Пойдзем далей. Узровень здзіўлення, на якасны “выраб” якога здольныя носьбіты культуры, наўпрост уплывае на добры настрой спажыўцоў. Адзінкай ягонага вымярэння я б назваў добрую ўсмешку. З рублём яна, безумоўна, не атаясамліваецца. А як тады быць з эканомікай культуры? Банальна, але, каб яна была, трэба ўкладаць у сферу грошы. Штосьці з нічога ніколі не атрымлівалася. Вось сельская гаспадарка ў свеце датуецца. Сумы розныя і залежаць ад клімату, колькасці насельніцтва… Культуры, па маім перакананні, таксама без датацый не абысціся. Талент здзіўляць вельмі дорага каштуе. Даю слова, што я першы напішу пра самаакупнасць сельскага клуба, калі заробак яго загадчыка не будзе выклікаць слёз; калі сучасныя камп’ютар, мультымедыйная сістэма і гукаўзмацняльная апаратура не проста будуць, але і стануць абнаўляльнымі; калі дах ва ўстанове культуры перастане цячы… Мо тады і перастануць знікаць нашы вёскі?! А пакуль…
А пакуль я шчыра прашу прабачэння ў Алены Абрамчык з Дзятлава. Справа вось у чым. У мінулым аглядзе нашай пошты я згадаў ліст загадчыка аддзела інфармацыі і абслугоўвання Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Алены Якаўчык пра цудоўнага чалавека Алену Абрамчык. Алена Рыгораўна, супрацоўнік мяс- цовага музея, адзначыла 60-годдзе. Вось з гэтым лікам, як мне патэлефанавала аўтарка нататкі, я і нарабіў бяды. Саслепу і нізашто састарыў чалавека. Страшней памылкі не прыгадаць. Стаў на калені і звязаўся па мабільным з шаноўнай Аленай Рыгораўнай. Яна лёгкі чалавек і даравала. І ўвогуле, як аказалася, спадарыні Абрамчык не да крыўдаў. Яна збіраецца абараняць праект аўтарскай аўтамабільнай экскурсіі па раёне. Ды яшчэ заканчвае другую кнігу пра Дзятлаўшчыну. Першая, да слова, называецца “Дзятлаўскі край. Вядомыя і невядомыя старонкі”. Алена Рыгораўна паабяцала даслаць нам публіцыстычны артыкул пра мясцовую культурную спадчыну. Чакаем з нецярпеннем! Яшчэ раз даруйце, Алена Рыгораўна.
Мяркуючы па пошце, без каляднай тэмы і тэмы Шчодрыкаў нам сёння ніяк не абысціся. Мы першыя ў свой час напісалі пра абрад “Тры каралі” ў Ваверцы Лідскага раёна. Вось пра што распавяла метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Габіс: “Рэканструкцыя была здзейснена на падставе этнаграфічных асаблівасцяў гэтай мясцовасці. Каралі — гэта вешчуны, якія прынеслі Ісусу дары пасля ягонага нараджэння. Дадзены абрад у хуткім часе плануецца ўнесці ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гродзенскай вобласці”.
13 студзеня ў Ашмянскай гарадской бібліятэцы адбыліся калядныя чытанні “Пад чыстым снегам Раства”. У мерапрыемстве браў удзел протаіерэй Пётр Пятлёха. Напісала пра гэта загадчык установы Людміла Зарэцкая.
Святкі — гэта 12 дзён ад Раства да Хрышчэння Гасподня. Метадысты Ашмянскага раёна распавялі пра калядныя ўрачыстасці ў Барунах і Міхайлаўшчыне. Былі тут цыганка, зарканоша і, натуральна, каза, якую і вадзілі з усім стараннем.
Ёсць у Іванаўскім раёне аграгарадок Тышкавічы. А ў ім — сельская бібліятэка, дзе бібліятэкарам Іна Данілевіч. Менавіта яна са сваімі юнымі чытачамі (першакласнікамі і дашкалятамі) наладзіла падчас Святак інтэрактыўную вандроўку па родным краі. У ход пайшлі кніжкі з карцінкамі, відэафільм “Дзецям пра Беларусь”, неўтаймоўная фантазія юных грамадзян.
“Напярэдадні Старога Новага года да жыхароў аграгарадка Новы двор, — піша метадыст Свіслацкага раённага метадычнага цэнтра Ірына Русак, — прыйшла “Шчодрая каляда”. Калядоўшчыкі стукаліся ў кожныя дзверы, а гаспадары гасцінна і з гасцінцамі іх сустракалі”. Маці, памятаю, перад Шчодрыкамі закупляла кілаграм цукерак, таму і шчадроўшчыкаў у нас заўжды шмат было.
Пра каляды ў Вярэйках і Рэплі паведамляе загадчык аддзела народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры Ларыса Ланіна. Святкавалі тут сем’ямі. Усё правільна: як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш. Будзем спадзявацца, што ў Вярэйках і Рэплі цягам 2022-га будзе не да суму!
Вельмі эмацыйна піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч пра сустрэчу з паэзіяй земляка Івана Русецкага. Падзея адбылася ў гарадской бібліятэцы № 4. “Іван Станіслававіч, — распавядае аўтарка ліста, — выдатны суразмоўца. Таму выпускнікі адзінаццатай школы не заставаліся абыякавымі. А аўтар чытаў свае творы пра Беларусь, пра вайну, каханне і прыроду. А потым маладыя задавалі сталаму ды мудраму пытанні”.
А класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды Наталля Анашкевіч распавяла пра сустрэчу вучняў з пісьменнікам Уладзімірам Васько. Дарэчы, 2 студзеня Уладзімір Гаўрылавіч адзначыў 85-годдзе… Вельмі літаратурная, трэба зазначыць, сярэдняя школа № 11 Ліды.
Тэма ліста Святланы Лугінай, вядучага метадыста па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, распавядае пра Юзэфу Старасціну, якая стала лаўрэатам другой ступені нядаўняга дыстанцыйнага Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Арт-парад у Віцебску”. Юзэфа Эдвардаўна — загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Перамагла яна ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы”. Гэтым разам яна спляла саламяную віяланчэль. Вельмі шкада, але фотаздымка гэтага ўнікальнага інструмента нам не даслалі. Будзем спадзявацца, што Святлана Лугіна напіша больш падрабязна пра лёс ды творчую лабараторыю вельмі таленавітай саломапляцельшчыцы Юзэфы Старасцінай.
І зноў пра літаратурныя падзеі ды бібліятэчную дзейнасць.
Гэтае мерапрыемства было прысвечана 108-годдзю з дня нараджэння Валянціна Таўлая, пісьменніка і падпольшчыка Заходняй Беларусі. Нарадзіўся ў Баранавічах, але пэўны час жыў на радзіме бацькі, у вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. Тут яго памятаюць і любяць. Пра гэта паведаміла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Юлія Васілеўская. “Амаль ва ўсіх слонімскіх літаратараў ёсць творы, прысвечаныя земляку, — распавядае Юлія Васілеўская, — У Слоніме, вёсках Жыровічы і Ганькі вуліцы носяць імя Таўлая”.
Пішыце пра цікавае і здзіўляйце, шаноўныя чытачы!
Сустрэнемся праз тыдзень.