Віктар Уладзіміравіч Роўда духоўную музыку зрабіў здабыткам свецкай публікі, агучыў і запісаў на радыё ўвесь песенны фальклор, які сабраў Рыгор Шырма (больш за дзве тысячы песень!). У рэпертуары хору былі араторыі, кантаты, лірычныя і жартоўныя песні, з элементамі джазу, творы беларускіх, рускіх і замежных аўтараў. Віктар Роўда стаў складальнікам харавых зборнікаў, аўтарам хрэстаматый па дырыжыраванні, па якіх будзе вучыцца не адно пакаленне студэнтаў акадэміі музыкі.
У жніўні 1990 года за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору Беларускага тэлебачання і радыё прысвоена ганаровае званне “Акадэмічны”, а ў верасні гэтага ж года Віктар Роўда быў удастоены звання “Народны артыст СССР”. На яго рахунку — ордэн Францыска Скарыны, прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Ён поўны кавалер ордэна Святога князя Данііла Маскоўскага. Імя Віктара Роўды ўнесена ва ўсе найбуйнейшыя музычныя энцыклапедыі.
Чытаю ўспаміны сваячкі Ірыны Баранавай: “Яго жыццё — гэта карпатлівая праца. Не памятаю, каб ён заставаўся дома на ўвесь дзень. Выходныя не любіў у прынцыпе. Выкарыстоўваў любую магчымасць, каб папрацаваць — на радыё, у кансерваторыі… Часам, праўда, мог паехаць на лецішча — адвозіў туды жонку. Але больш за дзве гадзіны там не вытрымліваў…
Кожныя суботу і нядзелю ён хадзіў на службу ў царкву і па магчымасці ўдзельнічаў у жыцці парафіі. У Петрапаўлаўскую царкву ахвяраваў крыж на іканастас, а калі ў Смаргоні аднаўлялі царкву, у якой служыў яго бацька, падарыў грошы на звон... Але гэта не дэманстравалася. Рабіць што-небудзь напаказ яму наогул не ўласціва”.
Смаргонь у яго сэрцы
“Ён увесь час падтрымліваў са смаргонцамі цесныя сувязі, — кажа Соф’я Лазар, былая загадчыца аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама. — Дапамагаў нам, асабліва на пачатку станаўлення ансамбля песні і танца імя Агінскага, у 1960-я гады. Яму прысвоілі званне “Ганаровы грамадзянін Смаргоні” і заўсёды запрашалі на знакавыя мерапрыемствы горада. Віктар Уладзіміравіч стараўся ўдзельнічаць у іх. А яшчэ ён моцна сябраваў з Валянцінай Булавай, якая жыла на вуліцы Кірава”.
Інфармацыю пра сяброўства пацвердзіла Алена Булава, дачка Валянціны Іванаўны: “Маміны бацькі былі добра знаёмы з айцом Уладзімірам, татам Віктара Роўды. Маленькім хлопчыкам прыходзіў Валодзя з бацькамі да нас у госці. Ён быў меншы за маму на тры гады. Іх дружба расцягнулася на ўсё жыццё. Віктар Уладзіміравіч пасталеў, ажаніўся, стаў вядомым чалавекам, але не забываў нас, прыязджаў у госці, калі — адзін, калі — разам з жонкай і пляменнікам. Мая мама была выдатнай кухаркай, і Роўда цаніў гэты талент. Асабліва любіў цэпеліны і фаршыраваную рыбу, да яго прыезду мама гэтыя стравы заўсёды гатавала. Дарэчы, да вайны ў нашым доме выпякалі смаргонскія абаранкі, якія вазілі на продаж у Вільню, Ашмяны і ў іншыя месцы. Гэта быў сямейны бізнес. Маленькі Віця таксама ласаваўся смаргонскімі абаранкамі”.
