Без усялякага перабольшвання зазначу, што сярод шматлікіх навагодніх імпрэз, прызначаных для дзяцей і сямейнага прагляду, цяперашні спектакль на сцэне сталічнай філармоніі — адзін з самых лепшых за многія гады. Гэта папраўдзе калядная казка — светлая, з вялізным пасылам дабрыні і любові, без традыцыйнага знішчэння мышэй, што маюць намер перашкодзіць святу.
Адштурхнуўшыся ад знакамітага гофманаўскага сюжэта, В.Дудкевіч стварае постмадэрнісцкі сіквел — працяг вядомай гісторыі, дзе сітуацыя дэжавю становіцца не прамым паўторам, а новым вітком знаёмых падзей з непрадказальнымі паваротамі і зусім нечаканым фіналам. Акрамя “Шчаўкунка”, скарыстаны і некаторыя моманты “Спячай прыгажуні” — менавіта з лібрэта балета Чайкоўскага, а не казкі Шарля Перо: у госці да Машы завітваюць героі іншых казак (Чырвоны Каптурок і Шэры Воўк, Кот у ботах, Хлопчык-з-мезенчык, Людаеды), у чароўным замку цукерак і прысмакаў Канфетэнбургу дзяўчынку чакаюць адразу пяцёра жаніхоў з розных краін: Кітая, Іспаніі, Італіі, Йемена, Расіі. Не прызнае сваю колішнюю паразу і Мышыны Кароль. Спачатку са сваім мышыным войскам хоча зноў з’есці ўсё салодкае, потым вырашае ажаніць з Машай свайго сына, хаця таму даспадобы Пацучыня. Пачынае бойку супраць алавяных салдацікаў — і... Маша яе спыняе: “Каму патрэбна гэтая вайна? Дамаўляцца трэба, бо светам кіруе любоў!”
Ідэя сяброўства і еднасці была рэалізавана не толькі ў сюжэце, але і ў выканальніцкім складзе. Да артыстаў Дзяржансамбля танца далучыліся выхаванцы дзіцячай школы пры гэтым калектыве. Размоўныя дыялогі агучвалі акцёры драмтэатраў, спеўныя нумары запісвалі ансамблі “Камерата” і “Песняры”. Чым не прыклад беларускай талакі, калі штосьці робіцца разам — і весела?
Яшчэ адзін прыклад непадзельнай еднасці — у сінтэзе мастацтваў і асобных жанраў, памножаных на адкрытасць навізны. Бо ў выніку атрымліваецца мюзікл-балет, харэаграфічны мюзікл — чым не новае жанравае адгалінаванне?
Неўміручая музыка Чайкоўскага гучыць у новых “адзеннях” адметнай аранжыроўкі — у тым ліку вакальнай, эстраднай, джазавай, штораз з новымі тэмбравымі гучаннямі. Елачкі сцэнаграфіі Юрыя Барысевіча паварочваюцца з і пераўтвараюцца ў цукеркі з розным начыннем. Колькасць і разнастайнасць сцэнічных строяў — папраўдзе неверагодная. Невыпадкова над імі працавалі адразу пяцёра мастакоў: Ірына Румас, Алена Пашкевіч, Антон Ярошчык, Алена Смірнова, Марына Парфяновіч. У харэаграфіі — вельмі гарманічная, у поўным сэнсе слова талерантная сумесь балетнай класікі і неакласікі, уключаючы праславутыя пуанты, з эстраднымі “свавольствамі”, элементамі народнага, характарнага танцаў, пантамімы, нават балета на лёдзе. Бо тая ж фея Месяцавага святла, падобная да Мяцеліцы, раз’язджае па сцэне на роліках з падсветкай. Свецяцца і шарыкі-зоркі на яе касцюме з доўгімі крыламі-накідкай. Выкарыстоўваюцца лялькі — папугай, мышаня. Увесь гэты сінтэз зноў-такі пададзены не знарочыста, а вельмі натуральна, па-еўрапейску, бы штосьці цалкам зразумелае — з асаблівай тактоўнасцю, нават у моманты мяккай іроніі.
Знаўцы харэаграфіі ацэняць некалькі пластычных разыначак, што надаюць відовішчу яшчэ большую прыцягальнасць. Дый для артыстаў Ансамбля танца гэта своеасаблівы эксперымент. І ён цалкам атрымаўся!