Старое і новае
Але ж не сакрэт, што культработнікі — людзі творчыя, здольныя да перабудовы свайго мыслення, адкрытыя да новага і актуальнага. Так што сённяшняя сітуацыя ў многіх музейных установах Беларусі прымусіла музейшчыкаў шукаць іншыя шляхі для заваблівання наведвальнікаў — прычым як рэальных, так і віртуальных.
Напрыклад, у Старадарожскім гісторыка-этнаграфічным музеі даўно асвоілі правядзенне віртуальных выстаў.
— Да таго ж мы цяпер ладзім акцыю, падчас якой паказваем нашым наведвальнікам які-небудзь экспанат, расказваем пра яго гісторыю, пра тое, як ён трапіў да нас у запаснікі, — кажа дырэктар музейнай установы Наталля Бацылева.
Ва ўстанове здымаюцца відэаролікі, якія потым выкладаюцца ў інтэрнэце і выклікаюць сапраўдную цікавасць у многіх гледачоў. Напрыклад, напярэдадні Новага, 2021 года музейшчыкі знялі ролік-агляд пра навагоднія цацкі 1980–1990-х гадоў, што знаходзяцца цяпер у музейных фондах.
Але музейшчыкі не забываюць і пра рэальных наведвальнікаў. Для іх ладзяцца экскурсіі, выставы, у тым ліку і выязныя, навукова-практычныя семінары, адметныя праекты. Дарэчы, адзін з такіх праектаў быў прадэманстраваны падчас акцыі “Ноч музеяў”, калі музейшчыкі бралі старыя фотаздымкі і аднаўлялі іх у сучасным антуражы. А яшчэ нядаўна тут ладзілі акцыю да Дня маці: сямейнае наведванне музейнай установы з 11 па 16 кастрычніка каштавала на 50 працэнтаў меней, чым у звычайныя дні.
Па словах Наталлі Бацылевай, у музеі — масачны рэжым, супрацоўнікі і наведвальнікі маюць магчымасць карыстацца антысептыкамі, а падчас экскурсій усіх гасцей папярэджваюць пра захаванне сацыяльнай дыстанцыі.
Цікавасць да артэфактаў
У Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі таксама актыўна працуюць як з рэальным, так і з віртуальным наведвальнікам.
Скажам, тут рэалізуецца віртуальны праект “Музейны артэфакт”, падчас якога ўсе ахвотныя могуць пабачыць рэдкія адметныя экспанаты, якія не дэманструюцца ў асноўнай экспазіцыі ўстановы.
— Гэты праект стартаваў у нас яшчэ ў лістападзе 2020 года, — кажа дырэктар установы Таццяна Леванюк. — Справа ў тым, што ў нас, у фондавай калекцыі музея, знаходзіцца больш за 21 тысячу прадметаў. У адкрытым доступе далёка не ўсе з іх, натуральна, былі прадэманстраваны нашым наведвальнікам. Таму магчымасць у рамках віртуальнай прэзентацыі пазнаёміць аматараў гісторыі з гэтымі цікавымі прадметамі — адна з галоўных задач праекта. У 2021 годзе праект працягваецца і з перыядычнасцю некалькі разоў у месяц, у форме віртуальнага знаёмства, падпісчыкі і госці старонак музея ў сацыяльных сетках могуць даведацца больш пра гісторыю з’яўлення таго ці іншага музейнага прадмета ў нашых калекцыях.
На відэахостынгу YouTube музейшчыкі выкладваюць відэаролікі пра музейную дзейнасць. А яшчэ тут актыўна ладзяць віртуальныя выставы, не забываючыся, натуральна, і на традыцыйныя. Так, у філіяле музея “Галерэя мастацтваў” 17 верасня да Дня народнага адзінства адкрылася часовая экспазіцыя “Канцлагер Бяроза-Картузская 1934—1939 гг.”. Выстава размясцілася ў будынку чырвоных казармаў, дзе ў 1934—1939 гадах знаходзіўся польскі канцэнтрацыйны лагер Бяроза-Картузская. У рэканструяваных камерах вязняў, адзіночнай камеры і ў часовай экспазіцыі экспанаваліся фондавыя матэрыялы па гісторыі канцлагера — сапраўдныя фатаграфіі будынка і палітзняволеных, дакументы, транспаранты і ўлёткі КПЗБ, успаміны і асабістыя рэчы вязняў, узятыя з архіваў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Цікава, што віртуальныя наведвальнікі складаюць значную колькасць гасцей музейнай установы. Як адзначыла Таццяна Леванюк, у 2020 годзе да іх завітала 9 тысяч рэальных і 18 тысяч віртуальных наведвальнікаў, а сёлета — 18 тысяч рэальных і 17 тысяч віртуальных гасцей. Праўда, на жаль, у агульнай музейнай статыстыцы віртуальныя наведвальнікі чамусьці не ўлічваюцца. Хаця, скажам, бібліятэкары вядуць улік гасцей, якія завітваюць у іх установы ў рэжыме анлайн. “Чаму б не зрабіць падобнага і для музеяў?” — задала мне цалкам слушнае пытанне Таццяна Леванюк напрыканцы нашай размовы.