Алена Булава па адукацыі — харавы дырыжор. Можна сказаць, што першы іспыт, каб патрапіць у чароўны свет музыкі, яна здавала менавіта Віктару Роўду. “Віктар Уладзіміравіч аднойчы прапанаваў праверыць мой слых. Я яму праспявала песеньку, адбіла пэўны рытм — ён быў задаволены мной. Неўзабаве пасля гэтага я пайшла самастойна, нават маме не сказала, запісалася ў музычную школу. Было мне на той час гадоў восем”.
Скончыўшы музычную школу, Алена паступіла ў Маладзечанскае музвучылішча, а пасля — ва ўніверсітэт культуры. “Падчас вучобы ў музвучылішчы мы часта ездзілі на канцэрты хору, якім кіраваў Віктар Роўда. А яго вучань, наш педагог Анатоль Шунтаў, вёў у нас у вучылішчы хор. На першых парах мяне здзіўляла, як Анатоль Феліксавіч падобна да Віктара Уладзіміравіча трымае сябе і нават дырыжыруе гэтак жа. Такі ж скупы і выразны жэст. Адчувалася, што настаўнік для вучня быў аўтарытэтам”.
Сярод шматлікіх вучняў Роўды і Валянціна Рэут з Ашмян, якая вучылася ў кансерваторыі з 1964 па 1969 гады. “Прафесар Роўда прымаў у нас у Маладзечанскім музвучылішчы дзяржаўныя экзамены. Пасля вучылішча чацвёра навучэнцаў установы паступілі ў кансерваторыю, а ўсіх на курсе, на кафедры харавога дырыжыравання, нас было восем, — расказвае Валянціна Фёдараўна. — Кожны год Віктар Уладзіміравіч да сябе ў клас браў аднаго вучня. На нашым курсе адзіным вучнем аказалася я. Мая першая рэакцыя — спалохалася. Калі першы раз ішла да яго ў клас, моцна баялася. Але страх тут жа прайшоў, бо я апынулася ў цудоўнай, душэўнай атмасферы. Неўзабаве зразумела, як мне пашанцавала. Галоўная рыса Віктара Роўды — патрабавальнасць. Да студэнтаў і найперш — да сябе. І гэта давала добрыя вынікі. Дрэнна вучыцца было немагчыма. Трэба было выкладацца на “ўсе сто” і нават больш. Пазней, каму б я не сказала, што скончыла клас Роўды (у музычных колах яго ведаў увесь Савецкі Саюз), да мяне адразу — асаблівыя адносіны. Але і тут слабінцы не было месца. Трэба было трымаць марку, бо ты — вучаніца самога Роўды!Сваіх студэнтаў Віктар Уладзіміравіч любіў бясконца. Яны давалі яму стымул да жыцця. Нават калі ляжаў у бальніцы, быў на валаску ад смерці, ён складаў праграмы для студэнтаў, будаваў планы. З Віктарам Уладзіміравічам у нас былі цесныя ўнутраныя сувязі, ён стаў для мяне другім бацькам. Яго смерць я перажыла вельмі цяжка”.
Віктар Роўда не забываў пра Смаргонь — месца, якое яго ўзгадавала. І Смаргонь дагэтуль памятае свайго сына. Адна з вуліц горада носіць яго імя. У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца бюст маэстра — работа Уладзіміра Церабуна, а таксама асабістыя рэчы музыкі — сцэнічны касцюм, партфель, скрыпка, ноты, фотаздымкі і некаторыя ўзнагароды, якія перадала сюды ўдава Віктара Роўды.
У адным з апошніх інтэрв’ю на пытанне: “Якое месца на зямлі для вас наймілейшае?” — Віктар Уладзіміравіч адказаў: “Мая родная Смаргонь. Мяне туды цягне, як ручаёк да ракі. На месцы той царкоўкі, дзе мяне хрысцілі, хутка пабудуюць храм”.
У лістападзе 2007 года маэстра пакінуў гэты свет, а ў верасні 2009-га Спаса-Праабражэнскі храм у Смаргоні адкрыўся для вернікаў.
Галіна АНТОНАВА, Смаргонь.
Фота аўтара і з архіва Алены БУЛАВАЙ.