Міністр звярнуў увагу на актуальную сітуацыю са знаходжаннем на прыгранічнай тэрыторыі Гродзенскай вобласці значнай колькасці мігрантаў, сярод якіх у тым ліку і малыя дзеці. Анатолій Маркевіч выступіў з прапановай правесці для іх паказы мультыплікацыйных фільмаў беларускай вытворчасці.
У чарговы раз была падкрэслена неабходнасць актывізаваць захады па вакцынацыі насельніцтва і канкрэтна супрацоўнікаў сферы культуры ды навучэнцаў і выкладчыкаў навучальных устаноў. Міністр звярнуў увагу, што на лячэнне тых, хто пацярпеў ад хваробы, ужо затрачаная значная сума, чаго можна было б пазбегнуць, своечасова вакцынаваўшыся.
У рамках правядзення Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” у сталіцы адбыліся дваццаць два кінасеансы, у якіх прынялі ўдзел дзве з паловай тысячы гледачоў. Завяршыўся фестываль дзіцячага і юнацкага кіно “Лістападзік”, у рамках “Лістапада” таксама адбыўся шэраг круглых сталоў. Паміж кінематаграфістамі Беларусі і Узбекістана ды Таджыкістана заключаны дагаворы і дамоўленасці аб сумеснай вытворчасці па канкрэтных праектах.
Складзены каштарыс на стварэнне экспазіцыі ў памяшканнях колішняй турмы канцлагера ў Бярозе Брэсцкай вобласці, які дзейнічаў у 1934-1939 гадах, работы па іх музеефікацыі працягнуцца ў наступным годзе. Таксама распачынаецца выпрацоўка канцэпцыі мемарыялізацыі з музеефікацыяй месца масавых пахаванняў ахвяр нацызму на Броннай Гары ў Бярозаўскім раёне.
На сярэдзіну снежня ў Мінску запланаванае ўрачыстае адкрыццё першага і чацвёртага пускавога комплексаў Нацыянальнага мастацкага музея, да гэтага моманту мусяць быць абсталяваныя ўсе памяшканні новых карпусоў музея.