Думка пра тое, што неабходнасць уліку віртуальных наведвальнікаў для музеяў Беларусі не прыхамаць, а сапраўдная патрэба часу, узнікла ў мяне і пасля тэлефанавання ў Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Дырэктар установы Максім Лукша адзначыў, што рэальных наведвальнікаў у музеі падчас пандэміі значна меней, чым раней, ды і вялікія групы турыстаў у музеі — рэдкасць. А вось віртуальныя госці і на тэлеграм-канал музея, і на музейны сайт завітваюць пастаянна. Так што музейшчыкам Свіслацкага музея таксама не зашкодзіла б, каб віртуальных наведвальнікаў установы ўлічвалі ў статыстыцы таксама, як і рэальных.
Дарэчы, ва ўстанове працуюць у масках, з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, а маштабныя мерапрыемствы ладзяцца ў цёплае надвор’е ў фармаце open-air. І, як адзначыў напрыканцы гутаркі Максім Лукша, налета яны плануюць набыць для музея рэцыркулятар паветра — прыладу, прызначаную для абеззаражання паветра ультрафіялетавымі промнямі.
Віртуальнае і рэальнае — разам
Перанясёмся на Магілёўшчыну. Дырэктар Краснапольскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Лідзія Пшанічнікава расказала “К” пра праект “Ступені памяці”, які зладзілі музейшчыкі.
— З 2020 года ў нашым музеі пачала дзейнічаць экспазіцыя “Ступені памяці”, прысвечаная памяці тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла Лідзія Пшанічнікава. — А гэта сорак нашых герояў-землякоў, лёс якіх раней быў невядомы і пра якіх змаглі адшукаць звесткі нашы музейныя супрацоўнікі.
Музейшчыкі Краснаполля шчыльна супрацоўнічаюць з рэгіянальнымі музеямі як Магілёўскай вобласці, так і іншых абласцей Беларусі. А правядзенню разнастайнай выставачнай дзейнасці садзейнічае наяўнасць асобнай музейнай залы, у якой экспануюцца калекцыі з уласных фондаў музея, з фондаў Магілёўскага мастацкага музея імя Паўла Масленікава, творы з прыватных калекцый заслужаных мастакоў краін СНД, праходзяць камерцыйныя выставы. Як кажа дырэктар установы, падобная дзейнасць будзе працягвацца і надалей, бо, як вядома, план па выкананні платных паслуг ніхто не адмяняў.
Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, што на Віцебшчыне, таксама не стаіць убаку ад агульнай музейнай тэндэнцыі — большай прысутнасці і заўважнасці ў віртуальных сетках. Тут, як і ў іншых музейных установах, здымаюць і выкладваюць у інтэрнэт ролікі пра цікавыя музейныя прадметы, прапануюць наведвальнікам віртуальныя падарожжы па Глыбоччыне і віртуальныя экскурсіі.
— Таксама падчас сёлетняга “Вішнёвага фестывалю” мы зладзілі для моладзі Глыбоччыны інтэлектуальна-прыгодніцкі гарадскі квэст, — расказала дырэктар установы Алена Мядзелец. — Гэты год не стаў выключэннем. На старт выйшлі 12 каманд, якім трэба было адказаць на дзевяць пытанняў і знайсці, здавалася б, знаёмыя аб’екты роднага горада. Заданні даваліся праз Viber.
Дарэчы, як адзначыла Алена Мядзелец, сёлета наведванне ва ўстанове не зменшылася, таму што ў філіяле музея — культурна-дэндралагічным комплексе ў вёсцы Мосар — назіраецца значная колькасць індывідуальных наведвальнікаў. Натуральна, большая іх частка завітвае ў гэтую знакамітую мясціну Глыбоччыны ў цёплае надвор’е.
Не заўважаюць змяншэння колькасці наведвальнікаў і ў Тураўскім краязнаўчым музеі, што ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Дырэктар установы Дзмітрый Апановіч адзначыў “К”, што ў параўнанні з мінулым годам дынаміка наведвальнасці нават палепшала. Так, за мінулы год тут было каля 8 тысяч наведвальнікаў, а за 10 месяцаў 2021 года — ужо 14 тысяч гасцей.
— Лічу, што гэта звязана ў першую чаргу з тым, што айчынныя турысты пераарыентаваліся на ўнутраны рынак, — кажа Дзмітрый Апановіч. — Многія беларусы пачалі цікавіцца роднай гісторыяй, помнікамі архітэктуры, цікавымі мясцінамі Беларусі. Да таго ж, як вынікае з размоў з турыстамі, шмат хто з іх — па маіх уражаннях, 70-80 працэнтаў з кожнай турыстычнай групы, — ужо вакцынаваліся і не баяцца падарожнічаць. Да таго ж мы сочым за выкананнем сацыяльнай дыстанцыі, пасля кожнага наведвання робім дэзынфекцыю памяшканняў.
Што ж, будзем спадзявацца, што вакцынацыя супраць каранавіруса, якая цяпер працягваецца ў Беларусі і ў іншых краінах свету, у хуткім часе паспрыяе таму, каб мы забыліся і на Covid19, і на яго наступствы, а ва ўсе музейныя — ды і не толькі, зрэшты, музейныя! — установы Беларусі завітвала як мага больш рэальных наведвальнікаў як з Беларусі, так і з розных краін свету.