармлення, хацела, каб тут было ўтульна. Потым узнікла дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Лесавік”, сябры якога ладзілі вандроўкі па родным краі. А праз час у бібліятэцы з’явіліся камп’ютарная тэхніка і новыя магчымасці. Цяпер у бібліятэцы — 200 чытачоў, якія не ўяўляюць жыцця без кнігі.
Дырэктар Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Кізім таксама ўпэўнена, што любоў да радзімы, як і любоў да мастацтва, пачынаецца з дзяцінства. Я б звёў усё да нескладанай формулы: чым больш творчасці, тым больш любові. Вось пра што канкрэтна распавядае спадарыня Алена: “За 2021—2022 гады вучні прынялі ўдзел у 75 міжнародных конкурсах (2 Гран-пры і 137 лаўрэацкіх дыпломаў), у 24-х рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных конкурсах (38 лаўрэацкіх дыпломаў). Што і казаць, статыстыка салідная. Мы пагаварылі з Аленай Чаславаўнай па тэлефоне, яна гарантавала, што наступныя публікацыі пра Мастоўскую ДШМ будуць насычаныя не толькі статыстыкай, але і персаналіямі.
Чарговы маніторынг чытацкіх сімпатый адбыўся гэтым разам у Манькавіцкай сельскай бібліятэцы Столінскага раёна. Пра гэта паведаміла Алена Ворах, загадчык згаданай установы: “У акцыі-даследаванні прынялі ўдзел 98 чытачоў. Бібліятэку ўпрыгожыла цудоўнае дрэва, на галінкі якога кожны чытач прымацаваў стужку. Жоўты колер сімвалізаваў кнігі пра прыроду, аранжавы — прыгодніцкія выданні, ружовыя стужкі вывешвалі аматары кніг пра каханне, чырвоны колер сімвалізаваў вершы, а сіні — фэнтэзі, аматары часопісаў абралі белы колер. Пасля стужкі знялі і падлічылі. Перамог ружовы колер. Самымі папулярнымі сярод чытачоў аказаліся любоўныя раманы”. Так што ў Манькавічах рэй вядзе каханне.
Пра рэспубліканскую міжканфесійную акцыю “Аднаўленне святынь. Нас аб’ядноўваюць гісторыя і вера” паведаміла бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярына Сандакова. Мерапрыемства прайшло ў Дварышчанскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа і называлася “Калі душа з душою размаўляе”. “ Арганізатарамі дыялогу аднадумцаў, — піша спадарыня Кацярына, — сталі протаіерэй Георгій Муха, настаяцель храма Святой Сафіі Слуцкай аграгарадка Дворышча; Людміла Марцінкевіч, бібліятэкар мясцовай інтэграванай бібліятэкі…”
Тэма мінулай вайны — важкі складнік краязнаўства. Пра гэта распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава Таццяна Маляўка: “У Агарэвіцкай сельскай бібліятэцы для вучняў малодшых класаў мясцовай школы прайшоў урок гісторыі “Аб той вайне бязлітаснай заўсёды з намі памяць”. Агарэвічы ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіліся пад акупацыяй. Шмат моладзі было вывезена на працу ў Нямеччыну. Бібліятэкар Валянціна Мініч распавяла пра лёсы гэтых людзей. Дзеці задавалі пытанні, разглядалі ўзнагароды ветэранаў”.
Новы праект абвясцілі ў Слонімскім раённым цэнтры культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Яго слоган мабілізуе на вялікія справы: “З Інтэрнэту выходзь і на вуліцу ідзі!” Пад такім дэвізам работнікі сельскіх клубных устаноў Слонімшчыны ладзяць забаўляльныя, спартыўныя, здаровыя выхадныя. Так што сумаваць не варта, доўга сядзець дома шкодна, а таму — на свежае паветра!
Яшчэ адна навіна з Ліды. Аўтар допісу — метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Габіс. Гаворка вядзецца пра тое, што Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прыняў удзел у рэалізацыі праекта “Традыцыйны строй” сацыяльна творчай установы развіцця беларускай музыкі і мастацтва “ЭтнаТрадыцыя” з Мінска. Сутнасць праекта ў стварэнні віртуальнай энцыклапедыі народных строяў Беларусі. Ліда прадставіла два строі гісторыка-этнагафічнага рэгіёна Панямоння, якія бытавалі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. “Гэта вілейскі строй, — распавядае аўтар, — з арэолам распаўсюджвання на паўночным усходзе Гродзенскай і паўночным захадзе Мінскай абласцей, і навагрудскі строй, які ахапіў тэрыторыі Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага і Лідскага раёнаў Гродзеншчыны”. Элементы адзення можна пабачыць буйным планам, пазнаёміцца з іх аўтэнтычнымі назвамі. І гэта таксама практычнае краязнаўства.
Беражыце здароўе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.