Народжаны не там і не тады
Да сённяшняга дня з лёгкай рукі гісторыка Аляксандра Ельскага, які быў блізкім сваяком Грушвіцкага і аўтарам яго некралога, лічылася, што кампазітар нарадзіўся ў Выганічах 29 лістапада 1828 года. Гэтая ж дата выбіта на помніку Грушвіцкага, які можна пабачыць на ракаўскіх могілках. Але ў знойдзенай намі метрыцы хросту Міхала-Андрэя-Фелікса сцвярджаецца, што нарадзіўся ён у Мінску 30 лістапада (па сённяшнім календары 12 снежня). Ахрысцілі яго 13 (25) снежня ў мінскім фарным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Чаму не Выганічы? Логіку бацькоў зразумець можна. Зіма. Ад Выганічаў да маленькага мястэчка Ракаў некалькі кіламетраў не самай лепшай дарогі. А Мінск — сталіца губерні, дзе дакладна не было недахопу ў добрых лекарах, бо гэтае дзіця — першанец у недасведчаных бацькоў. Ды яшчэ і праца Рудольфа Грушвіцкага ў судзе. Хроснымі бацькамі будучага кампазітара сталі Францішак Ксаверы Рыльскі (дзед з боку маці) і Кацярына Пішчала. Асістэнтамі на хросце сталі Рудольф і Тэкля Пішчалы (дзеці Кацярыны), Ян і Караліна Набароўскія, Вінцэнт Шалкоўскі і Элеанора Каменская. Акрамя Міхала, у Грушвіцкіх нарадзіліся яшчэ дочкі — Юзэфа Зафея (1831) і Аляксандра Кунегунда (1833) (нарадзіліся ў Выганічах і былі ахрышчаны ў Ракаве). Аб тым, што было яшчэ дзве дачкі — Аліна і Марыя, згадвае літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.
Пішчалы, Каменскія, Ратынскія, Рэйтаны і Янка Купала
Неабходна сказаць некалькі слоў пра асоб, згаданых у метрыцы. Усім нам добра знаёмае месца, адкуль вядзе свой радавод сталіца нашай краіны — Мінск. Сёння гэта вёска Гарадзішча, у некалькіх кіламетрах ад МКАД. Само старадаўняе гарадзішча з магутнымі валамі, якое стаіць на сутыку ракі Менкі і ручая Дунай, крыху ўбаку ад вёскі. Дык вось, менавіта ў валах старога Менска некалькі сот год стаяла сядзіба роду Пішчалаў. Кацярына Пішчала (з Прысецкіх) — удава Станіслава, мінскага ротмістра. Тэкля — іх дачка, была пахавана ў 1877 годзе на Кальварыйскіх могілках побач з сёстрамі (іх магілы захаваліся). Дарэчы, там жа, на Кальварыі, у маі 1812 года знайшоў апошні спачын дзед кампазітара, таксама Міхал Грушвіцкі. Больш падрабязна спынімся на асобе Рудольфа Пішчалы. У 1827 годзе ён стаў старшынёй 1-га Дэпартамента Мінскага галаўнога суда. Да таго часу ён займаў тую ж пасаду, толькі ў 2-м дэпартаменце, тым самым, дзе да 1812 года быў суддзёй згаданы дзед кампазітара Міхал Грушвіцкі (нагадаю, што яго жонка — Юлія Каменская). У 1835 годзе Рудольф Пішчала быў абраны мінскім “уездным предводителем дворянства”. Як адкрыў архівіст Зміцер Дрозд (кніга “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча”), у 1836 годзе менавіта Рудольф Пішчала фактычна вырваў з лап царскіх жандараў (узяў на парукі) будучага беларускага класіка, а тады крыміналіста Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Той апынуўся за кратамі, бо падазраваўся ў падробцы дваранскіх дакументаў. І вызваліў ён яго з вязніцы, якую сам незадоўга да таго пабудаваў (Пішчалаўскі замак, або “Валадарка”). Калі б не гэта “пішчалаўская рука дапамогі”, невядома, як бы склаўся лёс пісьменніка. Жанаты Рудольф быў двойчы. Першая жонка — Юлія Ратынская (дарэчы, другая жонка кампазітара Міхала Грушвіцкага таксама была з Ратынскіх). Але пасля шматгадовага жыцця тая так і не нарадзіла яму нашчадкаў. Таму ён развёўся і ажаніўся з Сафіяй Каменскай, дачкой мінскага віцэ-губернатара Людвіка Каменскага (яго жонка Ізабэла Фергюсон-Тэпэр была дачкой славутага варшаўскага банкіра шатландскага паходжання Пятра Фергюсона, крэдытора караля Станіслава Панятоўскага. Брат Ізабэлы Вільгельм, кампазітар і музыкант, стаў пры рускім двары капельмайстрам і выкладчыкам спеваў у Імператарскім Царскасельскім ліцэі пушкінскага часу). Праўда, і гэты шлюб аказаўся бясплодным. Таму род Пішчалаў скончыўся са смерцю Рудольфа. Дарэчы, Сафія, каб пайсці за Пішчалу, таксама развялася з першым мужам, былым вайскоўцам Дамінікам Рэйтанам (пляменнік Тадэвуша Рэйтана). Дамінік Рэйтан, пакінуты жонкай, змог вырасціць траіх дзетак годнымі людзьмі. Што да Набароўскіх... ці не тыя гэта Набароўскія, у якіх у другой палове ХІХ стагоддзя дзед Янкі Купалы Ануфрый Луцэвіч арандаваў зямлю ў фальварку Раговічы? Цікава, што пазней бацька Янкі Купалы, Дамінік, арандаваў зямлю ў Здзяхоўскіх, род якога быў у вялікім сяброўстве з Грушвіцкімі.
