Я часта згадваю гэты фільм, калі мне даводзіцца быць рэцэнзентам дыпломных работ у творчых ВНУ ці наведваючы выставы маладых мастакоў. Бачу, якіх высілкаў патрабуе прафесійнае навучанне, а тым больш — адаптацыя ведаў і навыкаў дзеля творчай самарэалізацыі.
І гэтым разам на экспазіцыйных пляцоўках Трыенале “Канцэпт”, а таксама на выставах, якія не датычаць праграмы Трыенале, але адбываюцца ў адзін з ім час, я таксама думаў пра гэты фільм.
Найбольш цікавае на выставах, пра якія ідзе гаворка, менавіта маладое мастацтва. Асабіста для мяне само разуменне “малады мастак” не ўзроставае. Ёсць, праўда, у Саюзе мастакоў маладзёжная секцыя як першая прыступка на шляху далучанасці да творчай эліты, але сёй-той трапляе ў “дарослыя”, мінуючы “маладзёжку”. Так што ўзроставы дыяпазон у дадзеным выпадку чыннік не вызначальны. Мастацтва маладое ці сталае не праз узрост яго стваральнікаў, але паводле сваёй сутнасці.
А адносна канкрэтных асоб можна сказаць, што творца малады, пакуль ён можа генерыраваць ідэі, не баіцца навацый. Дарэчы, біялагічна маладым чалавек лічыцца недзе да сарака пяці гадоў.
У Арт-гасцёўні “Высокае места” зараз працуе выстава жывапісу і графікі “Мембрана”, удзельнікі якой, на маю думку, акурат займаюць прамежкавы стан між маладосцю і сталасцю, калі зыходзіць з творчых крытэрыяў. Я не маю мэтаю акрэсліць шэраг, які яны займаюць паводле шкалы аддаленасці ад авансцэны нашага мастацтва. Мне яны цікавыя тым, што гэта сумленныя прафесіяналы, што якасна робяць сваю справу. Інакш кажучы, людзі, якіх шмат. Але сабраныя разам у адной выставачнай прасторы чатыры звычайныя мастакі ўтвараюць даволі аб’ектыўную карціну сённяшняга стану нашага мастацтва.
Андрэй і Марына Карпянковы, Аксана Чутцава і Дзмітрый Чарамных належаць да аднаго пакалення, маюць блізкія светапогляды і эстэтычныя арыенціры. Пры гэтым кожны мае характэрны почырк, уласнае кола ўлюбёных тэм, сюжэтаў і вобразаў. Назва “Мембрана” абрана для выставы менавіта таму, што згаданыя творцы разумеюць мастацтва як бар’ер, які абараняе чалавечую псіхіку ад негатыўных уплываў і пры гэтым функцыянуе як шлюз, што забяспечвае пастаянны інфармацыйны абмен паміж асобаю і грамадою. Крыху мудрагеліста, але сапраўды менавіта так працуе мембрана, калі гаворка ідзе пра біялогію. Відаць, і душа наша мае падобную функцыю…
Прынцыповым для мастакоў у дадзеным праекце з’яўляецца адлюстраванне і трансляцыя станоўчых эмоцый. Сродкі выяўлення ў кожнага свае. Вось стылістыка Андрэя Карпянкова блізкая да негеаметрычнага абстракцыянізму, хоць у творах ягоных прачытваецца, а калі і дэкларуецца сувязь з прыроднымі формамі.
У жывапісе Марыі Карпянковай дамінуе дэкаратыўнасць з ноткамі лірычнай пачуццёвасці. Шчыра і немудрагеліста. Дарэчы, спадарыня Марыя з’яўляецца куратарам гэтай выставы. Ёй належыць распрацоўка канцэпцыі экспазіцыі.
Аксана Чутцава ўводзіць гледача ў свет міфалогіі, дзе яна адчувае сябе старажылам. У антычных ці біблійных аповедах пра ўсё сказана на стагоддзі наперад. Сёння сутнасна чалавек такі ж, якім ён быў на пачатку цывілізацыі, калі закладваліся сюжэтныя асновы класічнай міфалогіі. Гэтая акалічнасць дазваляе мастаку абмінуць рэаліі мінуўшчыны, не засяроджвацца на дакладнасці артэфактаў. Можна адразу выходзіць на знакі-сімвалы асацыятыўнага характару, што спадарыня Аксана і робіць. Мастачка па-майстэрску валодае лінейным малюнкам, але яе каляровыя кампазіцыі таксама ўражваць.
Дзмітрый Чарамных малюе колерам. Для яго фарбы і іх гарманічнае альбо свядома дысананснае спалучэнне маюць самадастатковую эстэтычную каштоўнасць. Тэма і сюжэт у кантэксце ягоных твораў часта толькі падстава для выбудовы той ці іншай колеравай экспрэсіі.
Цікавыя гэтыя мастакі сваёй схільнасцю да эксперыменту, калі-нікалі спантаннага, разнавектарнасцю пошукаў і тым, што іх творчая кар’ера яшчэ далёка не завершана. Я ўзяў да прыкладу гэтую выставу менавіта таму, што яна нічым асаблівым сярод шэрагу падобных не вылучаецца, а значыць, лепш за ўнікальныя імпрэзы адлюстроўвае наш агульны стан і магчымыя тэндэнцыі развіцця.
Дык вось характэрным, прынцыповым, што для гэтай экспазіцыі, што для ўсяго сучаснага мастацтва Беларусі, з’яўляецца адсутнасць адзінага, інтэгруючага стылю кшталту “сацрэалізму”; адзінай стылістыкі на базе фігуратыўнасці і прадметнасці, адзінага ідэалагічна выверанага тэматычнага і сюжэтнага раскладу. І яшчэ — выразная арыентацыя не на грамаду ўвогуле, а на пэўны сегмент глядацкай аўдыторыі. Каб не апошні чыннік, можна было б гаварыць пра нейкае дэжавю — падабенства сённяшняга дня да падзей стагадовай даўніны, калі былі Шагал і Малевіч, водгулле Мадэрна і ледзь заўважныя парасткі ампіру.
Сёння наша мастацтва, незалежна ад узросту творцаў, сутнасна маладое, што вынікае з яго спантаннасці, рэфлексіўнасці, шматаблічнасці і шмавектарнасці. А быць маладым, як пазначана ў пачатку нататак, прывабна, але не заўсёды лёгка. Ды і памятаць трэба: якое наша мастацтва ёсць сёння, такое наша грамадства будзе заўтра.