Выразны барытон Уладзіміра Громава і само аблічча спевака зблытаць немагчыма — пры любым тэатральным грыме. Надзвычай шырокі рэпертуар саліста ахоплівае ледзь не ўсе барытонавыя партыі ў спектаклях нашага Вялікага тэатра. А яшчэ разнастайныя канцэртныя нумары — ад оперных фрагментаў да рамансаў і песень. Працаздольнасць і творчы запал артыста папраўдзе бязмежныя. За адзін толькі мінулы сезон — адразу тры партыі ва ўсіх трох прэм’ерных спектаклях: Гульельма ў оперы-балеце “Вілісы. Фатум” Дж.Пучыні, Валянцін у “Фаўсце” Ш.Гуно і, як магутная кульмінацыя, Беларэцкі ў “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Солтана.
— Кожная з партый, — прызнаецца Уладзімір Громаў, — своеасаблівая творчая прыступка, не падобная да ранейшых. У партыі Гульельма мне давялося крыху “пасталець”, але бацькоўскія пачуцці героя мне былі добра знаёмыя: я сам двойчы бацька, толькі не дачкі, а сыноў. А вось гэта опера Пучыні была мне дагэтуль невядомая. Я і не падазраваў пра існаванне ў яго “Вілісаў” — як аказалася, гэта была першая спроба кампазітара ў дадзеным жанры, а ў нас яна стала яшчэ і операй-балетам. Калі знаёмішся з цалкам новым для цябе вакальным матэрыялам, ты быццам сам пракладаеш сабе дарогу. Здараецца, складанасці ўзнікаюць ужо ў самім працэсе работы, але спачатку ты пра іх можаш нават не падазраваць, і такое “нараджэнне з нуля” ўзбуджае цікавасць, дае дадатковыя імпульсы.
У гэтым сэнсе “Фаўст” таксама быў для мяне новым. Оперу я, зразумела, ведаў, але ніколі раней не спяваў Валянціна. Між іншым, ён уяўляўся мне куды маладзейшым. Здавалася, што менавіта з-за гэтага ён такі гарачы, схільны высвятляць адносіны ў баі. Але ў рэжысёра Ганны Маторнай было сваё бачанне, і мой герой стаў больш драматычным, апантаным не столькі помстай і спантанным прыняццем рашэнняў, колькі жаданнем аднавіць справядлівасць і тым самым крыху супакоіць свой унутраны боль, стан надарванай душы.
З Беларэцкім усё складалася зусім іначай. Я ўдзельнічаў у мінулай пастаноўцы “Дзікага палявання караля Стаха”, там мой герой быў зусім іншым — хаця б па ўзросце, бо я тады толькі-толькі прыйшоў у тэатр. Сёння я іначай гляджу і на гэтага персанажа, і на сцэнічныя сітуацыі, іначай успрымаю сюжэтныя калізіі. Дый сам спектакль у нас зусім іншы, прычым не толькі па рэжысуры і сцэнаграфіі, але і па самой музыцы, бо за аснову была ўзята арыгінальная кампазітарская версія без аніякіх купюр. Партыя Беларэцкага пашырылася: з’явіўся вялізны фрагмент, які ператварыў лірычнае арыёза ў драматычны маналог і надаў герою іншыя рысы. Спачатку мне не хапала гэткага ўзнёслага флёру, рамантыкі ў яе чыстым выглядзе. Але ж Беларэцкі не звыклы лірычны герой! Яго каханне да Надзеі Яноўскай нараджаецца паступова, літаральна па зярнятках. Бо маім героем рухае зусім не полымя любоўнай жарсці, а душэўная неабыякавасць да людзей — любых, якімі яны ні былі б. Дарэчы, 8 студзеня была тэлетрансляцыя цяперашняй пастаноўкі “...Караля Стаха”, і я ўпершыню ўбачыў сябе ў гэтым спектаклі збоку. Для мяне гэта заўсёды важна — зірнуць на зробленае, каб заўважыць магчымыя недахопы. Я, нават калі на радыё запісваюся, заўжды прашу, каб далі паслухаць першы дубль. І звычайна адпраўляю яго ў сметнік. Толькі аднойчы мне ўсё спадабалася з першага разу. Думаю, і партыя Беларэцкага будзе развівацца: мастацтва і творчасць не могуць спыняцца. Бо штораз хочацца прыўнесці нешта новае, чымсьці ўзбагаціць складзеныя вобразы, зрабіць кожны чарговы паказ спектакля не падобным да астатніх.
У такой штодзённай працы вельмі важнай бывае падтрымка, разуменне таго, што твае намаганні недарэмныя. Уручэнне высокай узнагароды стала для мяне сапраўдным калядным цудам. Звестка аб прэміі прыйшла акурат у вечар напярэдадні Нараджэння Хрыстова. У тэатры ішоў адзін са святочных канцэртаў, у якім я ўдзельнічаў. І тут мяне раптам пачынаюць віншаваць: хто ў закуліссі, хто па тэлефоне. Я спачатку не даў веры: можа, паспяшаліся? Ажно не, загад ужо быў падпісаны. Дык чым не калядны цуд? У мяне адразу быццам крылы выраслі — хочацца новых спектакляў, новых партый, новых канцэртных праграм.