Для нашай газеты асвятленне вынікаў Дэльфійскіх гульняў ужо не проста добрая традыцыя. Гэта яшчэ і наш, можна сказаць, святы абавязак. Бо, у адрозненне ад значна больш вядомых Алімпійскіх гульняў, дзе ўсё вырашаюць спартовыя якасці ўдзельнікаў, Дэльфійскія гульні з’яўляюцца арэнай для спаборніцтваў таленавітай творчай моладзі — пераважна музыкантаў, спевакоў, танцораў. Нездарма ж гэтыя гульні, якія нарадзіліся ў 582 г. да нашай эры, адраджаліся ў ХХ стагоддзі менавіта як Вышэйшы форум мастацтваў. Сёлета з-за неспрыяльных умоў маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў СНД праходзілі з 7 па 10 снежня 2021 года ў дыстанцыйным фармаце. Спаборніцтвы былі арганізаваны па 10 намінацыях: фартэпіяна, скрыпка, акадэмічныя, народныя і эстрадныя спевы, народны і сучасны танец, цыркавое мастацтва, народныя і духавыя інструменты.
У ГОНАР ПЕРАМОЖЦАЎ
Ад самага ранку ў Нясвіжскім палацы было шматлюдна. Для ўдзелу ў імпрэзе з усёй Беларусі прыехалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў гульняў. А таксама іх настаўнікаў і бацькоў. Бо самыя юныя ўдзельнікі форуму, як падавалася, толькі селі за школьную парту. Для ўсіх гасцей Нясвіжскага замка калектывам музея былі праведзены экскурсія па экспазіцыі і тэатралізаваны квэст. Пазней у вялікай і светлай тэатральнай зале распачалася галоўная частка ўрачыстасці.
З вітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. У сваім выступе ён паведаміў, што ў Пятнаццатых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях сёлета бралі ўдзел 729 высокага ўзроўню талентаў ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў, якія ўваходзілі у склад нацыянальных зборных ад 9 краін Садружнасці: Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Малдова, Расій-
скай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан і Рэспублікі Узбекістан. Зборная Рэспублікі Беларусь была прадстаўлена 61 індывідуальным выканаўцам і 10 калектывамі. Наша краіна брала ўдзел фактычна ва ўсіх конкурсных намінацыях: фартэпіяна, скрыпка, акадэмічныя спевы, сольныя народныя спевы, эстрадныя спевы, народныя і сучасныя танцы; цыркавое мастацтва, народныя і духавыя інструменты. Вынікам удзелу Рэспублікі Беларусь стала ўзнагароджанне 33 пераможцаў і 2-е месца сярод дзяржаў — удзельніц СНД.
У сваёй прамове, звяртаючыся да юных пераможцаў, Анатолій Маркевіч падкрэсліў: “Адукацыя ў сферы культуры нашай краіны — гэта сацыяльны інстытут, які стабільна і якасна развіваецца, бо ў нас створаны ўсе ўмовы, якія забяспечваюць дасяжнасць адукацыі ва ўсіх сферах мастацтва. У Рэспубліцы Беларусь выбудавана трохступенчатая пераемнасць, шматмерная выхаваўчая прастора па прынцыпе міжведамаснага ўзаемадзеяння. Ад тых, хто сёння сядзіць за партай або студэнцкай лавай, ад іх інтэлектуальных поспехаў, творчасці, грамадзянскай актыўнасці, ініцыятывы і адказнасці, то-бок ад вас, наўпрост залежаць канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку, інавацыйнае развіццё эканомікі, дабрабыт і сацыяльная абароненасць грамадзян нашай краіны”.
Пасля была інтэрактыўная частка, падчас якой Анатолій Маркевіч адказаў на пытанні юных талентаў. Затым надышоў час урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання лепшых вучняў і педагогаў устаноў адукацыі ў сферы культуры.
Падзякі міністра культуры Рэспублікі Беларусь атрымалі вучні і студэнты Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” — Яна Вайцяховіч, Ганна Дарафеева, Крысціна-Марыя Стэфановіч, Ганна Кныш, Фёдар Громаў, Нікан Мазаль, Уладзіслаў Баевіч, Матвей Міцькавец; Магілёўскіх дзіцячых школ мастацтва № 5 — Варвара Жаркова і № 7 — Маргарыта Белавусава, Крысціна Старасціна; Гомельскай дзіцячай школы мастацтваў № 6 — Дзмітрый Марцінкоў; Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — Дар’я Дзянісава; Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага — Настасся Некрашэвіч, Алена Жакун, Іван Юркоў (выпускнік); Бабруйскай дзіцячай школы мастацтваў імя У.У. Алоўнікава — Ганна Варанко; Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі — Марыя Шыдлоўская; Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — Сафія Яцэнка, Ірына Іршонак, Алена Кузняцова; Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — Аляксей Іардасопаль, Любоў Глазава, Павел Забрадоцкі. Атрымалі ганаровыя граматы Веста Цімафеева, якая з’яўляецца салісткай Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага тэатра эстрады “Капелька” Мірскага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Баранавіцкая раённая клубная сістэма”, і Настасся Іванова, выхаванка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнай цыркавой студыі “Арэна” дзяржаўнай установы культуры “Гарадскі палац культуры Орша”.
Ганаровыя граматы былі ўручаны і творчым калектывам, якіх прадстаўлялі іх кіраўнікі — Вольга Вялько, харэаграфічны калектыў “Вяночак” дзіцячай установы адукацыі “Гомельская дзіцячая школа мастацтваў № 6”; Алена Жаўненка, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорнай цыркавой студыі “Арэна” дзяржаўнай установы культуры “Гарадскі палац культуры Орша”; Вольга Наўроцкая, праект “INHALE” кафедры харэаграфіі ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”; Святлана Гуткоўская, ансамбль кафедры харэаграфіі ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, Ігар Шувалаў, народны харэаграфічны ансамбль “Алеся” ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў”; Дзмітрый Куракулаў, група сучаснай харэаграфіі “ТАД New” установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў”, а таксама Карына Філіповіч, канцэртмайстар Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза.
Завяршылася сустрэча канцэртнымі нумарамі пераможцаў Пятнаццатых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД. У выкананні Фёдара Громава, які заняў 1 месца ў намінацыі “Духавыя інструменты” (узроставая група 10-13 год), і канцэртмайстра Ганны Паўлавай прагучаў твор Францішка Краморжа “Фінал з канцэрта фа-мажор для габоя з аркестрам”. А скончыла канцэртную праграму Любоў Глазава, якая заняла 1 месца ў намінацыі “Фартэпіяна” (узроставая група 18-25 год). У яе выкананні прагучалі знакамітыя “Пакуты кахання” Фрыца Крэйслера ў апрацоўцы Сяргея Рахманінава.
Ад усяго калектыву газеты “Культура” хочацца пажадаць маладым талентам новых перамог і выказаць падзяку за тое, што годна прадставілі нашу краіну на міжнароднай арэне Дэльфійскіх гульняў!