Зміцер Жураўскі, загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленнікава:
— Да Года гістарычнай памяці мы рыхтаваліся загадзя, а ўжо ў студзені ў нас пачалі работу чатыры выставы, на адкрыцці якіх прысутнічалі губернатар Анатоль Ісачанка і намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Першыя дзве часовыя: “Нам жыць і помніць” сумесна з магілёўскім аддзяленнем ветэранаў, на якой экспанаваліся макеты спаленых падчас вайны вёсак у нашым рэгіёне. Выстава, аднайменная фільму “Ідзі і глядзі”, у арганізацыі якой дапамагло ўпраўленне КДБ Магілёўшчыны, дала магчымасць прадставіць дакументы аб генацыдзе беларускага народа ў вобласці. Пры гэтым мы экспанавалі карціны Георгія Паплаўскага і зрабілі сумесны прагляд фільма Элема Клімава з гасцямі музея.
Дзве пастаянныя выставы наступныя: экспанаванне ўнікальнай фрэскі з Бялыніцкага кармяліцкага касцёла “У сеці сну Іакава” па біблейскім сюжэце. Фрэску арыгінальна адрэстаўраваў Юрый Маліноўскі.
Яшчэ адна называецца “Таямнічы водбліск стагоддзяў”, дзе для гледачоў прадстаўлена 16 галаграфічных выяў беларускіх артэфактаў, сярод якіх кінжалы, іконы, грыўні, падсвечнікі, а таксама славуты пояс Вітаўта. Мы будзем і надалей рабіць праекты да Года гістарычнай памяці.
Аляксандр Лукашэнка, дырэктар Палескага драматычнага тэатра:
— Найпершае, што мы збіраемся зрабіць у тэатры да Года гістарычнай памяці, — аднавіць паказ спектакля нашага рэжысёра Паўла Марыніча “Хай спыніцца вайна”. Адметная пастаноўка тым, што яна створана па гістарычных дакументах і расказвае пра непасрэдную акупацыю Пінска, пра вялікую колькасць ахвяр падчас вайны. Таксама ў планах згадаць пра тое, што 360 гадоў таму пры езуіцкім каледжы ў нашым горадзе пачаў існаваць тэатр. Гэта нагода ганарыцца, і мы аба-
вязкова пакажам тэматычны спектакль.
Алена Серакова, дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа:
— Для нашых навучэнцаў сёлета мы арганізуем экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць, на Лінію Сталіна, у музеі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускай дзяржаўнасці, па месцах баявой славы Лідскага раёна. Адбудзецца фестываль патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”. Сумесна з Лідскай бібліятэкай — моладзевае свята “Квітнеючы май, пераможны май”, дзе адбудзецца канцэрт з удзелам навучэнцаў, флэшмоб, выставы, гульнявая праграма. Таксама ў планах наведванне Лідскай авіябазы, паказ ваенных фільмаў, конкурс вершаў і тэматычны дыктант, шэраг адукацыйных праектаў пра вайну. Асабіста я згодная з уключэннем у Канстытуцыю ўшанавання памяці Вялікай Айчыннай вайны, за што абавязкова прагаласую на рэферэндуме. Справа ў тым, што мой дзед — удзельнік Сталінградскай бітвы. З яго батальёна пасля цяжкіх баёў засталося толькі два чалавекі. Для мяне яго подзвіг — сямейны гонар.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