Віленскі шляхецкі інстытут
У 1840 (1841) годзе бацькі аддалі Міхала ў Віленскі шляхецкі інстытут, вышэйшую навучальную ўстанову ў былым ВКЛ. Паступіць туды маглі толькі дзеці лаяльных да расійскіх уладаў заможных шляхціцаў. Сярод тых, з кім Міхал вучыўся ў адзін час — былі Міхал Ельскі (вядомы ў будучым кампазітар, скрыпач), браты Каліноўскія — Юзаф (пазней “святы” каталіцкага касцёла) і Віктар (яго надмагілле і камень Адама Міцкевіча — адзінае, што засталося ад маёнтка Каліноўскіх у Студзёнках, гл. “К” № 18, 2021), Лявон Ваньковіч (муж Паўліны Манюшкі, стрыечнай сястры кампазітара Станіслава Манюшкі, гл.“К” № 28, 2020). Фартунат Святарэцкі, яшчэ адзін аднакласнік Грушвіцкага, гаспадар Маліноўшчыны, быў братам Брыгіды — жонкі Тамаша Зана. За час існавання інстытута (1834–1863) праз яго сцены прайшло каля 3637 вучняў з усіх куткоў Беларусі ды з такіх вядомых нам шляхецкіх родаў (Рэйтаны, Дамейкі, Тышкевічы, Орды, Булгакі і і інш.), што цікавых сувязей можна знайсці яшчэ нямала.
Няўдалая кар’ера чыноўніка
Скончыўшы ў 1848 годзе інстытут з адзнакай “выдатна ў навуках і паводзінах”, Міхал атрымаў патэнт на чын калежскага рэгістратара (XIV клас «Табеля о рангах»), які дазваляў уступіць на грамадзянскую службу. З марамі аб працягу адукацыі ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, куды траплялі некаторыя іншыя выпускнікі інстытута, з-за цяжкай хваробы давялося развітацца. Вярнуўшыся на радзіму, у лютым 1850 года Грушвіцкі змахнуў пыл з патэнта і паступіў на працу ў канцылярыю Віленскага грамадзянскага губернатара, а ўжо ў кастрычніку выйшаў загад аб наданні яму чына “коллежского регистратора со старшинством”. Узыход па кар’ерных сходах рэгістратара Грушвіцкага завершыўся хутка. У 1852 годзе цяпер ужо пісар Мінскага сумленнаснага суда Грушвіцкі амаль сем месяцаў адсутнічаў на службе. Была заведзена крымінальная справа, у ходзе якой высветлілася, што ў гэты час быў ён ў маёнтку бацькоў. А праз некалькі месяцаў, у 1853 годзе, Міхал Грушвіцкі ажаніўся са Станіславай Ельскай, дачкой Караля (скрыпача-аматара). Яе браты — Міхал Ксаверы (скрыпач, кампазітар) і Аляксандр (гісторык, фалькларыст, этнограф і актыўны прапагандыст народнай цвярозасці). Іх траюрадны дзядзька Людвік быў жанаты з Кунегундай з Манюшкаў (цётка кампазітара Станіслава), дзякуючы чаму парадніліся Грушвіцкія з Манюшкамі. Праўда, у лістах кампазітара Станіслава Манюшкі імя Міхала Грушвіцкага не згадваецца. Затое згадваецца “нейкі Ратынскі” (верагодна, блізкі сваяк Грушвіцкага), які спярша быў выхавацелем у дзяцей Манюшкаў (пляменнікаў кампазітара), а потым з нейкай прычыны пакляўся “знішчыць род Манюшкаў”(!). У шлюбе з Ельскай у Міхала нарадзіліся сыны Караль Бернард (1854–1916, пахаваны побач з бацькам у Ракаве) і Эдмунд Клеменс (1856) і дочкі Марыя і Ванда. Смерць любай жонкі ў 1860 годзе Міхал Грушвіцкі перажываў вельмі моцна. Але неабходнасць “даць дзецям маці” падштурхнула Міхала ажаніцца ў другі раз.
