Майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Фунт, якая валодае добрымі ведамі і вялікімі ўменнямі ў гэтай галіне, праводзіць майстар-класы па тэхналогіях апрацоўкі і пляценні з саломкі. Творчую дзейнасць пачала ў 2011 годзе ў доме рамёстваў. Самастойна займалася вывучэннем літаратуры па саломапляценні, спрабавала розныя тэхнікі і паступова ўдасканальвала свае навыкі.
Майстар у сваіх работах выкарыстоўвае такія віды і спосабы пляцення, як прамое, “зубатка”, з чатырох саломін, вітое, пляценне з цотнай і няцотнай колькасці саломін. Пры вырабе саламяных скульптур, птушак, жывёл, лялек выкарыстоўваецца пучкавое пляценне. Ірына займаецца стварэннем дэкаратыўных пано, кветак, ваз, саламяных скульптур, капелюшоў, вяночкаў, абручыкаў і іншых мастацкіх вырабаў. Саламяны сувенір лічыцца вельмі папулярным і найбольш даступным .
У 2016 годзе яна ўзнагароджана дыпломам 2-й ступені на абласной выстаўцы-конкурсе саломапляцення “Саламяны цуд” у намінацыі “лепшы сувенір з саломкі”, у 2017 годзе за ўдзел у рэгіянальным свяце-кірмашы ўзнагароджана дыпломам 2-й ступені ў намінацыі “лепшы велікодны кошык” у рамках рэгіянальнага свята-кірмашы “Гродзенскія традыцыі” да свята Вялікадня.
А летась за ўдзел у абласной выстаўцы-конкурсе “Велікодны падарунак” узнагароджана дыпломам 1-й ступені ў намінацыі “лепшы велікодны кошык”.
Ірына Іванаўна — актыўны ўдзельнік абласных, раённых конкурсаў і выстаў. Свае навыкі і ўменні перадае праз індывідуальныя і групавыя майстар-класы па саломапляценні.
Аксана ВАСІЛЬКА, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці