На маю думку, пэўны стыль ці напрамак можна лічыць трывала замацаваным у мастацтве, толькі калі ён распаўсюджваецца на энерга- і матэрыялаёмістыя, тэхналагічна складаныя рамёствы. На скульптуру, у прыватнасці. Праца з каменем ці металам патрабуе дысцыпліны і арганізаванасці. Выправіць памылку ў бронзе — гэта зусім не тое, што гумкай штрых сцерці ці мастыхінам фарбавы слой зняць. Асаблівасць творча-вытворчага працэсу ў скульптуры прымушае аўтара дзейнічаць абачліва, асэнсавана, працаваць на прагназуемы вынік. Скульптура па вызначэнні не можа быць “чыстай творчасцю”. Між тым графік ці жывапісец калі-нікалі можа дазволіць сабе такую раскошу.
Гэты доўгі ўступ для таго, каб давесці: калі нешта здзейснена ў так званых “вечных матэрыялах”, значыць, творчая супольнасць і глядацкая грамада даспела да ўсведамлення каштоўнасці ідэі, якая яшчэ нядаўна лічылася спрэчнай.
Менавіта гэта я пабачыў на выставе скульптуры і графікі “Designatum” у галерэі Міхаіла Савіцкага. Тут экспануюцца творы Андрэя Басалыгі, Максіма Петруля, Аляксандра Шапо, Дзяніса Кандрацьева, Аляксандра Сакалова, Кірыла Крахалёва, Паўла Куніцкага, Марыны Баранчык-Красоўскай. Адбываецца выстава ў рамках Трыенале канцэптуальнага мастацтва. Дамінуе ў экспазіцыі скульптура, а графічныя творы ў кантэксце выставы пры ўсёй іхняй эстэтычнай самадастатковасці ўспрымаюцца як пошукі вобразаў, што ў перспектыве мусіць рэалізавацца ў пластыцы. Інакш кажучы, як стадыя працы, што папярэднічае рабоце ў матэрыяле.
Удзельнікі выставы — асобы ў прафесійным асяродку вядомыя тым, што могуць аднолькава паспяхова працаваць як у фігуратыўным мастацтве, так і з абстрактнай/абстрагаванай формай, але перавагу аддаюць апошняму. Аўтары прадстаўлены асобнымі работамі і серыямі. Графічная серыя — гэта звыкла, а вось для скульптуры, на маю думку, не зусім натуральна. Можа, я і кансерватар, але мне больш даспадобы, калі ў пластыцы ідэя выяўлена не праз шэраг нюансаў, занатаваных у шэрагу аб’ектаў, а сканцэнтравана ў адной выяве, але даведзенай, як кажуць, да звону. У адной выяве, але максімальна набліжанай да стану дасканаласці. Скажам, да чытача можна звярнуцца вялікай кнігай, прачытаць якую пры дэфіцыце часу яму даволі праблематычна, а можна выявіць важную думку трапным афарызмам. Апошняе будзе больш эфектыўным. Наўрад ці хто наважыцца прачытаць “Капітал” Карла Маркса, а вось ягоны ж “Маніфест Камуністычнай партыі” ведае кожны, хто атрымаў адукацыю за савецкім часам. Гэта я да прыкладу.
Многае з пабачанага мною на выставе магло б, калі перавесці аб’екты ў адпаведны памер, упрыгожыць гарадскую прастору. Не толькі ў рэгіёнах, але нават у нашай сталіцы не стае пластыкі, якая б адпавядала сучаснай архітэктуры. Магчыма, выстава як дэманстрацыя творчага патэнцыялу беларускіх скульптараў паспрыяе вырашэнню гэтай надзённай праблемы.
Сярод пабачанага асабіста я вылучаю скульптуры Паўла Куніцкага, дзе эфектна спалучана пластыка чалавечага цела і чыннікі штучнага паходжання, што нагадваюць тэхнічныя прылады. Можна доўга асэнсоўваць, што хацеў сказаць аўтар, але скульптуры ў памяць западаюць і вярэдзяць фантазію.
Яшчэ згадаю скульптуру Аляксандра Шапо — крэсла з калючым дротам. Страшнаваты вобраз, што выклікае канкрэтныя асацыяцыі з пэўнымі перыядамі нашай нацыянальнай гісторыі мінулага стагоддзя. Да гэтага твора аўтар дадае тлумачэнне: “Гэтае крэсла — метафарычны партрэт майго прадзеда Логіна, ідэйнага камуніста, рэпрэсаванага ў 1937 годзе і загінуўшага ў турме. Звыклы прадмет хатняга ўжытку на самой справе з’яўляецца прыладай катавання. Гэтае крэсла — жорсткасць, якая стала бытавой з’явай, пакуты, што ўспрымаліся як норма. І ў той жа час — гэта кантаўская “рэч у сабе”, рэальнасць...”
Цікавасць для тых, хто хацеў бы зазірнуць “за кулісы” вытворчасці, у выніку чаго з’яўляецца бронзавая скульптура, уяўляе праект Максіма Петруля “Доўгая бронза”. Гэта прадстаўленыя ў рабочай паслядоўнасці матэрыялы і субстанцыі мастацкага ліцця па тэхналогіі халоднай цвярдзеючай сумесі. У Нацыянальны мастацкі музей такое не панясеш, але дадзенай выставе пасуе.
Аляксей Сакалоў. Кампазіцыя “Элегія”, створаная ў межах міжнароднага каменнага Фестывалю скульптуры “Stone Art Festival 2021”. На думку аўтара, тут прысутнічаюць асноўныя складнікі быцця — Жыццё і Смерць, Эрас і Танатас. Пустыя вачніцы і жывыя вочы назіраюць за гэтым карагодам.
Пра ролю рытуальнай ахвяры ў ментальнай структуры соцыуму разважае сваімі творамі Кірыл Крахалёў. Кожны аб’ект цыкла можа быць самадастатковай дэкаратыўнай рэччу для сучаснага інтэр’еру, а разам гэта філасафічнае пасланне.
Андрэй Басалыга — графік. Ягоныя творы структурна і сэнсава настолькі далёкія ад таго, што рабілі творцы папярэдняга пакалення, да якога належыць і бацька мастака — наш прызнаны класік, што я не здзіўлюся, калі ў нейкі момант прасторы аркуша для спадара Андрэя стане замала. Не здзіўлюся, калі раптам пабачу ягоныя скульптуры ці іншыя пластычныя аб’екты.
Прыкладна так выглядаюць матэрыялізаваныя міражы 70-х гадоў, калі праз шчыліны ў жалезнай заслоне мы спрабавалі разгледзець, а што ж дзеецца на тым баку, дзе ўсё не так, як у нас, але абавязкова нашмат лепей. Наталіўшы інфармацыйны голад, мы пазбавіліся ілюзій і прыдбалі досвед, але не ведаем як рацыянальна яго скарыстаць. У любым выпадку выстава дэманструе нашу здольнасць засвойваць чужыя пластычныя мовы. Не забыць бы пры гэтым сваю…
Як бачыце, і праз не надта рэалістычную, давалі авангардысцкую форму можна зразумела распавесці пра хвалюючую рэчаіснасць.
Дарэчы, гэтая скульптура — аповед пра тое, у які кашмар могуць матэрыялізоўвацца ў духоўнай пустэльні прыгожыя міражы. Вельмі канцэптуальны твор, варты быць тварам беларускага канцэптуалізму.