10 снежня былі падведзеныя вынікі Міжнароднага конкурсу піяністаў “Мінск-2021”. А ў Міжнародным дзіцячым конкурсе “Музыка надзеі”, што праходзіў у Гомелі, удзельнічалі дзевяноста восем юных музыкантаў, лаўрэаты былі названыя таксама 10 снежня. Уладальніцай Гран-пры стала вучаніца Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Сафія Крат (габой). Таксама падведзеныя вынікі агульнарэспубліканскага конкурсу рэалізаваных праектаў патрыятычнай тэматыкі, неўзабаве мае адбыцца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
15 снежня ў рамках Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў сталічным Маладзёжным тэатры эстрады прайшла навагодняя праграма з прэм’ерным паказам інтэрактыўнай казкі “Чароўнае слова”. На прадстаўленне былі запрошаныя вучні ўстаноў адукацыі сферы культуры з усіх рэгіёнаў краіны і дзеці супрацоўнікаў устаноў культуры. Гледачамі прадстаўлення сталі таксама дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, пераможцы конкурсаў і алімпіяд гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Маленькім гасцям свята былі ўручаныя падарункі ад Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.