Паўторны шлюб
9 (21) верасня 1862 года ў Красным (блізу Маладзечна) Міхал Грушвіцкі, удавец 34 год, стаў мужам Леакадзіі Ратынскай, 24 год, дачкі Эдварда Ратынскага і Міхаліны Калантай.
Ратынскія гербу “Крыўда” — стары беларускі род — з 17 ст. валодалі блізкімі да Выганічаў Перажырамі. У шлюбе з Ратынскай нарадзілася яшчэ двое дзетак — Багдан Габрыэль (1870) і Сідалія (1876).
Амаль да самай смерці (Ракаў, 5 (17) сакавіка 1904 года) жыў Міхал Грушвіцкі ў Выганічах, вёў разам з жонкай сціплае вясковае жыццё, поўнае гаспадарчага клопату. Жонка Міхала памерла не ў 1912 годзе, як часам пішуць, а 12 (24 сакавіка) 1909 года, маючы 74 гады. Захаваўся яе праніклівы некралог, напісаны сябрам сям’і Аляксандрам Ельскім. Але магіла яе на ракаўскіх могілках згубілася. Дарэчы, могілкі патрабуюць талакі, бо самая старая частка, якая пэўна захоўвае не адну гістарычную таямніцу, патанае ў хмызовым гушчары.
Творчая спадчына Грушвіцкага
Смерць першай жонкі прымушала Грушвіцкага змагацца са страшным смуткам. І менавіта на гэты час, як пісаў літаратуразнаўца, філосаф і рэктар Віленскага ўніверсітэта Мар’ян Здзяхоўскі (Здзяхоўскія валодалі Ракавам і былі ў сяброўскіх адносінах з Грушвіцкімі), прыпалі спробы Грушвіцкага спалучыць музыку і паэзію. Так на свет з’явіліся IV частка “Дзядоў” Адама Міцкевіча, “Каспер Карлінскі” і “Лірнік вясковы” Уладзіслава Сыракомлі, “Званы для Глухіх” Габрыэлі Пузыні і розныя дробныя творы Дэатымы (Ядзвігі Лушчэўскай, паэткі і навелісткі, гаспадыні літаратурнага салона ў Варшаве), Марыі Канапніцкай (паэтка, вельмі вядомая пісьменніца, сяброўка не менш вядомай пісьменніцы Элізы Арэшкі), а таксама іншых паэтаў, аздобленыя музыкай Грушвіцкага. Магчыма, былі нейкія творы і на вершы паэта Цыпрыяна Норвіда. Далёка не ўсё, што Грушвіцкім было створана ў гэтым кірунку, выйшла з друку. А вось верш “Малітва” паэта Міхаіла Лермантава з музыкай Грушвіцкага, падобна, быў надрукаваны ў Мінску. Толькі не знойдзены яшчэ. Творы, якія выйшлі з друку, як правіла, мелі прысвячэнне пэўнай асобе з сяброўскага кола. Напрыклад, сярод адшуканых музыказнаўцай Святленай Немагай твораў Грушвіцкага для фартэпіяна ёсць “Паланэз” і “Мазурка” для Юліі Расахацкай, “Маня-полька” для дачкі Марылі, “Эмілія-полька” для Эміліі Гнаінскай, “Салонная мазурка” для старога сябры і швагра Міхала Ельскага, “Чатыры арыгінальныя мазуркі” для Сідаліі Свіды, Эдмунда Здзяхоўскага, Луізы Савіцкай, Цэліны Гнаінскай, “Запрашэнне да вальса” Міхалу Брастоўскаму, а таксама “Вальс-заклад” і “Паланэз на шлюбную ўрачыстаць” і песня “Ты” на верш невядомага паэта. На сёння знойдзена 12 твораў кампазітара, якія ў 1873 і 1879 гадах друкаваліся ў Мінску, Санкт-Пецярбургу і Варшаве.
Эпілог
Завершым мы наша апавяданне словамі музыказнаўцы Святлены Немагай: “Жыццёвы шлях і творчую спадчыну Міхала Грушвіцкага вобразна можна назваць апошнімі промнямі ліцьвінскай музычнай культуры, якія на схіле рамантычнай эпохі адзін за адным паволі згасалі. Але, патухаючы, азаралі небасхіл нашага музычнага мастацтва ясным, глыбокім і духоўна багатым святлом. Гэтае ж святло выпраменьвае музыка Станіслава Манюшкі, Фларыяна Міладоўскага, Напалеона Орды, Каэтана Крашэўскага, Міхала Ельскага. Творы Міхала Грушвіцкага, што адчыняюць яшчэ адну яркую старонку музычнага мінулага Беларусі, знаходзяць выразныя паралелі з сачыненнямі гэтых кампазітараў даўняга Вялікага Княства”.