Называецца выстава — “Дзве тысячы восемсот сямідзясяты панядзелак”. 29 лістапада сапраўды быў панядзелак — дзень, паводле меркавання мастака, нечым адметны для кожнага чалавека: то новае жыццё з яго пачынаюць, то адыходзяць ад адпачынку ў выхадныя. Да самога Андрэя Духоўнікава назва мае самае непасрэднае дачыненне. 29 лістапада ён адзначаў сваё 55-годдзе, і з гэтай нагоды падлічыў, колькі ўсяго панядзелкаў ужо было ў яго жыцці. Так і атрымалася, што гэты — 2870-ы. Сапраўды, на лістапад у планах Віцебскага мастацкага музея стаяла вялікая персанальная выстава Андрэя Духоўнікава, якая б адлюстравала і розныя бакі творчасці з рознымі яго перыядамі, на якой былі б прадстаўлены і графіка, і жывапіс, і самае рознае. Але па пэўных, як прынята казаць — тэхнічных, прычынах выстава пакуль не адбылася, і вось узнікла іншая ідэя, іншая канцэпцыя.
Хто не ведае, Арт-прастора на Талстога, 7 у Віцебску — гэта не звычайны музей, не звычайная выставачная зала. Гэта такая крэатыўная прастора ў самым цэнтры горада, якой крэатыўнасць паводле знешніх прыкмет надае адсутнасць рамонту, а па ўнутраных — талент кіраўнікоў гэтай пляцоўкі (а яна ўваходзіць у склад Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва) і куратараў выстаў. Усё, што паказваецца ў Арт-прасторы, павінна быць незвычайным і нечаканым, можа, нават і трошкі андэграўндным. І выставачны праект “Дзве тысячы восемсот сямідзясяты панядзелак” цалкам упісваецца ў канцэпцыю ўстановы.
Шырокія колы найперш ведаюць Андрэя Духоўнікава як графіка і, так бы мовіць, “апявальніка Віцебска” — на яго карцінах часта можна ўбачыць віцебскія дамы, храмы, дворыкі і многае іншае, увасобленае ў паэтычнай, фантазійнай і вельмі пазнавальнай манеры. Зразумела, што такія работы проста больш папулярныя, больш запатрабаваныя публікай. Але ў нейкі момант мастак адчуў, што гэта ўжо пачало ўспрымацца як “сувенірнае мастацтва” і што яму хочацца разбурыць падобнае стэрэатыпнае ўяўленне пра яго творчасць: вырашыў зусім адмовіцца ад рэалістычных вобразаў Віцебска. Якраз гэты новы творчы перыяд — некалькіх апошніх гадоў — і адлюстраваны ў экспазіцыі, якая змяшчае 31 работу. І тут няма малюнкаў на паперы, так звыклых раней, — толькі палотны. І змешаная тэхніка, дзе разам выкарыстоўваюцца магчымасці акварэлі, графіта, пастэлі, лакаў, тушы… Мастак эксперыментуе з тэхналогіямі, колерамі, фарбамі.
Але ўсё роўна гэта графіка і ўсё роўна гэта пазнавальны Андрэй Духоўнікаў, які вядзе дыялог са сваімі пастаяннымі персанажамі. Работы аб’яднаныя адным духам, у іх адна вобразная сістэма. І хоць мастак, калі ўдаецца яго прымусіць адказаць, прызнаецца, што на ўсіх карцінах насамрэч малюе сваю жонку, але вобразы гэтыя даволі ўмоўныя, эфемерныя. Сімвалы-фігуры ўплятаюцца ў гарадское асяроддзе, у архітэктуру, у ландшафт горада і самі становяцца яго часткай. Чалавек і горад — адно цэлае. На выставе ў Арт-прасторы на Талстога, 7 можна ўбачыць 31 момант з такім яднаннем.
Горад — адна з прыхільнасцей мастака, адна з прыкмет яго творчага почырку. Ён не малюе прыроду, вёску і нешта такое, яго стыхія — горад. А па чым яшчэ можна пазнаць работы Андрэя Духоўнікава, хоць 30-гадовай даўніны, хоць новыя — па дзіўных выцягнутых фігурах, якія нібыта і над прасторай, і ўнутры яе. Як гаворыць знакаміты віцебскі мастацтвазнаўца Таццяна Катовіч: “Андрэй — вельмі тонкі і дакладны графік, які глядзіць на свет быццам праз хрустальнае шкло. Яго адчуванне і погляды на свет, горад, дамы, вуліцы, прадметы я параўноўваю з адчуваннем Густава Майрынка, містычнага пражскага пісьменніка, аўтара “Голема”. Лірычны і трагічны Андрэй Духоўнікаў піша свой патаемны, таямнічы тэкст”.
Усё гэта можна сказаць і пра творы з новай выставы. А яны не проста развешаныя па сценах — адпаведна з творчай ідэалогіяй месца прыдуманы нейкі ход: адна лінія, карціны розных памераў, разнастайныя рознакаляровыя рамы. Трэба дадаць, што вышчарбленыя няроўныя белыя сцены становяцца часткай вобразнага шэрагу. Карціны не б’юць у вочы багаццем колераў, не шакіруюць сюжэтам, не вабяць пазнавальнасцю — творчасць “тонкага графіка” вымагае і тонкасці густу, тонкасці ўспрымання, умення цаніць і разумець падобнае эстэтычнае мастацтва.
Адным з самых важных і сімвалічных падарункаў, што на адкрыцці выставы мастаку падарылі сябры і калегі, Андрэй Духоўнікаў называе вялікае чыстае палатно для будучай карціны.