На пачатку нарады Анатолій Маркевіч засяродзіў вялікую ўвагу на Пасланні кіраўніка краіны, з якім Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня звярнуўся да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
Міністр культуры адзначыў, што летась краіна перанесла вялікія выклікі: няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, спробу разбалансавання дзяржаўных структур, санкцыі, якія дзяржава трывала вынесла. Пасланне Прэзідэнта дало правільную адзнаку сённяшніх падзей у краіне, а таксама зрабіла добры задзел на будучыню. На думку Анатолія Маркевіча, пасля рэферэндуму па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю працы ва ўсёй галіне пабольшыцца.
Абмежавання фінансавання ў такіх сацыяльных сферах, як адукацыя, медыцына, культура, не адбудзецца, а, напрыклад, у правінцыйных гарадах з невялікай колькасцю жыхароў чакаецца рост прамысловасці, будаўніцтва, развіцця рэальнага прадпрымальніцтва.
Іншай тэмай нарады стала статыстыка па захворванні, вакцынацыі і мерах бяспекі ў сферы культуры.
Абмяркоўваўся таксама план мерапрыемстваў, датычных Года гістарычнай памяці. Вырашылі асаблівую ўвагу надаць стварэнню экспазіцый аб падзеях ВАВ у музеях краіны, мерапрыемствам па захаванні беларускіх абрадаў і традыцый, умацаванні адносін з беларусамі замежжа. Міністру далажылі, што “Беларусьфільм” падрыхтаваў міні-серыял на тэму падзей вайны, прэм’ера якога неўзабаве адбудзецца на нацыянальных тэлеканалах. Пэўная ўвага была засяроджана і на праектах супрацоўніцтва з дабрачынным фондам Аляксея Талая, у прыватнасці размова ішла пра агульнае стварэнне аб’ектаў у гонар Вялікай Перамогі.
Падчас пасяджэння абмяркоўвалася таксама арганізацыя свят Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, "Славянскі базар". Па словах міністра, у конкурсах на правядзенне гэтых мерапрыемстваў могуць удзельнічаць не толькі рэжысёры са сталіцы, але і з усіх куткоў Беларусі. На таленавітых, здольных людзей беларуская зямля багатая.